Віктар Марціновіч

Пісьменнік Віктар Марціновіч разважае на «Свабодзе» пра беларускую ананімнасць зла, абгрунтоўвае свае песімістычныя выказванні і ацэнкі і заяўляе, што цяпер улада змагаецца не з апазіцыйнай культурай, а з культурай у прынцыпе.

— Як справы з «Рэвалюцыяй»? Я, вядома, маю на ўвазе ваш апошні раман, у якога ўжо былі праблемы. Не баіцеся трапіць у спіс «экстрэмісцкай» літаратуры?

— Паколькі кніга цяпер прадаецца ў дзяржаўных кнігарнях — я так разумею, што тыя, ад каго залежаў яе лёс, усвядомілі, што гэта мастацкі твор, дзеянне якога адбываецца ў Маскве, у нулявыя гады. І забараняць яго не варта. Тым больш што гісторыя забароны майго першага рамана «Параноя» толькі дадала яму цікавасці.

«Рэвалюцыя» чытаецца, актыўна каментуецца. Трэба сказаць, што шмат каго расчароўвае пэўны песімістычны месідж, які ёсць у рамане, многія чакалі нейкага падбадзёрвання. Як выказаўся адзін з чытачоў, гэта гісторыя пераўтварэння добрага чалавека ў кепскага праз датычнасць да пэўнай улады.

Раман зараз выйшаў у Расіі, прадаецца ва ўсіх маскоўскіх кнігарнях, у «Доме кнігі», ягоны поспех у Нямеччыне ўражвае, бо мы трапілі на тэлевізію, былі рэцэнзіі ў вельмі прэстыжных выданнях.

— Акурат наконт песімістычнасці… Некалькі вашых апошніх інтэрв’ю і выказванняў якраз напоўненыя гэтым самым песімізмам. Вядома, вы скажаце, што гэта на самой справе рэалізм і аб’ектыўная ацэнка сітуацыі. Але можна спрачацца наконт дарэчнасці і своечасовасці нейкіх ацэнак. Чалавеку, які памірае, зусім не абавязкова штодня нагадваць, што ён памірае. Але вы настойваеце на сваіх ацэнках, бо гэта вашы дакладныя адчуванні, і вы не хочаце ад іх адступаць, нават калі гэта «непаліткарэктна» ці несвоечасова?

— За кошт залішняга аптымізму могуць здарыцца асабістыя памылкі ў людзей, якія не ўсведамляюць, дзе апынуліся. Так, чалавеку, які памірае, не варта казаць, што ён памірае. Але яму трэба сказаць, што ён памірае, у тым выпадку, калі ён гэтага не разумее. І калі ты ведаеш, што ты смяротна хворы, то будуеш сваё жыццё па-іншаму.

Я выдатна ўсведамляю, што некаторыя мае інтэрв’ю могуць быць дэматывуючымі, і таму я імкнуся не бразгаць гэтымі словамі надта шмат. Але калі я бачу… Гэта было асабліва актуальна летам, калі ўсе ашалелі ад вельмі кранальнай еднасці, якая ўсіх захапіла. Я тады быў проста змушаны звярнуць увагу на тое, што гэты карнавал мае крышачку пахавальнае адценне. Кім бы я быў, калі б пра гэта не папярэдзіў? Магчыма, шмат рэчаў лепш бачныя чалавеку, які чытае кнігі, а не чалавеку, які чытае тэлеграм-каналы.

Але ваш закід я прымаю. Я разумею, што любыя словы мадэлююць рэальнасць, не столькі адлюстроўваюць яе, колькі задаюць пэўны настрой. Я ведаю, што ёсць людзі, якія вельмі пільна слухаюць мяне.

Аднак гэта не той момант, калі я магу сказаць нешта суцяшальнае. Бо калі я скажу нешта суцяшальнае і нехта праз гэта зробіць дзею, якая скалечыць лёс чалавека, я буду адчуваць велізарную адказнасць. Большую, чым адказнасць, якая вынікае з таго, што я нікога не падбадзёрваю.

— Некаторыя вашы творы з пэўнай доляй умоўнасці можна назваць антыўтопіяй («Мова», «Ноч», дый «Паранойя»). І вы цяпер, магчыма, не можаце пазбегнуць спакусы, каб не знаходзіць у цяперашнім беларускім жыцці паралелі з вашымі творамі. Ці не падаецца, што мы паглыбляемся ў нейкую антыўтопію і людзям застаецца гадаць, ці гэта Оруэл, ці Хакслі, ці Марціновіч?

— Раман «Мова» быў напісаны як папярэджанне. Ён быў напісаны дзеля таго, каб будучыня, якая там апісана, ніколі не адбылася. Тое, што цяпер адбываецца з культурнымі імпрэзамі, з любой дзеяй, якая мае прыкметы беларускасці, — гэта ажыццяўленне сцэнару, апісанага ў «Мове». І роля Кітаю ў Беларусі расце, Чайна-таўна пакуль няма, але ён будзе.

Я адчуваю цяпер, што сэрца гэтай краіны перастала біцца. Тая краіна, якую мы ведалі, якую любілі — памерла, больш не існуе. Мы цяпер знаходзімся ў стане чыстца. І мы можам з гэтага чыстца пайсці ў пекла (і ўсё да гэтага ідзе), а можам пайсці ў рай.

Я чалавек культурніцкі, я жыву культурай. І цяпер усё, што я любіў, альбо забаронена, альбо немагчыма. Я гэтага не прадказваў, бо тое, што адбываецца цяпер, сягае далей за любую маю фантазію, нават самую змрочную.

— Падзеі ў Беларусі нараджаюць шмат філасофскіх роздумаў, напрыклад, наконт таго, што можна зрабіць з людзьмі за адносна кароткі час — у Еўропе, у 21-м стагоддзі. Магчыма, нават самыя песімістычныя асобы не маглі ўявіць тыя маштабы зверстваў і катаванняў, якія адбыліся ў Беларусі ў 2020-м. Як такое стала магчыма?

— Каб такое сталася магчымым, патрэбна была адна ўмова — ананімнасць. Адчуванне, што ты гэта робіш, як нейкая шрубка ў сістэме. Дарэчы, пра гэта ёсць песня ў новым альбоме Лявона Вольскага. Ананімнасць зла — гэта самае страшнае, гэта нават страшнейшая рэч за банальнасць зла, пра якую пісала Арэнт. Эйхман дакладна ведаў, што ён робіць, якія загады выконвае. А ў выпадку ананімнасці зла «Эйхман» знікае, усё робіць нейкая ананімная, нябачная структура. І чалавек, які ператварыўся ў структуру, здольны на большае зло, бо ён робіцца функцыяй.

— Пры гэтым калі ім даецца загад быць спакойнымі і ветлівымі, — то яны могуць быць такімі. І ў астатнім, не службовым жыцці яны, магчыма, звычайныя людзі, мужы і бацькі. Але калі ім даецца дазвол «затрыманых не шкадаваць» — яны імгненна могуць стаць звярамі.

— У мяне ёсць на гэтую тэму раман «Сцюдзёны вырай». Там менавіта гэтае пераўтварэнне людзей нармальных, сямейных, у людзей функцыянальных апісана. Мне няма чаго дадаць.

— Ці быў варыянт, што гэты рэжым мог бы прайсці пэўную эвалюцыю і пераўтварыцца ў нешта больш спакойнае і гуманнае? Ці быў магчымы толькі цяперашні шлях — сістэма ад нас не пойдзе без крыві і пакутаў?

— Трагедыя ў тым, што я не лічу, што сістэма сыходзіць. Тое, што мы назіраем цяпер, — гэта хутчэй умацаванне сістэмы, пераўтварэнне твані ў бетон. Калі б не было жнівеньскіх падзей, то, вядома, было б менш страшна. Але сітуацыя б закансервавалася, тое млявае бясчассе, у якім мы жылі, захавалася б назаўсёды. Цяпер ёсць невялікі шанец, што пэўныя людзі, якія прымалі не вельмі актыўны ўдзел у падзеях 2020-га, адкруцяць назад, што будзе нейкая адліга.

Але ў мяне няма нават блізкага адчування, што сістэма сыходзіць, што ёсць нейкія шанцы на тое, што ідэі, якія панавалі ў жніўні, перамогуць. Мы бачым, як увесь гэты «дзвіж», усё, што было падмуркам пераменаў, гэтая крэатыўная класа людзей, цяпер проста альбо выціснутая за межы краіны, альбо пераведзеная ў стан пасіўнасці. Нейкіх рухавікоў, якія дазвалялі б лічыць, што нешта будзе мяняцца, я не бачу. Наменклатура, якая засталася ў сістэме, умацавалася да стану бетону, гэта не дае надзей, што будуць змены ўнутры. І чым больш ідзе ціск звонку, тым больш умацоўваецца гэтая сістэма.

— Цяпер мы маем кнігі, якія прызнаюцца экстрэмісцкімі, крымінальныя справы за карціну, зачыненыя выставы. Рэжым змагаецца з культурай і сімваламі як знакам і маркёрам апазіцыйнасці? Ці, можа, сама культура і гісторыя ўжо стала ворагам, нават без прыкметаў апазіцыйнасці?

— Сапраўды, ёсць нешта прынцыпова новае. Раней змагаліся з бел-чырвона-белым сцягам як з маркёрам апазіцыйнасці. Але цяпер гэта не барацьба з прыкметамі. Яны ўсвядомілі, што культура — гэта для ўлады асноўны выклік. Калі ў мяне пытаюцца: няўжо ўлада не ўсведамляе наступстваў ад таго, што з’язджаюць самыя лепшыя, яскравыя і таленавітыя, хіба ўлады не разумеюць, што гэта аслабляе нашу культуру? — то я адказваю: не, гэта зроблена наўмысна. Яны адчулі, што культура — гэта першасны выклік. Што менавіта культура прывяла паступова да новай сітуацыі. Таму і ідзе барацьба з культурай як такой — як гэта было з выставай пра медыкаў.

Але краіна мусіць жыць. І краіна жыве не толькі трактарамі, яна жыве культурай. Адчуванне жыцця ўзнікае толькі ад таго, што віруе нейкая культурная плынь. І гэта цяпер цалкам выключана дзяржавай. Немагчыма не толькі тэатральную імпрэзу, немагчыма нават кніжную прэзэнтацыю, мастацкую выставу правесці. І гэта тое, што адрознівае наш час ад часоў 10-гадовай даўнасці.

Поделиться ссылкой: