Народнае антыкрызіснае ўпраўленне адаслала кіраўніцтву Украіны ліст з просьбай адмовіцца ад падтрымкі і фінансавання конкурсу «Славянскі базар», які праходзіць у Віцебску.

Дакумент атрымалі Офіс прэзідэнта Украіны, а таксама міністр культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандр Ткачэнка. Акрамя таго, НАУ папрасіла экс міністра культуры і турызму Украіны, а зараз мастацкага кіраўніка Львоўскага нацыянальнага тэатра оперы і балета Васіля Ваўкуна данесці да дзяржаўных органаў, творчых саюзаў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі Украіны пазіцыю беларусаў.

Нагадаем: нядаўна арганізатары фестывалю апублікавалі афішы са спісамі будучых удзельнікаў. Аказалася, што многія з іх самі не былі ў курсе таго, што далі згоду. Пасля гэтага шматлікія артысты ў сацыяльных сетках заявілі, што на «Славянскі базар» не паедуць: напрыклад, Міхаіл Галустян, Аляксандр Іваноў з групы «Ронда», Антон Табала (HOMIE), а таксама ўкраінская спявачка MARUV і шматгадовы ўкраінскі вядучы фестывалю Цімур Мірашнічэнка.

НАУ пераканана, што ва ўмовах вострага палітычнага крызісу фестываль не можа адбыцца, бо будзе выкарыстаны уладай як інструмент прапаганды і ўласнай легітымізацыі. А артысты, якія пагодзяцца стаць удзельнікамі «Славянскага базару», будуць мімавольнымі «адвакатамі» злачыннага рэжыму.

ТЫМ ЧАСАМ

«Гэта агідна!»

Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў пракаментаваў адхіленне Беларусі ад конкурсу «Еўрабачанне»:

«То бок гэта цэнзура чыстай вады: гэта песня, паколькі мы, незразумела якія, нейкія ананімныя людзі, у гэтай песні ўгледжваем нейкія намёкі, мы вас не пускаем, давайце іншую. Даюць іншую песню, і тое ж самае. Ну што гэта за мастацтва, што гэта за культура, што гэта за дэмакратыя? Тое, што яны зараз вытвараюць з беларусамі, – гэта агідна!»

Нагадаем, Еўрапейскі вяшчальны саюз паведаміў, што Беларусь не будзе ўдзельнічаць у 65-м конкурсе песні «Еўрабачанне» ў маі, паколькі песні нібыта парушалі правілы конкурсу.

Публікацыя – з № 25 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»