Нiна Багiнская: «Маці наша, Беларусь наша, колькі яшчэ будуць звінець ланцугамі дзеці Твае?»
Ніна Багінская. Фота: Associated Press

Нiна Багiнская для DW напiсала пра тое, як яна бачыць Беларусь, Лукашэнку i Цiханоўскую, а таксама пра тое, што натхняе асабіста яе на пратэст.

«Маці наша, Беларусь наша, колькі яшчэ будуць звінець ланцугамі дзеці Твае?

“Собака бьющую руку лижет”. О не, не, не, мы нашчадкі Міколы Гусоўскага, мы племя Скарыны, браты Кастуся Каліноўскага! Мы ўжо вам не сабакі!

Беларусь ліцвінская – краіна жаноцкага роду. Жаноцкі род – гэта вытрымка: вычакаць час, здольнасць ператрываць мажлівую небяспеку. Інтэлект жанчыны вышэйшы за мужчынскі, бо, нарадзіўшы дзіця, жанчына мае клопат аб захаванні роду, а гэта значыць, роднага этнасу, Бацькаўшчыны. Мужчына – ваяр, цяга да войнаў, заваёў, улады – гэта мужчынскі род.

Тысячагадовая гісторыя Беларусі – гэта гісторыя абароны, захавання свайго этнасу ад ворагаў, што праз нашу краіну (цэнтр Еўропы) ішлі на ўсе бакі Свету. На гэта патрэбна больш адвагі, чым забіваць. Наша хрысціянская заступніца Беларусі – Святая Еўфрасіння Полацкая. Яе крыж, зроблены Лазарам Богшам, знаходзіўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, знік падчас II Сусветнай вайны…

Рэпрэсіі ў мінулым i ў сучаснай Беларусі

Пасля II Сусветнай вайны людзі пацягнуліся да дабра, да міра. Краіны з імперскім таталітарным утварэннем пачалі руйнавацца. Толькі праўда, справядлівасць, добрыя ўчынкі захоўваюць жыццё людзей, жыццё нашай планеты Зямля. Сэнс жыцця чалавека – не пагубіць экалогію чалавека, захаваць добрыя стасункі паміж людзьмі, раслінным і жывёльным светам.

А для гэтага трэба прыпыніць работу зла. Мы нелюдзі, калі ў сучасным Свеце Зямлі хоць адна нацыя (народ), хоць адна расліна ці жывёліна загіне, прыпыніць сваё існаванне. На жаль, войны, рэпрэсіі не прыпыніліся. У Беларусі аднавіўся сталінскі фашызм 20-30-х гадоў прошлага стагоддзя. Лукашэнка збудаваў таталітарную сістэму, абустроіў знішчэнне правоў і свабод чалавека. Фактычна на Беларусі ўзнікла рабаўладанне. У гэтым яму дапамагае імперская Пуцінская Маскоўская дзяржава – «Россия».

Мы, народ беларускі, вінаваты, што столькі год – больш дваццаці – трывалі ягоную антынародную сістэму, але ў 2020 г., нарэшце, ізноў падняліся на вызваленне. Сталі вядомы Ціханоўская, Калеснікава, Цапкала… Людзі ўспомнілі свой гістарычны нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сцяг, забаронены ўладаю Лукашэнкі, і масаю пайшлі на пратэсты.

Беларусы – не рабы

Шэлінг і Гегель, нямецкія філосафы ў 30-50 гг. 19 стагоддзя, зрабілі ўплыў на грамадскую думку ня толькі свайго народа, але і народа Расеі. Гэтыя філосафы падзялілі народы на гістарычныя (якія кіруюць) і не гістарычныя (якія падпарадкоўваюцца). Мой народ апынуўся ў кагорце негістарычных, але мой народ не раб і на працягу ўсёй гісторыі вызваляўся ад тых, хто жадаў над ім гаспадарыць. Кастусь Каліноўскі натхніў многія пакаленні на вызваленне ад прымусу суседніх краін – гэта нацыянальны запавет Паўстання ў 1863 годзе.

Зараз у 2020 годзе гісторыя вызвалення паўтарылася. Народ паўстаў супраць тыраніі Лукашэнкі, супраць інтэграцыі з Расіяй, супраць русіфікацыі. Нас рэпрэсуюць турмою, штрафамі, ёсць забітыя. Гэта грамадзянская вайна. Я ў свае 74 гады не баюся – хто не радзіўся, той не памрэ, дык паміраць трэба чалавекам, а не быдлам-свіннёю.

Прыкладам чалавечнасці, розуму, смеласці можа быць навагрудская лекарка Саламея Пільштынова (Русецкая) “Авантуры майго жыцця”.

Маімі арыенцірамі сталі Ларыса Геніюш (“Споведзь”), а яшчэ Зоська Верас (1892-1991 гг.), збіральніца словаў і зёлак. «… ахвярная працаўніца на маларасцяробленых лядах беларускай культуры ды гісторыі. Не маючы ў паслужным спісе ўніверсітэцкіх дыпломаў, закончыўшы ўсяго толькі гімназію і агародніцка-пчалярскія курсы, яна, тым не менш, ні ў якой справе не выглядала дылетантам – пісала вершы і апавяданні, перакладала п’есы для школьных тэатраў, склала запатрабаваны і сёння “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”, рэдагавала часопісы “Заранка”, “Пралескі” і “Беларуская борць” (апошні – спецыялізаваны, для пчаляроў). Зоська Верас пражыла ладную частку жыцця…» Гэта укладанне, прадмова Міхася Скоблы да кнігі спадарыні Верас, якая была выдадзена ў 2015 годзе ў Мінску, – “Пакуль рука пяро трымае. Успаміны, лісты”. Зоська Верас была жывой сведкай нашай гісторыі і паспела ў сваіх лістах данесці праўду людзям, выкрывала фальш савецкай гістарыяграфіі».
Аўтар: Нiна Багiнская, грамадскi дзеяч

Поделиться ссылкой: