Суд Чыгуначнага раёна Гомеля

12 красавіка ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля  пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць давераных асобаў  і сяброў ініцыятыўнай групы экс-кандыдаткі ў прэзідэнты  Святланы Ціханоўскай. За кратамі ў судовай клетцы чацвёра: Юрый Уласаў, Таццяна Канеўская, Дзмітрый Івашкоў, Аляксандр Шабалін. Яны абвінавачваюцца ў “масавых беспарадках”, а таксама планах захопу адміністрацыйных будынкаў.

Усіх абвінавачаных з “каманды Ціханоўскай” затрымалі яшчэ да асноўнага дня галасавання – яны адбывалі “суткі” за  ўдзел у недазволеных масавых акцыях, а пасля ім “накінулі” яшчэ і крымінальная артыкулы і перавялі ў мінскае СІЗА № 1.

Больш пакручастай выглядае гісторыя Дзмітрыя Івашкова.  Першы раз яго затрымалі 6 жніўня,  адбываць адміністрацыйны арышт  адвезлі ў Брагін, бо гомельскі ізалятар быў перапоўнены. У Дзмітрыя былі  парэзы на руках і нагах, пачалося моцнае запаленне. Там яго паклалі ў бальніцу і пасля лячэння адпусцілі дадому.

Прыканцы жніўня міліцыя зноў прыехала забіраць Івашкова. Дома ні Дзмітрыя, ні яго жонкі не было. Суседзі папярэдзілі  маладую пару пра  тры экіпажы міліцэйскіх машын каля пад’езда, і  малады мужчына вырашыў не вяртацца ў той дзень дадому.

Затрымалі Івашкова толькі 27 верасня падчас пратэстнага маршу.  На наступны дзень бацькі актывіста даведаліся, што яму далі 20 сутак арышту, і яшчэ 7 сутак, якія ён “не даседзеў” у жніўні. Праз пару дзён Івашкоў  апынуўся ў сталічнай турме на Акрэсціна. Супраць яго  таксама распачалі крымінальную справу за “масавыя беспарадкі”.

Зараз усіх фігурантаў  зноў вярнулі ў гомельскае СІЗА-З, адкуль і прывезлі сёння на суд.

Анатоль ЛІПСКІ.

Поделиться ссылкой: