Аляксандр Ярашук. Фота БелаПАН
Аляксандр Ярашук. Фота БелаПАН

«Народная Воля» звярнулася да некаторых лідараў незалежных прафсаюзаў Беларусі з пытаннем: «Ці не збіраецеся вы правесці агульнанацыянальны мітынг на плошчы Бангалор 1 Мая, у Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных, з тым каб у Мінск з’ехаліся рабочыя з усёй краіны?»

Аляксандр БУХВОСТАЎ, старшыня Свабоднага прафсаюза металістаў:

Калі мы і будзем падаваць заяўку на святкаванне 1 Мая, то не ад арганізацыі, а ад фізічных асоб. Рабіць спробу патрэбна заўсёды, але іншая справа ці дазволяць правядзенне мерапрыемства? Хаця зараз мы ў кантакце з тымі службамі, чыю працу трэба аплаціць, каб атрымаць дазвол.

Але, мяркую, у сённяшніх умовах арганізаваць агульнанацыянальны мітынг немагчыма. Малаверагодна, што дадуць афіцыйны дазвол на святкаванне 1 Мая, а без дазволу вельмі складана чакаць, што людзі выйдуць на вуліцу. Таму мы будзем старацца арганізаваць святкаванне 1 Мая, але яно будзе толькі ў тым выпадку, калі дадуць дазвол.

Ігар КОМЛІК, рэгіянальны прадстаўнік прафсаюза РЭП па Мінску:

Па гэтым пытанні наш прафсаюз рашэнне пакуль не прымаў, але, верагодней за ўсё, будзем дзейнічаць супольна з Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў.

Відаць, паспрабуем заявіць такое мерапрыемства, але трэба разумець, што нам гарадскія ўлады шмат разоў адмаўлялі ў святкаванні 1 Мая. І нават у тыя гады, калі сітуацыя ў грамадстве не была такая напружаная.

Мне падаецца, мала надзеі, што акцыю на 1 Мая дазволяць. А калі не дазволяць, то і падстаўляць рабочых мы не маем права. Людзі з рэгіёнаў элементарна не даедуць да Мінска, яны будуць затрыманы яшчэ па дарозе ў сталіцу.

Аляксандр ЯРАШУК, кіраўнік Беларускага кангрэса незалежных прафсаюзаў:

Мы абавязкова будзем падаваць заяўку на правядзенне акцыі 1 Мая і зробім гэта ў бліжэйшыя дні. Але прынцыпова не збіраемся заключаць з рознымі службамі (тымі ж праваахоўнікамі) ніякія дамовы, бо лічым, што гэта недапушчальна для нас. Па-першае, навошта плаціць АМАПу за тое, што ён лупіць сваіх грамадзян? Па-другое, прафсаюзы ва ўсім свеце вызваляюцца ад усялякіх аплат пры правядзенні мерапрыемстваў, таму для нас гэта прынцыповы момант.

Пры падрыхтоўцы заяўкі мы будзем разлічваць на мерапрыемства ад тысячы чалавек і болей. І, натуральна, чакаць, што акцыю дазволяць.

Публікацыя – з № 28 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: