Леў Сапега з’яўляўся адной з самых уплывовых, ды пры гэтым прагрэсіўных асобаў свайго часу. Ён здолеў зрабіць неверагодную кар’еру ды паслужыць дзяржаве ва ўсіх найбольш значных сферах. Палітык, дыпламат, дзяржаўны дзеяч, які застаецца ўзорам і дагэтуль. З нагоды гадавіны нараджэння, «Будзьма!» вырашыла узгадаць жыццё і дзейнасць славутага прадстаўніка беларускага роду Сапегаў.

Канцлер і гетман ВКЛ

Пэўна, не будзе перабольшваннем, калі сказаць, што Леў Сапега з’яўляецца адной з найбольш значных постацяў нашай гісторыі. У свой час ён быў самым уплывовым дзяржаўным дзеячам не толькі найшай дзяржавы, але і адным з самых уплывовых у Еўропе. Кола сфераў яго актыўнай дзейнасці досыць шырокае: ад вайсковай і дыпламатычнай да мецэнацтва і рэлігійных справаў.

Адукацыя Льва пачалася пад наглядам Мікалая Радзівіла Чорнага ў найлепшай установе таго часу — нясвіжскай пратэстанцкай школе, якую адкрылі ўладальнікі Нясвіжа і куды запрасілі выдатных выкладчыкаў з усёй Еўропы. У 13 гадоў Мікалай Радзівіл адправіў хлопца разам са сваімі сынамі на навучанне ў славуты Лейпцыгскі ўніверсітэт. Не толькі дзякуючы ўплыву, сувязям сваёй сям’і і апякунству з боку Радзівілаў, але і дзякуючы добрай адукацыі, бліскучым ведам ды здольнасці прымяняць іх на практыцы, Сапега зрабіў неверагодную кар’еру на дзяржаўнй ніве, якую пачаў яшчэ з маладога ўзроста. Так, на службе двара караля і вялікага князя літоўскага Леў Сапега добра сябе зарэкамендаваў, ды ўжо ва ўзросце 22 гадоў атрымаў пасаду сакратара Стэфана Баторыя, а яшчэ праз год — пісара Канцылярыі ВКЛ. У той жа год малады чалавек выступіў (з канцлерам і падканцлерам) у якасці арганізатара стварэння Трыбунала ВКЛ.

Далей Леў Сапега падымаўся па прыступках дзяржаўнай службы не менш імкліва, ды пачынаў аказваць усё большы уплыў на развіццё дзяржавы і яе лад. Ён займаў пасады падканцлера, канцлера ВКЛ, ваяводы віленскага, вялікага гетмана ВКЛ і маршалка Галоўнага Трыбуналу.

Статут і унія

Безумоўна, як правіла, галоўным дасягненнем Льва Сапегі называюць Статут ВКЛ 1588 года, а ягонае імя суправаджае вобраз старога ды паспяховага магната. Але насамрэч на момант выдання статута, Сапегу было толькі 30 гадоў ды ён яшчэ не заняў пасаду канцлера. Статут ВКЛ 1588 года быў найлепшым у тагачаснай Еўропе зводам законаў, аказаў уплыў на закандаўства многіх іншых краін, ды застаецца спадчынай беларускай мовы і юрыдычнай думкі. Цікава, што на некаторых тэрыторыях Беларусі ён дзейнічаў аж да 1840 года.

Ужо ў той час гэты звод законаў замацоўваў падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, абмяжоўваў уладу вялікага князя і абавязваў весці дзяржаўнае справаводства на беларускай мове. Ды, што было вельмі важна, актуалізоўваў пытанне незалежнасці ВКЛ ад Каралеўстыа Польскага: як у дзяржаўных і вайсковых, так і заканадаўчых ды эканамічных сферах.

Але акрамя свецкіх сфер функцыянавання дзяржавы, актыўная дзейнасць Льва Сапегі распрасціралася і на рэлігійнае жыццё ў краіне. Варта адзначыць, што ён сам некалькі разоў мяняў веравызнанне: перайшоў з праваслаўя ў пратэстантызм, а потым у каталіцтва. З аднаго боку, ён прасоўваў ідэю талерантнасці і верацярпімасці да розных рэлігій і канфесій, а з іншага, падтрымліваў ідэю рэлігійнай уніі, як фактара ўзмацнення дзяржавы, ды сам удзельнічаў у падрыхтоўцы Берасцейскай уніі.

Адметна, што Сапега, асабліва на фоне іншых краін таго часу, адстойваў свецкасць дзяржавы ды супрацьстаяў умяшанню, дамінаванню царквы ў дзяржаве. Тым не менш, ён і сам зрабіў не мала для царквы. Ён выступаў мецэнатам ды фінансаваў будаўніцтва храмаў. Так, на ягоныя сродкі было пабудавана каля двадцаці чатырох касцёлаў і уніяцкіх ды праваслаўных цэркваў, у тым ліку, касцёл Міхаіла ў Вільне, дзе яго пасля смерці пахавалі.

Барыс Гадуноў і Ілжэдзмітрый

Сапега адзначыўся не толькі ў якасці «кабінетнага» дзеяча-чыноўніка, але і выбітнага вайскоўца, вайсковага дзеяча. Ды фінансаваў ён не толькі будаўніцтва храмаў, але выдаткоўваў уласныя сродкі і на ўтрыманне войска. Як было згадана вышэй, сярод іншага, Леў Сапега атрымаў пасаду вялікага гетмана літоўскага — галоўнакамандуючага войскамі краіны. Гэтая пасада была настолькі значнай, што ён мог не ўзгадняць свае рашэнні з каралём і вялікім князем. У прыватнасці, Сапега ўдзельнічаў у вайсковых і баявых дзеяннях супраць Швецыі і, канешне, Маскоўскай дзяржавы, адзначыўся пры аблозе Пскова.

Войны нязменна ішлі рука аб руку з дыпламатычнымі зносінамі, а таму яго дыпламатычныя здольнасці і поспехі, да ўсяго вышэй згаданага, зрабілі Сапегу ўнікальнай дзяржаўнай постаццю. Ён не аднойчы ўзначальваў пасольствы, выступаў ініцыятарам і ўдзельнікам перамоваў па заключэнні замірэнняў, у прыватнасці, са Швецыяй і Масковіяй. Так, ён узначальваў пасольствы ў Маскву, дзе падпісаў мірныя пагадненні з Фёдарам Іванавічам і Барысам Гадуновым.

Ёсць і дужа інтрыгуючыя аспекты дзейнасці Сапегі ва ўсходнім накірунку. Некаторыя гісторыкі лічаць яго адным з галоўных завадатараў «смуты» у Маскоўскім царстве, арганізатарам інтэрвенцыі ды падрыхтоўцам, «пастаўшчыком» шматлікіх ілжэдзмітрыяў. У любым разе, вядома, што менавіта Сапега паспрыяў абранню на царства Уладзіслава Вазы. А ў ягоным палацы гадаваўся Ілжэдзмітрый І (існуюць дакументы пра атрыманне грошай ад караля на ўтрыманне маскоўскага царэвіча).

Поделиться ссылкой: