Віталь Куплевіч
Віталь Куплевіч

Настаўнік з Радуні Воранаўскага раёна Віталь Куплевіч пра жыццё ў мястэчку на 320 рублёў у месяц і пра тое, якая рэвалюцыя адбылася ў галовах людзей пасля жнівеньскіх падзей 2020 года.

«Лічыўся ненадзейным…»

Віталь Куплевіч у свой час скончыў Брэсцкі ўніверсітэт, атрымаўшы спецыяльнасць «настаўнік геаграфіі і біялогіі», затым вучыўся ў дактарантуры Варшаўскага ўніверсітэта, але не скончыў: на радзіме адзінокі стары бацька патрабаваў догляду. А пазней працягнуць вучобу не атрымалася. Самастойна займаецца даследчыцкай працай, напісаў дзве кнігі: «Палітычная геаграфія Еўропы» і «Цывілізацыя Еўропы». Праўда, праз безграшоўе ніводную не выдаў, але змясціў іх на адным з сайтаў. Валодае польскай і літоўскай мовамі.

Вярнуўшыся на радзіму, сталай працы не займеў. Жылі на бацькаву пенсію, а калі таго не стала, давялося проста хадзіць па дварах і выконваць самую розную работу, каб было на ежу і надзённыя патрэбы.

– Я, канешне, спрабаваў і ў школу ўладкавацца, і ў горадзе нешта знайсці, але ўсё безвынікова, – згадвае Куплевіч. – А потым рэальна паглядзеў, што няма ніякага сэнсу хадзіць і парогі абіваць.

Сам ён лічыць, што на працу па спецыяльнасці яго не бралі, бо быў «ненадзейны» – не хаваў таго, што з’яўляецца сябрам БНФ, заўсёды размаўляў па-беларуску.

Так, перабіваючыся выпадковымі заробкамі, пражыў амаль чатыры гады. Працаваў на пілараме, у калгасе і чытаў, чытаў, чытаў… А яшчэ па вечарах і выхадных сядзеў над сваімі кнігамі.

У мястэчку яго празвалі «спадаром», бо ён заўсёды звяртаецца да чалавека «спадар» альбо «спадарыня». Местачкоўцы, кажа, лічылі яго крыху дзіваком за такі лад жыцця.

Жыць складана, але цікава

У 2015 годзе ўдалося ўладкавацца ў Радунскі цэнтр турызму, краязнаўства і экалогіі педагогам дадатковай адукацыі. Праўда, гэта таксама была толькі часовая праца, паколькі падмяняў супрацоўніцу, якая знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку. Праз тры месяцы яго звольнілі.

– Тады я сам прапанаваў у мясцовай школе правесці з вучнямі даследчую працу, – распавядае мой суразмоўца. – Гэта на той момант аказалася актуальным.

Праца па дэмаграфіі пра змяненне складу насельніцтва Доцішкаўскага сельсавета вучня Радунскай школы пад кіраўніцтвам Куплевіча заняла ў вобласці другое месца. І спадабалася настаўнікам і дырэктару школы.

На наступны год даследчая працы вучня з Радуні пад кіраўніцтвам Куплевіча была прызнана лепшай у вобласці.

Трэба зазначыць, што спадар Віталь займаўся са школьнікам, не будучы ні настаўнікам школы, ні супрацоўнікам цэнтра турызму, краязнаўства і экалогіі. Ён па-ранейшаму хадзіў па дварах і зарабляў на жыццё чым давядзецца, а яшчэ працягваў чытаць і працаваць над сваімі кнігамі.

– Без сталага заробку жыць было даволі няпроста, але навуковая праца і даследаванні са школьнікамі напаўнялі жыццё шмат чым цікавым, – прызнаецца Віталь.

У 2018 годзе Куплевіча зноў узялі ў Радунскі цэнтр турызму, краязнаўства і экалогіі – настаўнікам дадатковай адукацыі на пастаяннай аснове. Адзін з яго абавязкаў – вядзенне школьных гурткоў, у якіх ён працягвае займацца са сваімі выхаванцамі даследчыцкай дзейнасцю.

«Цяпер жыву нават без электрычнасці ў хаце…»

Зараз Куплевіч мае 10 гадзін у тыдзень працы ў гуртках. Прычым не толькі ў Радуні: даводзіцца дабірацца яшчэ за 7 кіламетраў у Доцішскую школу і за 40 кіламетраў у Беняконі.

Летась яго вучні на абласным конкурсе «Край Гарадзенскі» атрымалі пяць першых месцаў. Тэмы іх работ носяць падкрэслена навуковы характар: «Існуючыя рэкрэацыйныя рэсурсы ў Воранаўскім раёне», «Помнікі гісторыі і культуры, якія ў Воранаўскім раёне не захаваліся», «Абшары поспеху і праблемныя мясціны ў Воранаўскім раёне».

Дабіраецца ў школы настаўнік выключна аўтаспынам, паколькі не мае грошай нават на білет. Так ён ездзіць і па ўсёй вобласці: у Воранава, Ліду, Гродна.

– Мой заробак у месяц складае каля 320 рублёў, і 160 з іх пакуль вылічваюць за камп’ютар, які ўзяў у растэрміноўку, – распавядае Куплевіч. – Справа ў тым, што без ноўтбука мне ніяк нельга.

Заканамернае пытанне: як пражыць месяц на 160 рублёў?

– Жыву вельмі сціпла: у хаце не маю нават электрычнасці, каб не плаціць. Паколькі дом прыватны, то камунальных паслуг няма, ваду бяру ў студні. Камп’ютарам і інтэрнэтам карыстаюся толькі на працы. Тэлефона таксама не маю. Ёсць печка, палю дравамі і гатую на ёй… – без усякай крыўды кажа Віталь.

У гародчыку садзіць бульбу, цыбулю, моркву, іншую гародніну.

– За месяц купляю пяць буханак чорнага хлеба, 4–5 палак зельцу, тлушч, каб было на чым бульбу смажыць, макарону, крупы, каву, гарбату і цукар. На цыгарэты звычайна не хапае, – пералічвае Куплевіч.

Апошнім часам з харчамі стала цяжэй, паколькі даражэе нават хлеб. Куплевіч стаў сур’ёзна задумвацца над тым, каб пераехаць у іншае месца, дзе можна знайсці больш высокааплатную працу.

– Мой былы аднакурснік нядаўна запрашаў у Брэст, – распавядае ён. – Вось раздумваю, бо тут грашовы крызіс перашкаджае жыць і працаваць.

Летась адбыўся гуманістычны пералом

Для спадара Віталя, з яго ж слоў, вельмі важная грамадзянская пазіцыя чалавека. У яго мястэчку ў жніўні таксама людзі выходзілі на вуліцу са сцягамі, выказвалі сваё стаўленне да таго, што адбывалася ў краіне. Ён быў сярод іх і кажа, што адчуў незвычайнае натхненне.

– Ведаеце, у Беларусі мінулым летам адбыўся гуманістычны пералом, якога мы чакалі дзесяцігоддзямі, – разважае настаўнік.

Ён тлумачыць гэта на прыкладзе сваёй Радуні.

– Раней, калі я ішоў па вуліцы ў Радуні, то местачкоўцы насмешліва называлі мяне «спадар», «бэнээфавец» і падобнае, – гаворыць Куплевіч. – Цяпер, сустракаючыся, яны з гонарам мне кажуць: «Жыве Беларусь!»

І гэта робяць тыя самыя мясцовыя людзі, звычайныя работнікі жывёлагадоўчых ферм і трактарысты. Падобнае стаўленне спадар Віталь назірае і ў іншых навакольных вёсках.

– Гэта, на маю думку, галоўны вынік 2020 года ў нашай найноўшай гісторыі, – падсумоўвае Куплевіч. – І слова «спадар» у мястэчку ўжываецца цяпер у сур’ёзным значэнні.

Людзі, заўважае Віталь, сталі цяплейшымі ў адносінах адзін да аднаго, і гэта не можа не радаваць.

Публікацыя – з № 27 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»