Алесь Бяляцкі. Фота: Tut.by

«Схадзіў на допыт у СК. Заявіў патрабаванне, згодна арт. 21 Кодэксу пра вядзеньне допыту і пратаколу па-беларуску. Слядачка паспрабавала правесці допыт, але на зачытванні правоў і маім тлумачэнні, што я ня ўсё дакладна разумею, допыт і скончыўся. Будуць перакладаць пытаньні і шукаць беларускую форму пратаколу, якая ў іх, дарэчы, распрацаваная. Допыт перанеслі на пятніцу,» – паведаміў праваабаронца.

У сераду, сёмага красавіка, паводле інфармацыі ад прэс-службы страціўшага рэгістрацыю праваабарончага цэнтра «Вясна», працягваюцца допыты ў Следчым камітэце сябраў цэнтра, валанцёраў і грамадскіх актывістаў па ўсёй Беларусі.

Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Допыт Алеся Бяляцкага перанеслі з-за патрабавання весці яго на беларускай мове
Фота: spring96.org

Сёння, на 10 гадзін раніцы на допыт у Цэнтральны апарат Следчага камітэту выклікалі ў якасці сведкі старшыню Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага. Але з-за таго, что ён запатрабаваў допыт і пратакол допыту па-беларуску, следчыя мерапрыемствы былі перанесеныя на пятніцу, 9 красавіка.

Выклікаюцца на допыты таксама праваабаронцы ў Светлагорску і Мазыры.

Фактычна, за сакавік – красавік праз допыты і затрыманні па справе “Вясны” прайшло некалькі дзесяткаў праваабаронцаў, валанцёраў і журналістаў у многіх гарадах Беларусі.

Раней былі затрыманыя і знаходзяцца ў следчых ізалятарах праваабаронцы і валанцёры Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк (Мінск), Леанід Судаленка (Гомель) і Таццяна Ласіца (Рэчыца).

Рада ПЦ “Вясна” выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да  арганізацыі і яе сябраў і заявіла, што ніколі не спыніць сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на карысць беларускага грамадства.

Поделиться ссылкой: