Хакейная зборная Беларусі пачала падрыхтоўку да чэмпіянату свету.

Нагадаем, што гэта першынство павінна было праходзіць у Мінску і Рызе, але Міжнародная федэрацыя хакея вырашыла не праводзіць частку турніру ў беларускай сталіцы з-за падзей, якія адбываюцца ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Латвія вызначана адзіным месцам правядзення чэмпіянату, усе матчы пройдуць у Рызе. Асноўным стадыёнам стане “Арэна Рыга”, там згуляюць каманды групы “B”, а таксама пройдуць два чвэрцьфіналы, паўфінальны і медальны раўнд.

Другім стадыёнам стане Алімпійскі спартыўны цэнтр, які будзе пераабсталяваны ў лядовую арэну ўмяшчальнасцю да 6000 чалавек. Там адбудуцца матчы групы “A” і два чвэрцьфіналы.

Зараз беларуская каманда пад кіраўніцтвам Міхаіла Захарава пачала падрыхтоўку. У планах зборнай – шэсць выязных таварыскіх матчаў.

16–17 красавіка беларусы ў Будапешце згуляюць супраць каманд Аўстрыі і Венгрыі адпаведна. Затым беларускую зборную чакаюць паядынкі супраць расіян у Маскве (23–24 красавіка). Завершыцца праграма таварыскіх матчаў спаборніцтвам з камандай Германіі (7–8 мая, Нюрнберг).

Пакуль на збор выкліканы 15 чалавек.

Варатары: Аляксей Коласаў (“Дынама-Мінск”, КХЛ), Іван Кульбакоў (“Сочи”, КХЛ), Канстанцін Шостак (“Северсталь”, КХЛ).

Абаронцы: Алег Явенка (“Трактор” (Чалябінск), КХЛ), Уладзіслаў Яроменка, Дзмітрый Знахарэнка, Ілья Салаўёў, Сцяпан Фалькоўскі, Ілья Шынкевіч (усе – “Дынама-Мінск”, КХЛ).

Нападаючыя: Андрэй Бялевіч (“Торпедо” (Ніжні Ноўгарад), КХЛ), Арцём Дзямкоў, Франсіс Парэ, Ілья Усаў (усе – “Дынама-Мінск”), Андрэй Касціцын (без клуба), Сяргей Касціцын (“Браціслава Кэпіталс” (Славакія), ICEHL).

У трэнерскі штаб зборнай увайшлі: Міхаіл Захараў, Дзмітрый Карпікаў (“Юнацтва”), Міхаіл Кравец, Аляксей Селіверстаў, Алег Навіцкі (усе – “Витязь”, КХЛ).

На папярэднім этапе чэмпіянату свету – 2021 у Рызе зборная Беларусі згуляе ў групе “А”, якая будзе праводзіць свае матчы ў Алімпійскім спартыўным цэнтры. Сапернікамі каманды Міхаіла Захарава стануць зборныя Славакіі (21 мая, 20.15 па мінскім часе), Швецыі (23 мая, 16.15), Чэхіі (24 мая, 20.15), Вялікабрытаніі (26 мая, 20.15), Даніі (28 мая, 20.15), Швейцарыі (30 мая, 16.15) і Расіі (1 чэрвеня, 20.15). Чатыры лепшыя каманды з групы выйдуць у чвэрцьфінал.

Каманды групы “В” (зборныя Канады, Фінляндыі, ЗША, Германіі, Латвіі, Нарвегіі, Італіі і Казахстана) выступяць у “Арэне-Рыга”.

Публікацыя – з № 26 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: