Дзмітрый Гара. Фота: БЕЛТА

Прачытаў навіну пра паход праваабаронцы Алеся Бяляцкага ў Следчы камітэт. Выклікалі яго туды на допыт, як выклікаюць штодзень дзясяткі і сотні чалавек па ўсёй краіне. Не пазайздросціш следчым – працы ў іх апошнім часам хоць адбаўляй. Яны, праўда, спраўляюцца і разам з пракуратурай і судамі напакоўваюць турмы пад завязку – усе асуджаныя скардзяцца на перапоўненыя камеры.

Следча-судовая машына спраўна круцілася і раптам – дала збой. І прыпыніў адзін з яе канвеераў той самы Алесь Бяляцкі. У Следчым камітэце ён запатрабаваў, каб допыт і пратакол вяліся на беларускай мове. І канвеер, скрыгатнуўшы, спыніўся. Аказалася, што той, хто павінен быў весці допыт, не валодае беларускай мовай. Не суахілі, не якой-небудзь гвінейска-бісаўскай, а дзяржаўнай, тытульнай для Рэспублікі Беларусь!

Магчыма, у вачах следчай М.В.Конанавай (так значылася на позве) грамадзянін Алесь Бяляцкі вырашыў проста павыдурняцца. Як жа так: чалавек скончыў філфак універсітэта і не разумее рускай мовы? А вось не разумее, забыў, пахаваў у памяці і каменем прываліў. Уся справа якраз у тым, што дзейнае заканадаўства дазваляе грамадзяніну Бяляцкаму не ведаць рускую мову. Але тое самае заканадаўства не абавязвае дзяржслужачую Конанаву ведаць абедзве дзяржаўныя мовы. Што, вядома ж, не стварае юрыдычнай пасткі, можна ўрэшце дапытаць і з дапамогай перакладчыка. Але стварае прэцэдэнт – ганебны для Следчага камітэта.

Бо і праўда, пасмешышча дый годзе: беларускія следчыя не валодаюць беларускай мовай! Дзе, у якой краіне такое магчыма? Хіба можна дапусціць, што ў нейкай прэфектуры Парыжа службовец у пагонах не ведаў бы французскай? Ды яго да той прэфектуры на гарматны стрэл не падпусцілі б! Адправілі б давучвацца ў пачатковую школу. Бо няведанне дзяржаўнай мовы дзяржслужбоўцам – гэта проста прафнепрыгоднасць, якая крычма крычыць. Крычыць крычма!

Ці чуе гэты крык нядаўна прызначаны на пасаду кіраўніка Следчага камітэта генерал-маёр юстыцыі Дзмітрый Гара? Падазраю, што і ён (народжаны ў Тбілісі, вучыўся ў Маскве) не валодае дзяржаўнай беларускай мовай. Калі гэта так, то хай спыняе ўсе допыты, шыхтуе свой камітэт і вядзе калонай у Таварыства беларускай мовы на паклон да Алены Анісім. Каб арганізавала для яго работнікаў паскораныя моўныя курсы. Бо – прафнепрыгодныя ж! Нягледзячы на маёрскія, палкоўніцкія і генеральскія пагоны на плячах.

Чым большыя пагоны, тым большая ўлада, тым большыя фанабэрыя і лянота. Маўляў, я і без беларускай мовы да лампасаў на штанах даслужыўся, навошта яна мне цяпер? Ці не лепш замест моўнага “всеобуча” для падначаленых правесці папраўкі ў закон праз Палату прадстаўнікоў? Заручыўшыся, вядома ж, падтрымкай начальніка, на чыіх пагонах гербы велічынёй з патэльню.

Што ж, танк віламі не спыніш. Дапускаю нават, што пры сённяшняй уладзе заканатворчы канвеер можа закруціцца і ў такім накірунку. Пара подпісаў, пара пячатак – і грамадзянін Алесь Бяляцкі, а з ім яшчэ шэсць мільёнаў грамадзян, пазбавяцца права зносіцца з праваахоўнай сістэмай на роднай ім мове.

У цяперашняй Беларусі магчыма ўсё. Але хай ведаюць усе, хто прыкладзе руку да таго магчымага пры дзейным рэжыме дыскрымінацыйнага закона, што, прыняўшы яго, яны стануць на беларускай зямлі акупантамі. Бо мову тытульнай нацыі дыскрымінуюць, забараняюць і знішчаюць толькі акупанты.

Вы хочаце стаць акупантам, генерал-маёр юстыцыі Дзмітрый Гара? Калі так, то тады дзейнічайце. І беларусы таксама пачнуць дзейнічаць. У адказ на вашы акупанцкія дзеянні.

Дзяржаўная мова – гэта адзін з абарончых шчытоў любой дзяржавы. Аднымі ракетамі ці танкамі яе ў сучасным свеце не абароніш – пра гэта красамоўна сведчаць падзеі ў суседняй Украіне. І таму замах на беларускую мову (у любым выглядзе – ад службовага ігнаравання да разнастайных рэпрэсій) – гэта замах на дзяржаўнасць Беларусі.

Адпаведна ўсе тыя, хто размаўляе па-беларуску, пашырае беларускую мову, адстойвае яе канстытуцыйныя (пакуль што) правы, – беларускую дзяржаўнасць умацоўваюць. І грамадзянін Алесь Бяляцкі сваім учынкам проста перасцярог Следчы камітэт: не гуляйце з агнём, не ператварайцеся ў акупантаў. Хочацца верыць, што з той перасцярогі там будуць зроблены разумныя высновы.

А пакуль мы ўсе павінны зразумець, што наша зброя ў змаганні з ворагам – знешнім ці ўнутраным (і такі мае месца ў Беларусі) – мова. Мы мусім узброіцца мовай і прыходзіць з ёй і ў следчыя камітэты, і ў міліцэйскія пастарункі, і ў суды. Хай прыпыняюцца іхнія канвееры, хай варушацца ў іх работнікаў мазгавыя звіліны, хай, імкнучыся абяззброіць нас, яны выставяць напаказ сваю антыбеларускую сутнасць. Паставяць сабе на лоб кідкае кляймо.

Перад пагрозлівай рэпрэсіўнай машынай, што ніяк не хоча суцішыць хаду, мы маем права і павінны выйсці не з голымі рукамі. Мы павінны ўзброіцца.

Узброіцца да зубоў.

Мовай.

P.S. Калі калонка была падрыхтавана да публікацыі, стала вядома, што А.Бяляцкі быў паўторна выкліканы ў Следчы камітэт і дапытаны – па-беларуску. Што цікава – той жа следчай М.Конанавай. Усяго за два дні (!), якія мінулі пасля першай сустрэчы з Бяляцкім, яна «вывучыла» мову. Што ж, выпадак паказальны і павучальны для ўсіх. І дзякуй скажам, калі беларуская мова назаўжды прыжывецца ў сценах Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Публікацыя – з № 28 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»