Міхаіл Мархель. Фота: abff.by
Міхаіл Мархель. Фота: abff.by

Пасля правальнага матча нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе з камандай Бельгіі паляцелі галовы. Дакладней – галава галоўнага трэнера.

Нагадаем, што ў адборачным матчы да чэмпіянату свету каманда Бельгіі літаральна зганьбіла беларусаў у вачах футбольнай грамадскасці, атрымаўшы перамогу з хакейным лікам 8:0.

Пасля гэтага, натуральна, ва ўсіх узнікла лагічнае пытанне: а хто давёў беларускі футбол да такога стану, што коцімся ў прорву з касмічнай хуткасцю? І хто за гэта адкажа?

Было лагічна, што пасля такога правалу павінен пакінуць сваю пасаду галоўны трэнер зборнай Міхаіл Мархель, пры якім нацыянальная каманда не ўвайшла, а ўляпалася ў гісторыю. Не толькі ў матчы з бельгійцамі. Каманда абсалютна нічога не паказала і ў гульні са зборнай Грузіі, калі была рэальная магчымасць патрапіць на чэмпіянат Еўропы праз Лігу нацый. Зрэшты, можа, гэта і да лепшага, бо, як паказвае практыка, на еўрапейскім першынстве беларускім футбалістам пакуль рабіць няма чаго.

Калі ж вяртацца да разбору палётаў і раздачы сланоў па выніках бельгійскага фіяска, то крайнімі спартыўныя функцыянеры зрабілі толькі Міхаіла Мархеля і футбалістаў.

У сваім звароце да балельшчыкаў федэрацыя пасыпала галаву попелам: “Гэтымі днямі на наш адрас прыходзіць шмат лістоў, звязаных з апошнімі вынікамі нацыянальнай зборнай. У прыватнасці, заўзятары просяць звольніць галоўнага трэнера каманды Міхаіла Мархеля.

Прызнаемся, поўнае паражэнне ў Бельгіі балюча ўдарыла і па работніках асацыяцыі – ад кіраўніцтва да шараговых супрацоўнікаў. Відавочна: менавіта па выніках зборнай большасць людзей і робіць высновы пра развіццё віда спорту ў краіне. І такія гульні, як з Бельгіяй, дрэнна адбіваюцца на іміджы беларускага футбола.

…Так, зборная Бельгіі мацнейшая за нашу, але так прайграваць нельга. І вінаваты тут не толькі трэнер. Падзяліць адказнасць з Міхаілам Мархелем павінны і футбалісты. Пры гэтым цяпер важней аб’яднацца, а не шукаць вінаватых. Цяпер той матч – ужо гісторыя”.

Адным словам, вінаваты футбалісты і трэнер, і гэта “балюча ўдарыла” па кіраўніцтве федэрацыі на чале з былым ваенным камісарам і экс-дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Базанавым. “Работнікі асацыяцыі”, як аказалася, у гэтай сітуацыі – пацярпелы бок, але, як джэнтльмены ў белых пальчатках, не супраць перагарнуць старонку.

Ды Базанаў пасля такога правалу першы павінен быў пакласці на стол заяву аб звальненні! Прынялі б адстаўку альбо не – іншая справа, але ўчынак быў бы па-мужчынску годны. Не дачакаліся.

Зараз Беларуская федэрацыя футбола прызначыла выконваючым абавязкі галоўнага трэнера зборнай Георгія Кандрацьева, які раней займаў пасаду асістэнта галоўнага трэнера.

Гэта ўжо другое прышэсце Георгія Пятровіча на пасаду настаўніка нацыянальнай каманды. Кандрацьеў кіраваў зборнай з 2012-га па 2014 год і добра ведае, чым усё заканчваецца.

“Я гатовы да таго, што ў выпадку няўдачы зборнай на мяне могуць выліць вядро бруду, – шчыра прызнаваўся трэнер дзесяць гадоў таму. – Але трэба зрабіць усё, каб гэтага не дапусціць”.

Тады на галаву спецыяліста вылілі не адно вядро, але сёння Георгій Пятровіч ізноў на першых рубяжах. І яму можна толькі паспачуваць. Бо крайнім ў любым выпадку чыноўнікі зробяць менавіта яго.

Публікацыя – з № 28 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»