Фота: domaita.by

Амаль 80 тысяч сем’яў, што жывуць на Гомельшчыне, месяцамі не плацяць «камуналку» – за цяпло, святло, ваду і працу домаўпраўленняў. З гэтай прычыны арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэгіёна недаатрымалі за аказаныя паслугі больш за 6 мільёнаў рублёў – такія лічбы называе ў мясцовым афіцыйным друку гендырэктар абласной ЖКГ Дзмітрый Згурскі. За 2020 год доўг павялічыўся на мільён. У лік даўжнікоў найчасцей трапляюць шматдзетныя і няпоўныя сем’і.

У Кармянскім, Буда-Кашалёўскім, Ельскім раёнах кожны пяты жыхар сістэматычна не плаціць «камуналку». Кіраўнік камунальнай службы не называе прычын «пратэрміноўкі» плацяжоў, апроч нейкіх побытавых сітуацый, калі чалавек з-за нездавальняючага стану здароўя ці адсутнасці не можа разлічыцца па камунальных рахунках.

Аднак нельга не ўлічваць у гэтай сувязі і рэальныя даходы насельніцтва. Прынамсі, Кармянскі раён з сярэднім заробкам 793 рублі аднесены да аднаго з самых бедных у Беларусі. Сёлета ў студзені–лютым намінальны заробак тут склаў 799 рублёў. Крыху вышэйшы ён у Буда-Кашалёўскім і Ельскім раёнах, але не дацягвае да 900 рублёў.

Доўгія «хвасты» па камунальных плацяжах маюць і юрыдычныя асобы. Такіх на Гомельшчыне ажно 10 тысяч, і запазычылі яны ЖКГ каля 8 мільёнаў рублёў. Найперш гэта сельгаспрадпрыемствы. Самыя вялікія сумы даўгоў маюць такія прадпрыемствы ў Добрушскім і Ельскім раёнах.

Камунальнікі за два месяцы падрыхтавалі больш за паўтары сотні судовых іскаў на прымусовае спагнанне амаль 8,5 мільёна рублёў. За камунальныя даўгі сёлета праз суды на Гомельшчыне выселены 24 сям’і.

Публікацыя – з № 27 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: