Суд над даверанымі асобамі Святланы Ціханоўскай (працяг)
Незалежных журналістаў і прадстаўнікаў грамадскасці на суд не пусцілі. Фота: Анатоль ЛІПСКІ

Як мы паведамлялі, у судзе Чыгуначнага раёна Гомеля разглядаецца крымінальная справа супраць давераных асобаў і сяброў ініцыятыўнай групы экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

За кратамі ў судовай клетцы чацвёра: Юрый Уласаў, Таццяна Канеўская, Дзмітрый Івашкоў, Аляксандр Шабалін. Яны абвінавачваюцца ў “масавых  беспарадках”, а таксама планах захопу адміністрацыйных будынкаў. У абвестцы суда пазначаны артыкулы, якія ім інкрымінуюцца: ч.1 арт.13, ч.2 арт.293, ч.1 арт. 292. Супраць
прозвішча Уласава стаіць яшчэ і артыкул 369 Крымінальнага кодэкса – абраза
прадстаўніка ўлады.

Усіх абвінавачаных з “каманды Ціханоўскай” затрымалі яшчэ да асноўнага дня галасавання – яны адбывалі “суткі” за ўдзел у недазволеных масавых акцыях, а пасля ім “накінулі” яшчэ і крымінальная артыкулы і перавялі ў мінскае СІЗА № 1.
Пасля сённяшняга суда ўсіх фігурантаў зноў вярнулі ў гомельскае СІЗА-З, адкуль і прывезлі сёння на суд.

Міліцыя зладзіла, па сутнасці, спецаперацыю па пропуску сваякоў і жадаючых падтрымаць арыштаваных чальцоў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай. У холе суда ўстанавілі металашукальнік, яшчэ адзін пункт кантролю зрабілі непасрэдна перад залам пасяджэнняў.

Прапускалі толькі пацярпелых міліцыянераў, па аднаму сваяку для абвінавачаных і
прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. Незалежных журналicтаў у зал пасяджэнняў не пусцiлi, спаслаўшыся на адсутнасць вольных месцаў. Не дазвалялі фатаграфаваць чаргу нават у холе.

Намеснік старшыні суду Алег Шапіра патлумачыў журналісту “Народнай Волі”, што
колькасць месцаў у іх самай вялікай зале абмежавана. Прэс-цэнтра суд не мае. Меры
бяспекі ўстанаўлівае дэпартамент аховы МУС. Апроч таго, дзейнічае пастанова
Вярхоўнага суда і ведамасны загад наконт мераў бяспекі ў звязку з COVID-19.

Анатоль ЛІПСКІ.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»