Ігар Луцкі. Фота: БЕЛТА
Ігар Луцкі. Фота: БЕЛТА

Былога міністра Ігара Луцкага Лукашэнка прызначыў намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі па ідэалогіі. Замест Андрэя Кунцэвіча.

Новым міністрам інфармацыі прызначыў Уладзіміра Пярцова. Што стаіць за гэтымі перастаноўкамі?

– Гэтыя, здавалася б, руцінныя кадравыя перастаноўкі адлюстроўваюць звыклыя ўяўленьні Лукашэнкі аб прыярытэтах праблем і спосабах іх вырашэньня, – піша палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч на “Радыё Свабода”. – Зьвярніце ўвагу: сытуацыя ў эканоміцы пагаршаецца ўжо колькі месяцаў. Аднак эканамічны блёк ураду не чапаюць, усе віцэ-прэм’еры, міністры працуюць на сваіх пасадах, ніхто іх ня тузае. Нават нарадаў на эканамічныя тэмы няшмат. Перафразуючы Лукашэнку, можна адзначыць, што часам не да эканомікі. Гэта якраз той час.

А вось кіраўнікоў сілавых структураў Лукашэнка апошнімі месяцамі ліхаманкава мяняе. Бо гэтым ён вырашае пытаньне ўлады. І тут ёсьць два складнікі. Першы — гэта стаўка на сілу, гвалт, рэпрэсіі, задушэньне пратэсту. Дзеля гэтага прымаюцца рэпрэсіўныя законы, галоўныя фігуры пратэставага руху аб’яўляюцца тэрарыстамі.

Ёсьць і іншы складнік утрыманьня ўлады. Гэта давер ці, у ідэальным выпадку, падтрымка грамадзтва. А гэта ўжо задача ідэалёгіі, інфармацыйнай палітыкі. І вось тут суцэльны правал. Лукашэнка разумее, што ў гэтым кірунку трэба нешта рабіць, шукаць новыя пункты апоры.

Аднак пры гэтым выкарыстоўваюцца мэтады вельмі традыцыйныя. Вось апэляцыя да канцэпту Вялікай Айчыннай вайны, спроба абвінаваціць палітычных апанэнтаў у рэабілітацыі нацызму.

І, зразумела, стаўка на новыя кадры, якія цудадзейным чынам мусяць усё перавярнуць.

Пэрыяд, калі Ігар Луцкі працаваў на пасадзе міністра інфармацыі, увайшоў у гісторыю як час жорсткага ўдушэньня незалежных мэдыя. Пры ім была ліквідавана друкаваная незалежная прэса. У гэты пэрыяд адбылося больш за 400 затрыманьняў журналістаў, 12 зь іх застаюцца ў турмах у крымінальных справах. Хоць далёка ня ўсё з гэтага чынілася рукамі Міністэрства інфармацыі, але тым ня менш.

Цяпер такую жорсткую лінію на выкараненьне іншадумства Ігар Луцкі закліканы праводзіць ва ўсёй ідэалягічнай сфэры.

Што тычыцца новага міністра інфармацыі Ўладзімера Пярцова, пра яго мала вядома як пра мэнэджара ў сфэры мэдыя. Больш за дзесяць апошніх гадоў ён працаваў на пасадзе дырэктара прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі. Гэтая кампанія ў інфармацыйнай прасторы Беларусі малацікавая і малавядомая, ніякага ўплыву на грамадзка-палітычнае жыцьцё не аказвае.

Пярцоў больш вядомы як прапагандыст, які шмат гадоў у «Клюбе рэдактараў» на БТ-1 хваліць палітыку Лукашэнкі і лае ўсіх ягоных праціўнікаў. Менавіта ў гэтай якасьці яго адзначыў Лукашэнка падчас прызначэньня, назваўшы адным зь «вядучых палітолягаў, журналістаў». Таму і задача перад Міністэрствам інфармацыі стаіць адпаведная — прапаганда.

Яшчэ Пярцоў вядомы як зяць Аляксандра Радзькова, былога першага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта ў 2010-2014 гадах.

І апошняе. Паводле сацыялягічнага онлайн-апытаньня, праведзенага нямецкім Цэнтрам усходнеэўрапейскіх і міжнародных дасьледаваньняў (ZoiS) у сьнежні 2020 году (апытаньне больш як 2000 беларусаў, якія жывуць у гарадах з колькасьцю жыхароў, ня меншай за 20 тысяч), 70% рэспандэнтаў атрымліваюць інфармацыю з сацсетак і незалежных онлайн-плятформаў, 10% — зь дзяржаўных СМІ. З гэтага вынікае, якія невырашальныя задачы пастаўлены перад абодвума новымі прызначэнцамі ў сфэры ідэалёгіі. Гэта той выпадак, калі кадры вырашаюць далёка ня ўсё.

Поделиться ссылкой: