Тацяна Гацура-Яворская. Фота з сацыяльнай сеткі

Па якім крымінальным артыкуле яе падазраюць, пакуль застаецца невядомым. Пра тое, што 9 красавіка праваабаронцу Таццяну Гацуру-Яворскую перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, паведаміў яе муж Уладзімір, паведамляе Радыё Свабода.

Заснавальніцу грамадскага аб’яднання «Звяно» і адну з арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я – не» Таццяну Гацуру-Яворскую затрымалі 6 красавіка. Напярэдадні супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў правялі ператрусы ў офісе арганізацыі, а таксама ў кватэры і на лецішчы Таццяны.

Следчыя дзеянні праводзіліся ў межах справы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу – фінансаванне або матэрыяльнае забеспячэнне беспарадкаў. За дзень да затрымання Тацяны Гацуры-Яворскай сілавікі правялі ператрусы яшчэ ў дзвюх арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я – не» – Наталлі Трэнінай і Юліі Сяменчанкі.

8 красавіка ўсіх затрыманых актывістак «Звяна» (агулам было затрымана пяць чалавек) судзілі па адміністратыўных артыкулах за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Тацяна Гацура-Яворская атрымала штраф памерам 50 базавых велічынь, аднак на волю так і ня выйшла. Позна ўвечары супрацоўнікі ІЧУ на завулку Акрэсціна паведамілі, што яна праходзіць па крымінальнай справе. Статус Таццяны Гацуры-Яворскай застаецца невядомым.

Тацяна Гацура-Яворская – маці чатырох дзяцей. Яна арганізатарка вялікай колькасці культурных ініцыятываў, у тым ліку WATCH DOCS Belarus – міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно аб правах чалавека, які праводзіцца з 2015 году.

Заснаванае ёю аб’яднанне «Звяно» выступіла ініцыятарам выставы «Машына дыхае, а я – не», прысвечанай адданай працы медыкаў, якія змагаюцца з каронавірусам.

Поделиться ссылкой: