Пастар царквы «Новае жыццё» распавёў «Народнай Волі» пра тое, ці можа вырашыцца праблема вернікаў.
Нагадаем, што 19 лютага мінская суполка хрысціян поўнага Евангелля «Царква «Новае жыццё» была прымусова выселена.
У 2002 годзе гэтая царква выкупіла занядбаны кароўнік на ўскрайку горада, адрамантавала яго, і з 2004 года там праходзілі набажэнствы.
У мінулым годзе «Новае жыццё» атрымала судовае прадпісанне вызваліць будынак у Мінску на вуліцы Кавалёва, 72 да канца года.
Нагадаем, што «Новае жыццё» – найбуйнейшая поўнаевангельская царква Беларусі. Са жніўня яна паслядоўна асуджала беззаконне і гвалт, а таксама заклікала ўлады да пакаяння.
– Ужо амаль два месяцы людзі моляцца на вуліцы, – кажа пастар царквы Вячаслаў ГАНЧАРЭНКА – Збіраемся кожную нядзелю на аўтамабільнай стаянцы ля будынка царквы, з якога нас выселілі. Сітуацыя тупіковая, бо Мінгарвыканкам не ідзе нам насустрач.
– Вярнуць будынак царкве – справа нерэальная?
– Мы, безумоўна, хацелі б да гэтага прыйсці, абмяркоўваем сітуацыю з юрыстамі. Праўда, мінулы юрыдычны досвед паказвае, што ў нашай краіне дастаткова складана абараніць свае правы.
– Новае памяшканне не спрабавалі знайсці?
– На тое, каб праводзіць службы ў адміністрацыйных будынках, усё роўна патрэбны дазвол Мінгарвыканкама. І падчас гутаркі з гарадскімі чыноўнікамі нам стала зразумела, што памяшканне дадуць толькі пры ўмове, што мы аплацім доўг, які мы як быццам вінны ЖРЭА. Хочуць павесіць на нас падатак на зямлю, хаця, калі б будынак
не забралі, царква была б вызвалена ад такога падатку. А патрабуюць заплаціць ні многа ні мала – каля 180 тысяч долараў! Адным словам, сітуацыя тупіковая. Памяшканне нам не хочуць аддаваць, а мы не хочам плаціць такую суму, бо царкава не павінна плаціць.
Мы ж такі рамонт цудоўны зрабілі! Можна ж было паступіць па-людску – даць кампенсацыю, прадаставіць новае памяшканне. А так пакінулі без нічога. Толькі ўмовы ставяць.
– Міліцыя не перашкаджае вернікам збірацца на вуліцы і маліцца?
– Такога не было, хаця часам бачым і міліцэйскія машыны, і з дрона здымалі нашы сходы.
Мы на гэта не звяртаем увагі. Молімся і верым, што Гасподзь дасць нам перамогу і ў нас усё роўна будзе свой будынак.
Публікацыя – з № 28 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!