Верталёт Ingenuity

Верталёт Ingenuity перажыў першую ноч на Марсе ў аўтаномным рэжыме. Ён аддзяліўся ад марсахода Perseverance і ўпершыню быў размешчаны на паверхні Марса ў панядзелак. Дрон перажыў першую халодную ноч у аўтаномным рэжыме: тэмпература падала да мінус 90 градусаў па Цэльсію, паведамляе “Радыё Свабода”.

Спецыялісты NASA назвалі гэта «вялікай перамогай». З’явілася ўпэўненасць, што тэмпературныя ваганні не адабʼюцца на акумулятары і іншых сістэмах верталёта.

Да гэтага апарат вагой амаль два кілаграмы знаходзіўся ўнутры марсахода Perseverance. Менавіта марсаход служыць пасярэднікам для сувязі паміж Ingenuity і цэнтрам кіравання на Зямлі. Адзіная місія верталёта – выпрабаваць лётныя магчымасці ў разрэджанай атмасферы Марса, маса якой у 200 разоў меншая за зямную. Выпрабаванні працягнуцца на працягу 30 марсіянскіх дзён.

У найбліжэйшыя два дні супрацоўнікі NASA зоймуцца наладкай сістэм Ingenuity і зборам інфармацыі пра іх. У выпадку паспяховага праходжання тэстаў 11 красавіка робат паспрабуе ўзляцець. Ён стане першым апаратам, які паспрабуе зрабіць кіраваны палёт на іншай планеце.

Адна з галоўных мэтаў самага Perseverance – высветліць, ці можна вырабляць кісларод з марсіянскай атмасферы. Вынікі адпаведных тэстаў будуць выкарыстаныя ў рамках будучай місіі па высадцы чалавека на Марс.

У цяперашні час кампанія SpaceX Ілона Маска будуе сістэму для каланізацыі суседняй планеты і праводзіць выпрабаванні прататыпаў карабля Starship. Галоўная задача – навучыцца бяспечна саджаць карабель, які ў будучыні плануецца выкарыстаць у тым ліку для адпраўкі людзей на Марс.

Апошняе такое выпрабаванне прайшло 30 сакавіка. Падчас прызямлення прататып SN11, як і тры яго папярэднікі, разбурыўся. Маск заявіў, што прычынай аварыі стала параўнальна невялікая ўцечка паліва ў адным з рухавікоў.

Поделиться ссылкой: