Аб гэтым паведаміў у Facebook пісьменнік Міхась Скобла.

– Пакінуў гэты свет Анатоль Клышка, па чыім Буквары вучыліся мільёны беларусаў. Той Буквар (найвыдатнейшы!) стаў ці не самай тыражнай беларускай кнігай. У пару майго школьніцтва яго разавы наклад даходзіў да 150.000 асобнікаў. 37 гадоў прайшло-прамільгнула, а я і сёння помню і ўсе малюнкі буквароўскія, і ўсе тэксты. «Хвошча, хвошча дождж, воўк схаваўся ў хвошч. Хвост пад хвашчом, а сам пад дажджом», – напісаў Скобла. – Дабрадушны, заўсёды жыццярадасны, па-маладому цікаўны да ўсяго на свеце спадар Анатоль і на дзявятым дзясятку не сядзеў склаўшы рукі.

То дасканаліў свой легендарны Буквар (выходзілі новыя перавыданні, іх было больш за 40), то перакладаў з арыгінала Марцыяла (асобным зборнікам выйшаў пару гадоў таму), то даследаваў жыццёвы і творчы шлях свайго ўлюбёнца Валянціна Таўлая (для серыі «Беларускі кнігазбор»).

16 красавіка Анатолю Канстанцінавічу споўнілася б 86… Светлая памяць рупліваму творцу і вялікаму Настаўніку.

Поделиться ссылкой: