Андрэй Леванюк. Фота "Вясна. Брэст"

Берасцейца Андрэя Леванюка суд Маскоўскага раёна Брэста 7 красавіка асудзіў на месяц зняволення за цытату з малітвы на фасадзе жылога дома “Но избави нас от лукавого”, паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр «Вясна».

Андрэй Леванюк асуджаны па арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Суддзя Вера Філонік прызнала мужчыну вінаватым і пакарала яго месяцам арышту.

За цынічную цытату з Бібліі – месяц арышту
Суддзя Вера Філонік выносіць прысуд Андрэю Леванюку. Фота: “Вясна. Брэст”

На судзе Андрэй пагадзіўся, што надпіс наносіў ён. Але адзначыў, што будынак ужо да гэтага неаднаразова быў “пашкоджаны” іншымі малюнкамі, але ЖЭС гэта не хвалявала. Раней Андрэя прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за нанясенне гэтага надпісу, але потым палічылі, што гэта ўсё ж такі злачынства.

Згодна з версіяй абвінавачвання, 13 лютага на фасадзе дома па вуліцы Вішнёвай Брэста чырвоным балончыкам быў нанесены надпіс “Но избави нас от лукавого”. З-за гэтага ЖЭС-6 панес страты на суму 51 рубель 99 капеек. Па матэрыялах справы, гэты надпіс пагоршыў “эстэтычнае ўспрыманне” будынка.

Паводле абвінавачвання, такім чынам Леванюк праявіў незадаволенасць вынікамі выбараў прэзідэнта, а таксама дзеяннямі супрацоўнікаў праваахоўных органаў “па супрацьдзеянні масавым беспарадкам”.

Будзьце асцярожныя пры цытаванні Бібліі.

Поделиться ссылкой: