Наведаў днямі сталічны Палац мастацтва, каб паглядзець юбілейную выставу суполкі «Пагоня». Уражанні засталіся самыя станоўчыя. Малайцы «пагонічы»! Яны ніколі не заставаліся ўбаку ад злабадзённых праблем нашага грамадства, у тым ліку палітычных, паўставалі на абарону нацыянальнай культуры. Не набралі яны ў рот вады і сёння, калі дзяржава пусціла на поўны ход сваю рэпрэсіўную машыну. Хачу адзначыць пабачаныя ў экспазіцыі творы Аляксея Марачкіна, Міколы Купавы, Генадзя Драздова і другіх блізкіх мне па духу мастакоў. Раю ўсім чытачам «Народнай Волі» наведаць выставу «Пагоні».

І ўсё ж на выхадзе з Палаца мастацтваў мяне чакала лыжка дзёгцю ў бочку з мёдам. Проста на дзвярах маю ўвагу прыцягнула вялікая афіша, з якой я даведаўся, што 14 красавіка ў палацы распачнецца праваслаўная выстава пад красамоўным лозунгам «Когда мы едины – мы непобедимы». Хто збіраецца «победить» – падказвае надрукаваная на афішы імперская георгіеўская стужка. А адным з куратараў той выставы выступае Свята-Елісавецінскі манастыр, які можна з поўным правам назваць адной з крэпасцяў «русского мира» ў Беларусі.

Пра той манастыр летась і «Народная Воля» пісала. Гэта яго духоўны кіраўнік протаіерэй Андрэй Лемяшонак аднойчы накінуўся на верніцу, што асмелілася загаварыць у манастыры пра зверствы амапаўцаў, асадзіўшы яе нечаканай тырадай: «А тебе не жалко ОМОН? Настоящие мученики – это ОМОН. Если бы не он, ты знаешь, что здесь было бы?» А ўсім маці збітых і пакалечаных на вуліцах і ў турмах «пастырь овец православных» Лемяшонак параіў пакаяцца перад… тым жа АМАПам.

Зразумела, што пад выглядам праваслаўнай выставы дзеячы з Расіі, Беларусі і Украіны (заяўленыя ў афішы) зладзяць у цэнтры беларускай сталіцы палітызаванае мерапрыемства, дзе чарговым разам будуць мацаваць «духовные скрепы русского мира» і, магчыма, заклікаць да пакаяння перад амапаўцамі. І тут у мяне ўзнікае пытанне да ўласнікаў палаца.

Ён належыць Саюзу мастакоў, які, здаючы плошчы ў арэнду, зарабляе на жыццё і статутную дзейнасць грамадскай арганізацыі. Але кіраўніку СМ Глебу Отчыку, відаць, усё ж варта трохі вывучаць дзейнасць сваіх арандатараў. Іначай такія «праваслаўныя» выставы звядуць на нішто і тую карысную дзейнасць, якую праводзіць Саюз мастакоў, у тым ліку і праз Палац мастацтва.

Неяк у маёй свядомасці не сумяшчаюцца выстава «Пагоні» і георгіеўская стужка. Ці – грошы не пахнуць, шаноўны старшыня Саюза мастакоў?

Уладзімір САМУСЕНКА. Мінск

Публікацыя – з № 26 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: