Лявон Карповіч.

Суддзя Мастоўскага раённага суда В.Сініла пакараў 77-гадовага Лявона Карповіча з мястэчка Лунна на 30 базавых велічынь (870 рублёў) за тое, што 25 сакавіка на яго хаце быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг.

«Пад гэтым сцягам паўставала наша дзяржава…»

Лявон Карповіч – былы настаўнік, вядомы ў раёне краязнаўца, філатэліст і аўтар некалькіх кніжак па гісторыі роднага краю.

25 сакавіка ў Дзень Волі да яго прыехалі міліцыянеры з Мастоў. Сфатаграфавалі сцяг на доме, запатрабавалі яго зняць, паказалі паперу на агляд кватэры і склалі пратакол. У ім запісалі, што Карповіч праводзіў адзіночны пікет.

У судзе спадар Лявон даволі падрабязна распавёў пра ўсё, што з ім адбылося ў той дзень.

Ён вывесіў сцяг на сваім доме не ў гонар нейкай канкрэтнай асобы, а ў гонар свята – Дня Волі.

– Пад гэтым сцягам 25 сакавіка 1918 года была аб’яўлена Беларуская Народная Рэспубліка – першая беларуская дзяржава, а ў 1991 годзе пад гэтым жа сцягам была аб’яўлена незалежнасць Рэспублікі Беларусь. І бел-чырвона-белы сцяг з’яўляўся сімвалам Беларусі, пад якім першы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прымаў прысягу, – канстатаваў у зале суда Карповіч.

Затым спадар Карповіч распавёў, як яго арыштоўвалі і праводзілі агляд кватэры.

Пад якімі сімваламі праходзяць пратэсты?

Замест агляду кватэры, паводле слоў Карповіча, быў праведзены сапраўдны ператрус: забралі камп’ютар, тэлефон, нават калекцыйныя барэльефы з выявай «Пагоні».

– Адміністрацыйны працэс у сувязі з тым, што я вывесіў на хаце бел-чырвона-белы сцяг, а з дома забіраюць калекцыйныя барэльефы «Пагоні»! Якое дачыненне яны маюць да сцяга на хаце? – пытаўся Карповіч у судзе.

Ён нават назваў, пад якім нумарам у 2007 годзе «Пагоня» была занесена ў нацыянальны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў – 578-м.

Гэта зафіксавана адмысловай пастановай Савета міністраў Беларусі.

Капітан міліцыі Гайдаш, які складаў на Карповіча пратакол і быў выкліканы ў якасці сведкі, адрэагаваў на гэта наступным чынам:

– Ну как же! Это протестная символика. А я не историк.

Дарэчы, Лявон Карповіч расказаў у судзе, як да яго ставіліся ў пастарунку. Утрымвалі ў жалезным адсеку аўтамабіля, пагражалі, што не дажыве да раніцы. Суддзя ўсё гэта слухаў, але відавочна, што такія падрабязнасці яго не зацікавілі.

Ён удакладніў у падсуднага, ці ведае той, што пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў краіне адбываюцца пратэсты. Карповіч на гэта адказаў, што пратэсты ў Беларусі адбываюцца і пад бел-чырвона-белымі, і пад белымі, і пад чырвона-зялёнымі сцягамі, трапляюцца нават расійскія трыкалоры. А таксама на сваёй руцэ паказаў сімвалы ў выглядзе сардэчка, знака вікторыі, сціснутага кулака.

– Ну дык што, усё гэта трэба забараніць? – пытаўся ў суддзі пенсіянер.

Яго аргументы ні на што не паўплывалі. Суддзя нават не аб’явіў перапынку, а адразу пасля слуханняў абвясціў: 30 базавых велічынь штрафу – гэта 870 рублёў. Дарэчы, пенсія Карповіча трошкі больш за 600 рублёў.

– Я ад гэтага не памру і не схуднею. А вось як быць з тымі тысячамі людзей, з маладымі журналісткамі, з Марыяй Калеснікавай, якія сядзяць ні за што за кратамі і цярпяць, губляюць там здароўе?.. – сумна заўважыў Лявон Карповіч.

Публікацыя – з № 27 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: