З жонкай Нінай Міхайлаўнай

Каму пашчасціла бываць на канцэртах беларускага цымбаліста Аляксандра ЛЯВОНЧЫКА, той пацвердзіць: яго музыка можа ўсё – і смяяцца, і плакаць, і змусіць проста ў філарманічнай зале пад гукі «Лявоніхі» пайсці ў скокі. Славуты выканаўца-віртуоз, папулярызатар цымбалаў, педагог, заснавальнік музычнай дынастыі днямі адзначыў сваё 80-годдзе. А напярэдадні запрасіў «Народную Волю» да сябе дамоў – пагаварыць аб пражытым.

– Аляксандр Дзмітрыевіч, прыміце віншаванне з юбілеем! Вы равеснік Вялікай Айчыннай – нарадзіліся ў 1941-м. Атрымліваецца, што вы ўсю вайну ў калысцы правялі?

– Вайна не цырымонілася ні з кім, нават з малалеткамі, якія ў калысках спалі. Мы жылі на Лагойшчыне – у вёсцы Свідна, затым у Косіна. Тата быў у партызанах. У 1943 годзе немцы арыштавалі маму і мяне з братам як партызанскую сям’ю і прывезлі ў Мінск. Мы былі на валасочак ад смерці. На наша шчасце, у сталіцы жыла маміна сястра, яна прадала ўсё, што змагла, і выкупіла нас праз знаёмых паліцаяў. Мне было ўсяго два гадкі… Пра тыя падзеі я ведаю з пазнейшага расказу маці. А што самому помніцца? Голад. Адчуванне голаду. Помню, што ўвесь час хацелася есці.

– А калі вы ўпершыню пабачылі і пачулі цымбалы?

– Пасля вайны бацьку прызначылі старшынёй сельсавета ў вёсцы Янушкавічы, потым у Калачы. І мы пераязджалі за ім з месца на месца. У Калачах я пайшоў у школу. Мама мяне вучыла і дома, і ў школе – яна пачатковыя класы вяла. А ў Калачах жыў цымбаліст Веніямін Бурковіч. Там я і пачуў цымбалы. Але найперш навучыўся іграць на гармоніку – прыкладна ў восем гадоў. У нашай сям’і любілі музыку, песні (дзед іграў на скрыпцы). Часам мы ўсе разам сядалі на прызбу і спявалі беларускія песні. Да гэтай пары помню нашу «фірменную» «Зялёны дубочак», яе тата вельмі любіў (спявае): «Зялёны дубочак, шырокі лісточак. / Куды вецер вее, туды галлё гнецца…»

– Дык вы сямейным ансамблем і на вяселлях маглі выступаць, трохі зарабляць. Даводзілася?

– Не, для музычнага «бізнесу» малаваты я быў. Іграў, бывала, у школе, у клубе, зразумела ж, бясплатна. Пасля школы вырашыў навучацца музыцы. Павезла мяне з гармонікам мама ў Мінск, у музычнае вучылішча. Прыйшоў дырэктар, паглядзеў на мяне і кажа: «Будзеш іграць на цымбалах». Ну, я 10 дзён пазаймаўся, вывучыў «Перапёлачку», яшчэ нейкую кампазіцыю і – прайшоў на экзаменах.

– Значыць, гармонік пад ложак – і ўзяліся за цымбалы?

– Па першым часе і ложка нармальнага не было, жыў на здымных кватэрах. Але цяга да музыкі заглушала ўсе побытавыя праблемы. І сёння з удзячнасцю згадваю сваю настаўніцу Аляксандру Канановіч – першыя попехі да мяне прыйшлі дзякуючы ёй. Аляксандра Пятроўна працавала ў народным аркестры, а ў Оперным тэатры была філармонія. У вучылішчы класаў бракавала, не было дзе займацца. І яна дамовілася з вахцёрамі ў Оперным, каб нас пускалі туды. Мы там ігралі колькі хацелі, а часам і начавалі. Прыкладна праз год мяне заўважыў Іосіф Жыновіч і запрасіў у свой знакаміты аркестр, які неўзабаве паехаў у Маскву на Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў. 1957 год, мне шаснаццаць, і я выступаю ў Маскве! Напэўна, я быў самы малады ўдзельнік таго фестывалю.

– Дык вы яшчэ падлеткам трапілі да Жыновіча? Аднакурснікі не зайздросцілі?

– Так, я тады сумяшчаў стацыянарнае навучанне і аркестр. Магчыма, і зайздросцілі. Дык і я ім таксама зайздросціў! Тым, якія жылі дома, мелі піяніна ды іншыя інструменты. Мне, праўда, бацькі купілі невялікія цымбалікі – просценькія, недарагія. Потым я скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, працаваў салістам-інструменталістам у філармоніі, выкладаў.

– Скрыпка адразу выклікае асацыяцыі з Італіяй, балалайка – з Расіяй, бандура – з Украінай. А ці можна сказаць, што цымбалы – беларускі нацыянальны інструмент?

– Сказаць можна, але гэта будзе няпраўдай. Таму што музычныя інструменты з нацягнутымі струнамі, па якіх б’юць адмысловымі малаточкамі, існавалі – ад старажытнасці – у многіх краінах. Спецыялісты лічаць, што самая моцная цымбальная школа – венгерская, на другім месцы – кітайская. Беларуская – на трэцім.

– Што ж, і трэцяе месца ганаровае – калі ў сусветным рэйтынгу. І вы ж па свеце нямала паездзілі з выступленнямі. У якіх краінах пабывалі?

– У Германіі, Польшчы, Швецыі, ЗША, Канадзе, Францыі, В’етнаме, Камбоджы, Манголіі, Даніі, Фінляндыі… А першая замежная паездка надарылася ў Германію (ГДР) – у 1962 годзе. Мы, даволі вялікая група беларускіх артыстаў, там цэлы месяц выступалі перад воінамі Савецкай арміі. Помню, апошні канцэрт давалі ў пасольстве Савецкага Саюза ў Берліне. Прысутнічаў і камандуючы групай войск Іван Якубоўскі – беларус, наш зямляк. І калі мы выйшлі на паклон, ён падышоў да нас, расчулена падзякаваў. Ардынарац тут жа паднёс усім чарачкі з каньяком, і з кожным маршал чокнуўся. Праз гады два – яшчэ адны замежныя гастролі, зноў для нашых вайскоўцаў, гэтым разам у Польшчы. І потым даводзілася неаднойчы ездзіць па гарнізонах – і тут, і за мяжой. Так што я амаль адслужыў.

– Мог маршал Якубоўскі па-зямляцку і званне вам якое-небудзь даць. А з чаго вырабляюцца цымбалы, з якога дрэва?

– Корпус – з елкі (першая дэка абавязкова яловая). Калкі, на якіх трымаюцца струны, – дубовыя ці з буку. Малаточкі – звычайна з вішні. Раней добрыя цымбалы рабілі на Барысаўскай музычнай фабрыцы. Сёння ўжо не робяць. Нейкая мінская фірма вырабляе.

– А ці даўгавечныя цымбалы? Адных на ўсё жыццё можа хапіць?

– Гледзячы з якой інтэнсіўнасцю на іх іграць. Можа хапіць адных-двух. У мяне было каля дзясятка, калі лічыць і сынавы.

– Цымбалы і пад паху не возьмеш, і за плечы не закінеш. Як вы іх насілі?

– Насіў, неяк прыстасоўваўся. Прытым яны даволі цяжкія – прыкладна 15 кілаграмаў. Помню, неяк прыехалі ў Віцебск, нас ніхто не сустрэў, дык я ў трамвай са сваім інструментам ледзь пралез. Праўда, потым Міністэрства культуры выдзеліла нам аўтобусік невялічкі, «кубанец», то стала лягчэй.

– Рэдка які цымбаліст быў узнагароджаны ордэнам. Вы яшчэ за савецкім часам атрымалі ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Прыемна было?

– Чаму ж не! Мы атрымалі ордэны разам са светлай памяці Міхасём Дрынеўскім. Калі я быў салістам філармоніі, вельмі часта даводзілася выступаць, мы давалі канцэрты дзе толькі можна – у школах, у санаторыях, у інстытутах, на заводах… Тысячы канцэртаў! Не злічыць і замежных гастроляў, дзе мы прадстаўлялі Беларусь…

– Ці заўсёды глядач разумеў, што на сцэне беларусы? Калі ў 1976 годзе «Песняры» з трыумфам выступілі ў ЗША, у некаторых газетах пісалі пра «савецкі фольк».

– Я іграў пераважна беларускую музыку – «Лявоніху», «Юрачку», «Мікіту» ў апрацоўках Яўгена Глебава, таго ж Жыновіча, мелодыі розныя, скажам, «Мой родны кут». Часта выступленні за мяжой адбываліся ў межах Дзён беларускай культуры.

– Вось перада мной – шведская газета, якой амаль паўвека. На першай паласе два вялікія здымкі – зверху каралеўскі картэж едзе, а ўнізе – Лявончык за цымбаламі. Дык вас там па-каралеўску прымалі?

– Так, надзвычай прыхільна. Паўсюль – поўныя залы, воклічы «Біс!». Праўда, мы, як правіла, вялікай групай выязджалі – танцоры, спевакі. Скажам, мне пашчасціла выступаць разам з такімі спевакамі, як народныя артысты Беларусі Віктар Вуячыч, Ігар Сарокін.

– Аднойчы я бачыў, як вы вялі канцэрт. З вас і канферансье выдатны атрымаўся б!

– Я заўсёды вёў нашы канцэрты на беларускай мове. Шмат вершаў беларускіх чытаў. І сёння памятаю: «Ой, цымбалы, вы, цымбалы, / Струны гучна звонкія! / Шмат вякоў вы паслужылі / Для нашай старонкі. / Вы заўсёды дабаўлялі / Многа весялосці, / Ці вяселле, ці ігрышча – / Вы першыя госці». У Аркадзя Куляшова цэлая паэма ёсць – «Прыгоды цымбал», і з яе ўрыўкі чытаў.

– Я ўсё жыццё лічыў, што цымбалы – вясёлы мажорны інструмент, пакуль не пачуў, як вы ігралі на развітанні з Нілам Гілевічам. Дарэчы, у яго ёсць прысвечаны вам верш «Беларускія цымбалы».

– На цымбалах можна любую музыку зайграць, і мажорную, і мінорную. Скажам, у маім рэпертуары ёсць і «Авэ, Марыя». Калі памёр Ніл Сымонавіч, я падумаў: як магу ўшанаваць памяць свайго вялікага земляка? Музыкай! Паэт, дарэчы, заўсёды прыходзіў на мае мінскія сольныя канцэрты. Гадзіны дзве я іграў ў Свята-Петрапаўлаўскай царкве, дзе праходзіла развітанне. Пасля мне сын Гілевіча, Сяргей Нілавіч, сказаў, што не плакаў, як тата памёр, а як загучалі цымбалы, то заплакаў…

– Гэта сапраўды было надзвычай прачула, асабліва калі загучала мелодыя «А я лягу-прылягу / край гасцінца старога…». Вашы абодва сыны – таксама музыканты. Выходзіць, вы заснавальнік музычнай дынастыі Лявончыкаў? 

– Выходзіць, так. Старэйшы, Алесь, спачатку хацеў стаць шафёрам. Бо ў вёсцы ён бачыў, што дзеду часам трэба прывезці сена ці дровы, а няма на чым. То ён хацеў дзеду дапамагаць па гаспадарцы. Маючы абсалютны музычны слых. Але пайшоў у войска і там зразумеў, што музыка – гэта яго. Дэмабілізаваўся, стаў сур’ёзна займацца. А тут якраз мне прыйшло персанальнае запрашэнне ў Канаду. І Алесь паехаў са мною як акампаніятар. Ён піяніст, але калі не было піяніна, іграў на акардэоне, які засвоіў літаральна за месяц!

– Не дзіва, што такога віртуоза прыкмецілі замежныя менеджары.

– Так, Алесь цяпер жыве і працуе ў Германіі. Але ён там спачатку вучыўся, потым атрымаў працу. У малодшага сына Міхася таксама абсалютны слых. Яму яшчэ і адзінаццаці не было, калі на рэспубліканскім конкурсе імя Жыновіча ён заняў першае месца – як цымбаліст. Нават з’ездзіў з канцэртам у Японію. Цяпер разам з братам у Мюнхене жыве.

Аляксандр Лявончык: «Каб я іграў на цымбалах, жонка ўсё жыццё іграла на патэльнях, місках і лыжках»
Выступленне з сынам Алесем
Аляксандр Лявончык: «Каб я іграў на цымбалах, жонка ўсё жыццё іграла на патэльнях, місках і лыжках»
Малодшы сын Міхаіл

– Сыны пажаніліся на немках?

– Не. Мае нявесткі – беларускі. Чацвёра ўнукаў маю.

– З дзедам яны на якой мове гавораць?

– Па-беларуску стараюцца. 

– Ведаю, што вы з жонкай Нінай Міхайлаўнай пражылі разам 52 гады. Паездкі, гастролі, адсутнасць дома тыднямі… Што мацавала ваш шлюб? 

– Каханне, відаць (усміхаецца). А яшчэ цярпенне жончына. Ёй было вельмі цяжка, гастролі ў мяне здараліся і па дваццаць дзён. Я ўвогуле лічу, што сям’я трымаецца на жанчыне. Не помню, чые гэта радкі: «На чым бы тыя геніі ігралі, каб не было наладчыкаў раяляў…» Я сябе да геніяў не залічваю, але, каб я іграў на цымбалах, жонка ўсё жыццё іграла на патэльнях, місках і лыжках. І толькі часам дапытвалася, хто акампаніятарам са мной едзе – мужчына ці жанчына…

– А залатое вяселле як адзначылі?

– Нам сыны падарылі падарожжа ў Італію. Пяць дзён мы правялі ў зацішным гарадку на беразе Міжземнага мора. Там так ціха, спакойна, адносіны між людзьмі добразычлівыя. Часам мы з жонкай успамінаем тую паездку і марым, каб і ў нашай роднай краіне як мага хутчэй настаў спакой, каб хутчэй скончылася гэтая калатнеча. Каб мы нарэшце ўсе – і народ, і ўлада – «дайшлі да Беларусі», як пісаў-жадаў Ніл Гілевіч.

Публікацыя – з № 28 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: