Штраф у 8700 рублёў за 20 надрукаваных на прынтары старонак
Газета «Наша Ніва», апошні выпуск на паперы, 2018 год. Фота: svaboda.org

Эканамічны суд Мінска ў асобе суддзі Эрнэста Койры пакараў «Нашу Ніву» на 300 базавых велічыняў за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць», паведамляе рэдакцыя газеты.

У чым сутнасць справы: два разы на год Рэдакцыя «Нашай Нівы» друкуе 20 папяровых асобнікаў газеты, каб адправіць іх у Мінінфарм і іншыя ведамствы. Такая рассылка — патрабаванне закона. Асобнікі — гучна сказана, бо кожны з іх уяўляе з сябе ўсяго толькі аркуш А3, надрукаваны з двух бакоў. Рассылаюцца гэтыя лісты бясплатна. Рэдакцыя нідзе іх не прадае.

Усё пачалося з ліста тагачаснага міністра інфармацыі Ігара Луцкага на адрас міністра па падатках і зборах Сяргея Налівайскага з просьбай праверыць «Нашу Ніву». У выніку падатковая інспекцыя Ленінскага раёна вырашыла, што ПВУП «Суродзічы», якое з’яўляецца заснавальнікам «Нашай Нівы», праз друк тых асобнікаў павінна быць пакарана за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Міністэрства інфармацыі палічыла, што друк нават 20 асобнікаў газеты мусіць ажыццяўляцца толькі пры наяўнасці абавязковай ліцэнзіі на паліграфічную дзейнасць. Гэта стала фармальнай прычынай прыцягнуць «Суродзічы» да адказнасці. Але ж для пакарання за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць трэба, каб кошт «прадмету адміністратыўнага правапарушэння» перавысіў 1160 рублёў (40 базавых). У той час як пралічаны сабекошт падрыхтоўкі тых старонак з усімі выдаткамі — 28 рублёў і 68 капеек.

Тады падатковая прызнала прадметам правапарушэння не толькі 20 аркушаў паперы, а яшчэ і тэхніку, з дапамогай якой гэтыя аркушы раздрукавалі.

Але і тут узніклі нюансы. Прынтару HP, на якім друкавалі, — 21 год. Ноўтбуку «Тошыба» — 8 гадоў. Які іх кошт?

На пасяджэнні прадстаўнікі падатковай патлумачылі сваю логіку. Маўляў, падобны прынтар у пачатку 2000-х каштаваў 2126 еўра, а цяпер на рынку такой мадэлі няма. Затое цяпер, кажуць яны, на рынку ёсць аналаг за 963 рублі. Праўда, гэты «аналаг» — не прынтар, а спалучэнне прынтара, сканера і капіравальнага апарату. Ды яшчэ і іншага брэнду.

Ноўтбук «Тошыба» адшукаўся ў нейкім каталогу — кошт 545 рублёў. Але ў тым жа каталогу ёсць пазнака, што тавару няма ў продажы — проста таму, што ніхто ўжо не гандлюе настолькі старой тэхнікай.

Адпаведна, склаўшы кошт тэхнікі, падатковая нарэшце атрымала суму, якая перавышае патрэбную лічбу 40 базавых.

Такая логіка прадстаўнікоў падатковай выклікала скептычныя заўвагі нават у суддзі, але гэта не перашкодзіла яму прызнаць прадпрыемства «Суродзічы» вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і аштрафаваць на 300 базавых велічынь — 8700 рублёў.

Нагадаем, што за апошні месяц выданні «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» выгналі з «Белсаюздрука», «Белпошты», «Белкнігі» і «Акадэмкнігі».

Поделиться ссылкой: