Дырэктар музея пісанкі Ганна Галубцова з калекцыяй, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны
Дырэктар музея пісанкі Ганна Галубцова з калекцыяй, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны

У мястэчку Сапоцкіна а знаходзіцца ці не адзіны ў Беларусі музей пісанкі. У ім каля дзвюх тысяч велікодных яек.

Нават самыя сучасныя, прасунутыя людзі сёння наўрад ці могуць уявіць Вялікдзень без фарбаваных яек. Традыцыя цягнецца з далёкага мінулага. У невялічкім мястэчку Сапоцкіна сіламі Ганны Галубцовай, загадчыцы музея пісанкі, традыцыі маляванак сабраны і захаваны ў адным месцы.

Спадарыя Ганна распавядае, што з дзяцінства маляваць і распісваць яйкі было яе ўлюбёным заняткам. Гэтую цікаўнасць ёй прывіла мама, а пазней яна пачала звяртаць увагу, як гэта робяць іншыя людзі ў мястэчку і навакольных вёсках.

– Ксёндз у касцёле, асвячаючы яйкі, таксама звяртаў увагу на незвычайную афарбоўку і прапаноўваў людзям выстаўляць іх, каб усе бачылі, – згадвае жанчына.

Ганна Чаславаўна, пачаўшы працаваць у мясцовым Доме культуры, наладзіла падобныя выставы. Традыцыя дэкарыравання велікодных яек (пісанак, або, як кажуць мясцовыя жыхары, маляванак або рысаванак) у 2013 годзе была ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Дарэчы, над калекцыяй працавалі 16 майстроў з сапоцкінскага рэгіёна.

Трэба адзначыць, што для таго, каб пісанка была прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю, неабходна выканаць пэўныя патрабаванні. Як распавядае Ганна Галубцова, яйкі распісваюцца чорнай фарбай, якая рыхтуецца з кары дуба і альшыны, а яшчэ з іржавых цвікоў.

Ідэя не магла не захапіць маю суразмоўніцу, а таксама яе землякоў, прычым самых розных узростаў – ад малога да старога. Як выявілася, гэта цікава і для турыстаў, якія наведваюць Аўгустоўскі канал і па дарозе спыняюцца ў Сапоцкіне, каб пабачыць неардынарную гісторыка- культурную каштоўнасць.

У 2017 годзе колькасць экспанатаў павялічылася настолькі, што Ганна Чаславаўна і яе калегі прыйшла да высновы: надышоў час стварыць музей пісанкі.

Што ёсць у экспазіцыі

Столькі распісаных яек у адным месцы мне раней бачыць не даводзілася. На першы погляд гэта здаецца нечым штучным, але калі гаспадыня музея пачынае распавядаць, разумееш, што ўсё тут жывое.

Тут ёсць звычайныя курыныя яйкі, ёсць вялікія страўсіныя і гусіныя, а побач – малесенькія перапяліныя. Усе яны распісаны разнастайнымі ўзорамі, выявамі святых – каля кожнага экспаната падоўгу затрымліваешся, каб разглядзець. Неверагодна цікава!

– Учора нам падаравалі чатыры яйкі з драпанкай: гэта калі ўзор выдрапваецца на фарбе танюсенькай іголкай. Рэдкія экспанаты! – паказвае спадарыня Ганна.

А побач ляжаць яйкі, фарбаваныя ў цыбульніку. Гэта, кажа загадчыца музея, бадай самы просты спосаб. Але і ў такім выпадку можна знайсці месца для творчасці. Падчас працэсу фарбавання на яйкі накладваюць галінкі, кветачкі, карункі ці ячшэ нешта, і на іх з’яўляецца непаўторны ўзор.

Сярод экспанатаў ёсць незвычайнае велікоднае яйка з макароны і твор сербскага стаматолага – пустая цэлая шкарлупіна яйка, упрыгожаная арнаментам з соцень дзірачак, прасвідраваных бор- машынай.

А на адным са страусіных яек надпіс па-польску: “На свята павінна быць шмат каляровых яек”.

Што датычыцца ўзораў, колераў, то на яйках сучасныя творчыя людзі пакідаюць усё, што ім прыходзіць да галавы. У калекцыі нават яйкі, на якіх намаляваны медыцынскія маскі, якімі ўсе мы карыстаемся падчас пандэміі.

А вось калекцыя з польскага Ліпска, які ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад Сапоцкіна і дзе таксама ёсць музей пісанкі. Яны яркія – як патлумачыла спадарыня Ганна, распісаны фарбамі для тканіны.

– Нашы экспанаты таксама ёсць у Ціханоўцы, што на польскім баку, у музеі сялянскай гаспадаркі, – распавядае загадчыца незвычайнага музея. – Да пандэміі, калі працавала бязвізавая зона, мы ездзілі адзін да аднаго.

Найбольш пашыраны і любімы матыў мясцовага роспісу – разетка: па цэнтры яйка размяшчаецца круг, а свабодная плошча запаўняецца паўкругамі, кропкамі, ланцужкамі. Нярэдка цэнтр разеткі трапляе на канцы яйка. Такая кампазіцыя абумоўлена асаблівасцямі тэхналогіі: майстрыха трымае яйка паміж вялікім і ўказальным пальцамі і па крузе наносіць узор з кропелек.

Адна з важнейшых задач для майстроў пісанкі – захаванне яек для калекцыі, бо зразумела, што гэта натуральны прадукт, які мае ўласцівасць псавацца. А таму ў музеі некаторыя экспанаты – гэта пустыя яйкі, з якіх перад роспісам была выдзьмута ўнутранасць. Для гэтага майстры распрацавалі адмысловую тэхналогію і пакуль ні з кім ёю не дзеляцца. Праўда, папярэджвае Ганна Галубцова, дакранацца да экспанатаў нельга: некаторыя папросту могуць выбухнуць.

Завялі новую кнігу водгукаў

У эпоху інтэрнэту дзе-небудзь у амерыканскай Арызоне альбо ў Індыі няцяжка даведацца, што ў Сапоцкіне існуе музей пісанак. Падчас бязвізавай зоны ў музей з задавальненнем прыязджалі турысты. Асабліва ўсім падабаліся майстар-класы: удзельнікі маглі падоўгу сядзець за сталом і тонкімі галінкамі з цвічкамі на канцы выводзіць свае ўзоры.

– Адкуль у нас толькі не было наведвальнікаў! – кажа спадарыня Галіна. – І з Амерыкі, і з Індыі, і кітайцы распісвалі яйкі сваімі ўзорамі. Я ўжо не кажу пра еўрапейцаў. Нам давялося нават новую кнігу водгукаў заводзіць.

Паводле слоў маёй суразмоўніцы, усе турысты адзначаюць, што ў музеі пануе нейкая свая атмасфера, у якой хочацца затрымацца. А той, хто пабываў аднойчы, і сам хоча трапіць сюды яшчэ раз, і распавядае пра музей знаёмым, такім чынам павялічваючы колькасць новых наведвальнікаў.

Дарэчы, усім сваім гасцям Ганна Чаславаўна прапаноўвае памаляваць на сырых яйках. Бо потым іх можна акуратна выдзьмуць – і ўласнаручна зробленая пісанка надоўга застанецца на памяць.

Дарэчы, згодна з традыцыяй, пісанку неслі ў храм, асвячалі, а потым дарылі хросным дзецям – каб у хрэснікаў цэлы год быў дастатак і наогул усё добра.

Пра традыцыі варта дбаць…

Публікацыя – з № 26 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: