Уладзімір Няпомняшчых. Фота: Анатоль ЛІПСКІ.
Уладзімір Няпомняшчых. Фота: Анатоль ЛІПСКІ.

Выязны суд Савецкага раёна Гомеля, які праходзіў у мясцовым СІЗА-3, пакараў 7 красавіка грамадскага актывіста і палітыка, былога афіцэра міліцыі Уладзіміра Няпомняшчых 2 гадамі і 6 месяцамі зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.  Апроч таго, Уладзімір мусіць выплаціць тысячу рублёў маральнай шкоды.

Пра гэта паведаміў адвакат актывіста Сяргей Красноў. Іншых падрабязнасцяў абаронца распавесці не можа – у яго ўзята падпіска пра невыдаванне.

Вядома, што Няпомняшчых судзілі паводле двух крымінальных артыкулаў: 366 – пагроза ці гвалт у дачыненні да службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў і 369 – абраза прадстаўніка ўлады. З 23 снежня Уладзімір знаходзіцца пад вартай. Даследаваў крымінальную справу супраць актывіста капітан юстыцыі Андрэй Кусянкоў з Гомельскага  раённага аддзела СК, а разглядаў справу суддзя Савецкага раёна Аляксандр Мохараў.

А здарылася вось што. У лістападзе былы афіцэр міліцыі прысуднічаў на судзе гамяльчаніна Георгія Васіленкі, які падчас жнівеньскіх пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў замяніў на цэнтральнай плошчы афіцыйны сцяг на нацыянальны бел-чырвона-белы.

Крымінальную справу ў дачыненні  Васіленкі за злоснае хуліганства разглядаў суддзя Цэнтральнага раёна Сяргей Салоўскі, а абвінавачванне падтрымлівала прадстаўніца пракуратуры Алеся Жураўлёва. Калізія ў тым, што следчыя на пачатку распачалі справу за здзек над дзяржаўнымі сімваламі, а пасля перакваліфікавалі на злоснае хуліганства. Санкцыі паводле гэтага артыкула больш суворыя.

У судзе памочніца пракурора горада Алеся Жураўлёва як дзяржаўны абвінаваўца падтрымала кваліфікацыю дзеянняў Васіленкі і прапанавала асудзіць 25-гадовага гараджаніна менавіта на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу. У выніку суд і пакараў Васіленку 2 гадамі “хіміі”.

На толькі што абвешчаны прысуд эмацыйна адрэагаваў прысутны ў зале Уладзімір Няпомняшчых. Казаў, што справу сфальсіфікавалі, і за гэта ўрэшце будуць адказваць усе – пракуроры, следчыя, суддзі, міліцыянеры. Апошнія з іх бачылі замену сцяга на флагштоку, але не рэагавалі на такія дзеянні.

Праўдападобна, што  рэакцыю Уладзіміра Няпомняшчых на прысуд прадстаўніца пракуратуры Жураўлёва і ўспрыняла як пагрозу на свой адрас. Да пагрозы следства дадало яшчэ адзін крымінальны артыкул – публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.  Відаць таму, што актывіст  выказаў агульную па сэнсу фразу, у якой адносіў сілавікоў да “арганізаванай злачыннай групоўкі”.

“Прысуд выглядае расправай над актывістам, – кажа гомельскі палітык Васіль Палякоў. – Уладзімір – адзін з найбольш актыўных удзельнікаў кампаніі-2020 ў Гомелі, быў на выбарах “кандыдатам пратэсту”. Ён не цярпеў несправядлівасці, парушэння правоў грамадзян, заўсёды выступаў у абарону незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Абвінавачванні супраць Няпомняшчых у “пагрозе гвалту” і “абразе” прадстаўніка ўлады – гэта толькі нагода. Прычына ў палітычнай актыўнасці калегі ды імкненні ўладаў запалохаць людзей, дарэшты прыдушыць пратэстныя настроі грамадзян, незадаволеных фальсіфікацыяй выбараў і гвалтам сілавікоў”.

Што тычыцца закрытасці суда, зазначае Палякоў, то гэта ўжо страх саміх уладаў, што на пасяджэннях будзе шмат гараджанаў, і яны пачуюць абсурднасць абвінавачванняў супраць актывіста.

68-гадовы Уладзімір Няпомняшчых з’яўляецца пенсіянерам МУС.  Пасля службы ў міліцыі  і звальнення ў запас па стану здароўя ён займаўся працяглы час прадпрымальніцтвам. У горадзе актывіста ведаюць як чалавека, які ўлетку часцяком ходзіць у майцы “За Беларусь без Лукашэнкі”, “Хопіць, дастаў”. Ён яшчэ і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2016 і 2019 гадах на парламенцкіх выбарах Няпомняшчых балатаваўся кандыдатам у дэпутаты, а  на мінулагодніх прэзідэнцкіх выбарах вылучаўся “кандыдатам пратэсту” ў спісе Мікалая Статкевіча.

Выбарчую кампанію актывіст скарыстаў, каб сабраць ахвочых гамельчан для назірання за галасаваннем непасрэдна на выбарчых участках. Калі назіральнікаў не дапусцілі на ўчасткі, Няпомняшчых з паплечнікамі стаў сачыць за галасаваннем каля выбарчага ўчастка праз акно.

Уладзіміра неаднаразова арыштоўвалі і штрафавалі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Гомелі і Мінску.

Праваабрончыя арганізацыі прызналі Уладзіміра Няпомняшчых палітычным вязнем.

Поделиться ссылкой: