Вадзім Мажэйка, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), заяўляе, што перамовы могуць адбыцца тады, калі страх перад будучыняй для многіх людзей ва ўладзе стане большым за страх перад Лукашэнкам, а таксама ацэньвае паводзіны Віктара Бабарыкі на судовым працэсе.

— Амаль 800 тысяч беларусаў прагаласавалі за патрабаваньне Сьвятланы Ціханоўскай аб правядзеньні перамоваў у справе вырашэньня палітычнага крызісу. Але многія нават з тых, хто галасаваў за гэта, зусім ня вераць, што цяперашні рэжым здольны пайсьці на нейкія перамовы. Пры якіх умовах можа скласьціся такая сытуацыя, што ўлады ў той ці іншай форме пойдуць на такія перамовы?

— Мне падаецца, у галасаваньні, якое ініцыявала Ціханоўская, галоўнае — ня сам факт, што будуць перамовы (а калі не перамовы, то што ўзамен — крывавае змаганьне да апошняга патрона?) — а галоўнае, што гэтыя перамовы будуць на пляцоўцы АБСЭ пры міжнародным пасярэдніцтве. І фактычна гэта тое, пра што Ціханоўская дамаўлялася зь міжнароднымі лідэрамі — мы бачым, што галасаваньне падмацоўвалася заявамі эўрапейскіх і амэрыканскіх дэлегацыяў у АБСЭ, што яны гатовыя да такога пасярэдніцтва.

У гэтым сэнсе тут галоўны акцэнт — прысутнасьць міжнароднага мэдыятара, легітымнасьць якога ўсе бакі будуць прызнаваць. Гэта таксама і пэўная гарантыя выкананьня любых дамоўленасьцяў, бо без такіх гарантыяў яны ня шмат будуць вартыя.

Калі перамовы не пачынаюцца, то патэнцыйных удзельнікаў да гэтага прымушаюць. Той ціск, які цяпер існуе на беларускі рэжым (палітычнае процістаяньне, эканамічныя санкцыі) — робіцца, каб прымусіць Менск да перамоваў. Ён мае сэнс у першую чаргу тады, калі вядзе да пэўнай стратэгічнай мэты. Тут гэтая мэта — перамовы.

— Пры якіх абставінах улада, якая называе сваіх апанэнтаў перабежчыкамі і здраднікамі, можа зь імі пайсьці на перамовы хоць у якім фармаце?

— Гэтая рыторыка, што апанэнты нікога не прадстаўляюць, яна ўзаемная. Палітычныя перамовы вядуцца не таму, што апанэнт вельмі добры і ты яго прызнаеш. Перамовы вядуцца таму, што яны патрэбныя. Таму важна фармаваньне такіх умоваў, пры якіх перамовы для абодвух бакоў будуць найлепшым выйсьцем.

Для беларускага ўладнага боку — гэта імавернасьць страціць усё, калі стане яшчэ горш. І, адпаведна, — зацікаўленасьць так урэгуляваць працэс, каб пазьбегнуць найгоршых стратаў. У гэтым сэнсе я мяркую, што перамовы весьціся будуць, але не з Лукашэнкам. З той простай прычыны, што яму няма чаго прапанаваць. Не існуе чагосьці, у чым бы ён быў зацікаўлены больш, чым у захаваньні сваёй улады. І не існуе ніякіх такіх гарантыяў, якім бы ён даў веры.

Іншая справа — гэта ягонае атачэньне, буйныя чыноўнікі, буйны бізнэс. Гэта людзі, якіх вельмі цікавіць, каб працэс транзыту прайшоў бяз чыстак, каб пакараныя былі толькі тыя, хто запляміў рукі ў крыві, а ня тыя, хто ціха сядзеў. Каб не было перадзелу капіталу, нацыяналізацыі, каб яны захавалі бясьпеку і грошы.

— Але як гэтыя людзі могуць весьці перамовы без дазволу Лукашэнкі, нейкім самастойным чынам? Як толькі яны заявяць пра нешта падобнае — яны апынуцца за кратамі.

— Менавіта. Такія перамовы не пачынаюцца менавіта з прычыны такіх страхаў. Трэба, каб гэтыя людзі зразумелі, што цяперашняя беларуская сыстэма ў найбліжэйшы час не захаваецца. Трэба, каб страх перад будучыняй быў большы, чым страх перад Лукашэнкам. Вядома, такія перамовы не пачынаюцца публічна прыгожымі заявамі перад журналістамі. Яны напачатку вядуцца кулюарна, людзі такое не апублічваюць. У публічнае поле гэта выйдзе ў самы крытычны момант.

— У 1999–2000 годзе ў Беларусі ўжо праходзілі перамовы паміж уладай і апазыцыяй, пры пасярэдніцтве АБСЭ на чале зь нямецкім дыпляматам Гансам-Георгам Вікам. Чаму б і зараз Лукашэнку не пайсьці на нейкія неабавязковыя перамовы, каб цягнуць час, заяўляючы: «Глядзіце, я дамоваздольны»?

— Вядома, ён можа выкарыстоўваць самыя розныя маніпуляцыі. Разам з тым мы бачылі, што часам ён здатны на нечаканыя крокі ў самых розных сфэрах — паход у СІЗА КДБ, легалізацыя біткойна і да таго падобнае.

Мне здаецца, асноўная прычына, чаму Лукашэнка не зацікаўлены ў перамовах усур’ёз, — бо яму няма чаго на іх вытаргаваць. Таму ён асабіста зацікаўлены ў перамовах толькі маніпуляцыйна.

Але іншая справа, у чым зацікаўленыя людзі з улады ў другіх эшалёнах. Тыя людзі, якія менш публічныя, але якія маюць свае інтарэсы, якія яны хацелі б захаваць.

— На мінулым тыдні шырока абмяркоўвалася другая спроба каманды Бабарыкі стварыць партыю «Разам». Першая спроба была ў разгар вулічных падзеяў, у жніўні — і тады большасьць успрыняла гэтую ідэю нэгатыўна. Цяпер сытуацыя зусім іншая…

— Я разумею палітычную лёгіку тых, хто хоча стварыць гэтую партыю. У жніўні, сапраўды, многім падавалася, што гэта кароткатэрміновая барацьба. І калі казаць, што гэта спрынт — то партыя, сапраўды, ня тое, што ў такім спрынце дапаможа. Але зараз усім стала бачна, што гэта ня спрынт, а маратон. І ў гэтым сэнсе на стратэгічную пэрспэктыву партыйнае будаўніцтва, гуртаваньне людзей, выпрацоўка агульных дзеяньняў — гэта, канечне, важна.

Іншая справа, — што з гэтага атрымаецца на практыцы. Мы бачым, што поле для легальнай актыўнасьці ў Беларусі зьдзьмулася. Людзям і партыям не даюць магчымасьці праводзіць ніякія легальныя мерапрыемствы, не даюць нават подпісы за адкліканьне дэпутатаў зьбіраць.

Ёсьць вялікія сумневы наконт рэгістрацыі гэтай партыі. А калі раптам зарэгіструюць — дык гэта народзіць новыя сумневы, што можа адбіцца на яе рэпутацыі. І нават калі зарэгіструюць — ну і што? У нас існуе шмат зарэгістраваных партыяў, ці дае гэта ім нейкія перавагі і магчымасьці?

— Суд над самім Віктарам Бабарыкам працягваецца з пэўнымі перапынкамі, і, на думку многіх аглядальнікаў, ён — справа ня толькі ўнутрыбеларуская. Ці рызыкнулі б вы спрагназаваць нейкія вынікі гэтага суду?

— Мне падаецца, калі хто меў засьцярогі (ці спадзевы), што за Бабарыку ўпішацца Масква, — яны даўно павінны былі разьвеяцца. Мы бачым, што прайшлі ўжо дзьве сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, але Бабарыка па-ранейшаму за кратамі, Масква яму тут ніяк не дапамагла.

І, мне падаецца, на гэтым працэсе варта сачыць не за эканамічнай фабулай, прыдуманай, а за паводзінамі Віктара Бабарыкі. Мы бачым ягоныя годныя ўчынкі, ён добра трымаецца, не прызнае сваю віну. Мы бачым, што ён гатовы да палітычнага змаганьня, нават гатовы правесьці пэўны час за кратамі. Мы бачым па рэйтынгах, што гэтая сытуацыя добра адбіваецца на ягоным палітычным капітале, гэта толькі ўмацоўвае ягоныя палітычныя пазыцыі на будучыню. Выглядае, што ён сам гэта разумее, і ягоная пазыцыя ў судзе — такі ж палітычны крок на будучыню, як партыйнае будаўніцтва.

Поделиться ссылкой: