Ігар Барысаў выйшаў на волю

“Народная Воля” пагутарыла са старшынёй БСДП Ігарам Барысавым, які сёння пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю.

Да Ігара Барысава ў Жодзінскую турму прыязджаў падпалкоўнік, які задаваў пытанні пра старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

“Ён прыехаў адразу на другі дзень пасля таго, як мяне перавялі ў Жодзіна, – распавёў Барысаў “Народнай Волі”. – Цікавіўся Мікалаем Казловым. Супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу ў сувязі з тым, што разгалошана прозвішча супрацоўніцы, якая выклікала яго позвай у Следчы камітэт, а Казлоў тады адмовіўся ад дачы падпіскі аб неразгалошванні. І падпалкоўнік цікавіўся маім званком Казлову, пытаўся, пра што мы гаварылі. Я адказаў: маўляў, вы, пэўна, самі ведаеце пра што…

Калі верыць хлопцам, якіх разам са мной этапіравалі ў Жодзіна, то Казлова ўвогуле пасадзілі ў карцар памерам два на тры метры, і падсялілі туды шэсць чалавек, а потым яшчэ і бамжа падкінулі. Ім, быццам, у адрозненне ад нас, два вядры хлоркі плюхнулі. У некаторых потым былі апёкі слізістай…”

“Народная Воля” распытала Ігара Барысава пра знаходжанне за кратамі.

“Радыё ўключаюць на поўную магутнасць, “Слухай бацьку” – іх любімы спеў, – гаворыць Ігар Барысаў. – Ноччу будзяць – спецыяльна робяць пераклічку, каб сон быў парушаны. Днём сядзець на нарах катэгарычна забаронена, нават калі камера перагружана. Мы аднойчы напісалі 45 скарг – усёй камерай на ўмовы утрымання. Нас сем сутак не вадзілі на прагулку, і ежы не хапала, у камеры шмат хто паліў. Турэмшчыкі спрабавалі прычыніць маральныя і фізічныя пакуты ўсім, хто знаходзіцца за кратамі….

У душ звадзілі два разы за 12 дзён, у Жодзіне. Адным словам, катаванне…”

Падрабязнасці – ў заўтрашнім нумары “Народнай Волі” на сайце www.nv-online.info.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»