Ілюстрацыйны здымак. Фота: TUT.BY
Ілюстрацыйны здымак. Фота: TUT.BY

У адным з апошніх інтэрв’ю лідар прафсаюза РЭП заявіў: «Я не з’яўляюся прыхільнікам таго, каб кідацца ў крайнасці, але тым больш не ўспрымаю метады, якія ўлада выкарыстоўвае супраць грамадзянскай супольнасці. Сітуацыя ў Беларусі цалкам непрадказальная.

…Наступіць момант – і ўжо не спатрэбіцца кіраваць працоўнымі пры дапамозе тэлеграм-каналаў, таму што іх ужо ніхто не спыніць, бо людзям проста немагчыма будзе ўтрымліваць сем’і. Рабочыя тады масава паднімуцца і будуць самі змагацца за свае правы. Гэта ўлада павінна разумець».

Я вырашыў патэлефанаваць прафсаюзнаму актывісту і ўдакладніць: «Калі, на вашу думку, усё-такі наступіць гэты момант? Праз месяц, год ці праз пяць гадоў?»

– Мяркую, што ён наступіць на працягу гэтага года ці некалькі пазней, – прагназуе Генадзь Фядыніч. – Таму што эканоміка падае, і ніякіх падстаў для таго, каб яна паднялася з калень, няма. Больш за тое, мы бачым, колькі ў нас знешніх даўгоў, і іх трэба аддаваць. Прадпрыемствы закрэдытаваны, таму не выключана, што заробкі пачнуць выдаваць нясвоечасова. А многія людзі, на жаль, у нас жывуць ад заробку да заробку.

– Краіна не першы раз перажывае складаныя эканамічныя часы. Няўжо вы думаеце, што сітуацыя можа дайсці да крытычнага стану?

– Згодны, што не першы раз, але ж эканоміка ў заняпадзе. Гэта відавочны факт. З Захаду дапамогі чакаць не даводзіцца, а Расія таксама проста так грошы даваць не збіраецца. Можна, безумоўна, надрукаваць купюры, але ёсць рызыка, што гэта выкліча рэзкае павышэнне цэн і дэвальвацыю. Людзі ўжо бачаць, што ў магазінах пастаянна змяняюцца кошты на прадукты.

– Але вы зрабілі даволі смелы прагноз і, як мне падаецца, не зусім дакладны…

– Прагнозы ніколі не бываюць дакладнымі на 100 працэнтаў, але я зыходжу з сітуацыі, калі эканамічны стан на прадпрыемствах значна пагоршыцца. Відавочна, што зробяць усё магчымае, каб рабочыя атрымлівалі заробкі, але бюджэтная падтрымка не можа працягвацца бясконца. Бо варта думаць не толькі пра заробкі, але і пра рэалізацыю прадукцыі, якая павінна быць канкурэнтнай не толькі па кошце, але і па якасці. І вось тут узнікае шмат пытанняў. А значыцца, узровень жыцця працоўных будзе зніжацца.

– Вы лічыце, гэтага дастаткова, каб народ выйшаў змагацца за свае правы?

– Я разважаю лагічна. Калі сёння чалавек, скажам, атрымлівае тысячу рублёў у месяц, а заўтра яго заробак зменшыцца да 600–700 рублёў, то людзі адназначна адрэагуюць.

Безумоўна, зараз народ стараюцца максімальна запалохаць, і рэпрэсіі будуць працягвацца. Таму людзі выйдуць толькі ў выпадку, калі ў халадзільніку, як кажуць, мыш павесіцца. Пабачым, як будуць складвацца ўнутраныя і знешнія акалічнасці. Ад гэтага залежыць далейшае развіццё падзей.

Публікацыя – з № 25 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: