Андрусь Такінданг, лідар гурта «Рэха», музыка, мастак. Фота: krynica.info

Ці ёсць зараз самацэнзура ў беларускіх музыкаў? Якія ёсць магчымасці для выступу ў каронавірусны час? Ці ў будучым сумяшчальныя анлайн і афлайн-канцэрты? На гэтыя ды іншыя пытанні шукаў адказы мастак, музыка і паэт Андрусь Такінданг у гутарцы з Алісай Поль, на Беларускім Радыё РАЦЫЯ.

На вашу думку, якія зараз ёсць магчымасці ў Беларусі ў музыкаў?

— Найперш гэта анлайн-выступы, а па другое ўсё адно існуюць нейкія канцэрты, нейкія выступы, яны цалкам не зніклі нават насуперак каранціну ці пагрозам.

Якім чынам вы змаглі трансфармаваць свае выступы ў час каронавірусу?

Сапраўды шмат канцэртаў адмянілася з-за каронавірусу. Пачалі больш улягаць тады ў запіс нейкіх песняў і даследаваць для сябе фармат анлайн-канцэртаў. Гэта не раўназначная замена, ні ў якім сэнсе, ні матэрыяльна, ні эмацыйна яно не можа замяніць, але ўсё адно трэба нешта рабіць, таму больш улягалі ў анлайн-выступы. Пасля ўжо з’явіліся дваравыя канцэрты на вуліцы, музыкі маглі граць у дварах. Гэта не клубнае памяшканне, а менавіта адкрытая прастора, пляцоўка, двор, гэта эмацыйна было вельмі добра. Усе засумавалі па такіх канцэртах, гледачы і музыкі. Таму з вялікай радасцю артысты ладзілі такія канцэрты.

Ці нанесла палітычная сітуацыя ў краіне свой адбітак на вашу творчасць?

— Летам, калі пачаўся беларускі ўздым, рух, то пісалася шмат песняў на гэтым уздыме. Я свой рэпертуар, рэпертуар гурту «Рэха», папоўніў новымі песнямі, якія былі хуткай рэакцыяй, хуткім адказам на тое, што адбывалася вакол. Пасля аўдыторыя гурта «Рэха» значна пашырылася, калі пачаліся дваравыя выступы, або калі нас затрымалі, то ўзнікла вялікая салідарнасць і павялічылася колькасць праглядаў і пазнавальнасць калектыву павялічылася.

Андрусь Такінданг дадаў, што добрай магчымасцю ў каронавірусны час і час палітычных зменаў былі менавіта дваравыя святы. Але цяпер такія сустрэчы пераследуюцца сілавікамі.

Поделиться ссылкой: