Ігар Барысаў выйшаў на волю

Учора пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў. Ён расказаў «Народнай Волі» пра катаванні, якія яму давялося вытрымаць.

– Ігар, віншую з выхадам на волю! Жонка сказала, што ў вас моцны галаўны боль. Не давалі лекаў?

– Справа не толькі ў леках. Атмасфера там вельмі нервовая… Пасля 26 сакавіка ва ўсіх турэмшчыкаў цалкам змянілася стаўленне да арыштантаў. Матрацы пазабіралі, спалі на голых нарах, і камеру запоўнілі звыш нормы – было 15 чалавек на 10 месцаў. Перабоі з харчаваннем, ежы не хапала, а аднойчы зусім не пакармілі. У пятніцу з’явіліся амапаўцы, яны ўсім надавалі па нагах, а каму і па нырках перапала.

– Вам таксама?

– Мне – не, а вось аднаму з сакамернікаў дасталася моцна.

– За што?

– Ды проста так! Выходзіш на ранішнюю праверку – яе рабілі назіральнікі разам з амапаўцамі, і яны амаль нікога не прамінулі. Дасталася многім. Учора (размова была 5 красавіка. – М.К.) забралі з камер усе прадукты, усю літаратуру, асадкі, сшыткі. І не было чым займацца, толькі сядзіш і ў столь глядзіш.

– Лічылася, што раней да палітычных было больш прыстойнае стаўленне…

– Не, там нічога прыстойнага няма. Радыё ўключаюць на поўную магутнасць, іх любімы спеў – «Слухай бацьку».

– Відаць, за два тыдні словы на памяць вывучылі?

– Мы берушы ўстаўлялі ў вушы – рабілі іх з падручных сродкаў. Святло не гасяць – усю ноч гарыць. Ноччу будзяць – спецыяльна робяць пераклічку, каб сон быў парушаны. Днём сядзець на нарах катэгарычна забаронена, нават калі камера перагружана. Мы аднойчы ўсёй камерай напісалі 45 скаргаў – на ўмовы ўтрымання. Нас сем сутак не вадзілі на прагулку, і ежы не хапала, у камеры шмат хто паліў. Турэмшчыкі імкнуліся прычыніць маральныя і фізічныя пакуты ўсім, хто знаходзіцца за кратамі.

– Прафілактычных гутарак з вамі не праводзілі?

– Быў адзін падпалкоўнік, які прыехаў на другі дзень пасля таго, як мяне перавялі ў Жодзіна. Ён цікавіўся старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаем Казловым. Бо супраць яго быццам ўзбудзілі крымінальную справу ў сувязі з тым, што разгалошана прозвішча супрацоўніцы, якая выклікала яго позвай у Следчы камітэт, а Казлоў тады адмовіўся ад дачы падпіскі аб неразгалошванні. І гэты падпалкоўнік цікавіўся маім званком Казлову, пытаўся, пра што мы гаварылі. Я адказаў: маўляў, вы, пэўна, самі ведаеце, пра што…

– Дык ці выйдзе Казлоў бліжэйшымі днямі на волю, калі, магчыма, ёсць яшчэ і крымінальная справа?

– Наколькі я ведаю, зараз ён сядзіць па адміністрацыйнай справе…

На Акрэсціна, дарэчы, усіх моцна травілі хлоркай. Справа выглядала так: напрыклад, наша камера была двухмесная, а ў ёй знаходзіліся 10 чалавек напрыканцы. І з раніцы адчыняюцца дзверы, усіх выводзяць, бяруць вядро з хлоркай, выліваюць у камеру і заганяюць назад. І калі ў цябе ёсць ануча, то ты выціраеш ёю гэтую смярдзючую ваду, а калі няма – здымаеш майку альбо трусы і робіш тое ж самае. Літаральна праз некалькі гадзін ва ўсіх пачынаецца галаўны боль.

Сістэма так працуе, што там няма адчыненых вокнаў, а лючок, які прадугледжаны для кармушкі, яны не адчыняюць, каб праветрыць. Калі мы грукаліся ў дзверы і казалі, што дыхаць няма чым, прасілі адкрыць хаця б гэты люк, нам казалі: «Не паложана!» І такое яны на Акрэсціна практыкуюць кожны дзень… Ці ж не катаванне гэта?!

Казлова ўвогуле пасадзілі ў карцар памерам два на тры метры і падсялілі туды шэсць чалавек, а потым яшчэ і бамжа падкінулі. Пра гэта мне распавялі хлопцы, з якімі нас разам этапіравалі ў Жодзіна. І ў адрозненне ад нас ім не адно, а два вядры хлоркі плюхнулі. У некаторых хлопцаў потым былі апёкі слізістай.

– А зараз Казлоў на Акрэсціна ці яго перавялі ў Жодзіна?

– Не ведаю…

Яшчэ калі казаць пра прафілактычныя гутаркі, то амаль усіх на Акрэсціна вадзілі на аўдыенцыю да прадстаўніка мінскай міліцыі, пыталіся «Што вы думаеце пра пратэсты?».

– Ведаю, што жонка паспела вам перадаць лекі ад мігрэні…

– Так, але ў Жодзіне з лекамі было цяжкавата. Напрыклад, аднаму з маіх сакамернікаў іх не далі. Ён скардзіўся на галаўны боль і прасіў, каб далі хоць што. Яму не далі ні таблеткі, не паклікалі фельчара, і тады ён аб’явіў сухую галадоўку – трымаў да таго часу, пакуль на яго, нарэшце, не звярнулі ўвагу. Далі яму потым нейкія тры таблеткі.

Тым, у каго былі прыкметы тэмпературы, ніхто яе нават не памераў, хаця абяцалі. А раніцай ужо ўся камера прачыналася з насмаркам і галаўным болем. Відаць, вірус.

У нашай камеры вельмі моцна па нагах надавалі аднаму хлопцу – яны распухлі, і ён ледзь мог устаць. І фельчар не прыходзіў. Даводзілася проста кампрэсы з мачой на ноч рабіць праз цэлафанавыя пакеты, каб ацёк паменшыць…

У такіх дзікунскіх умовах людзі абсалютна бяспраўныя. Ты нават не чалавек. Ты ніхто… Адкрытым тэкстам кажуць: няма чаго было сюды трапляць, вы тут усе за трыццаць еўра сядзіце, без каардынатараў-лялькаводаў ні на якія пратэсты вы не здольныя… Карацей, мы столькі ўсяго наслухаліся!..

А калі матрацы ў нас забіралі, папярэдзілі: скажыце дзякуй тым, хто выйшаў на волю і расказаў, што тут адбываецца.

– Ведаю, што вам пісалі шмат лістоў…

– Яны не даходзяць. На выхадзе ў мяне забралі ўсе паперы, на якіх былі пазначаны кантакты тых, хто ў камеры разам быў.

Дарэчы, у душ вадзілі два разы за 12 дзён, у Жодзіне.

Публікацыя – з № 26 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: