Цяпер пінчукі сумняюцца ва ўстойлівасці псіхікі 109 “пацярпелых” міліцыянтаў і просяць упраўленне ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама правесці атэстацыю гэтых супрацоўнікаў на адпаведнасць займаемым пасадам, паведамляюць праваабаронцы.

Суд Маскоўскага раёна Брэста ужо трэці тыдзень разглядае крымінальную справу па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса супраць 14 пінскіх палітвязняў, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску.

Пацярпелымі па справе выступаюць 109 супрацоўнікаў міліцыі. Паводле допытаў у судзе, прычыненыя ім шкоды не пацягнулі за сабой расстройства здароўя. Допыт міліцыянтаў вядзецца дыстанцыйна з пінскага суда – праз відэаканферэнцсувязь. За гэтыя дні ўжо дапыталі 72 пацярпелых. У агульнай суме іх маральныя пакуты ўжо дасягнулі сумы ў 382 500 рублёў.

Міліцыянты апісваюць перажытае так: «выпрабавалі страх, прыніжэнне, боль і сорам, праз перажытыя падзеі страцілі сон, спакой і апетыт, адчувалі і адчуваюць трывогу».

У адказ на гэта жыхары Пінска і Пінскага раёна стварылі петыцыю, у якой просяць УУС Брэсцкага аблвыканкама правесці пазачарговую атэстацыю ўсіх пацярпелых супрацоўнікаў пінскіх ГАУС і РАУС, якія былі задзейнічаныя ў працы на вулічных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацый выбараў у Пінску, і ўстанавіць ступень адпаведнасці названых супрацоўнікаў займаемым пасадам.

«Мы выказваем сур’ёзную занепакоенасць: ці дазваляе маральна-псіхалагічны стан дадзеных супрацоўнікаў выконваць задачы па абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь?» – задаюцца пытаннем у петыцыі.

Таксама пінчукі адзначаюць, што лічаць рашэнне апісанай праблемы надзвычай важнай справай, бо «за бяспеку грамадзян павінны адказваць супрацоўнікі праваахоўных органаў з устойлівай псіхікай».

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»