Фота lesoir.be

На гэтым тыдні нацыянальная зборная Беларусі па футболе ўпісала ў летапіс беларускага футбола яшчэ адну старонку – можна сказаць, трагічную. Бо паражэнне ў адборачным матчы да чэмпіяната свету-2022 ад каманды Бельгіі з лікам 0:8 – гэта не толькі найбуйнейшы правал за ўсю гісторыю і “вялікая нечаканасць” (як сказаў галоўны трэнер беларускай каманды Міхаіл Мархель), а паказчык таго трагічнага стану, у якім знаходзіцца гэты від спорту ў нашай краіне. Калі і можна пра штосьці спрачацца, дык пра тое, гэта дно ці беларускі футбол яшчэ можа яго прабіць.

Міхаіл Мархель. Фота: abff.by
Міхаіл Мархель. Фота: abff.by

“Балельшчыкам можна толькі прынесці прабачэнні, – пасыпаў пасля гульні галаву попелам Мархель. – Гульня нам цалкам не ўдалася. З таго, што мы запланавалі, нічога не атрымалася рэалізаваць, таму і такі вынік. Я з сябе віны не здымаю, напэўна, нешта было не так. Але на хуткую руку рабіць высновы не трэба. Трэба ўсім астыць і прааналізаваць, чаму так адбылося.

Футбалістам, калі не хапае майстэрства, трэба неяк матываваць сябе. Гэтая гульня паказала, што матывацыі ў ігракоў не было. Апусцілі рукі і практычна перасталі гуляць. Для мяне, як для галоўнага трэнера, гэта вялікая нечаканасць. Такіх правалаў мы не маглі нават у страшным сне сабе ўявіць”.

Што адметна, ледзь не большасць балельшчыкаў у гэтай сітуацыі не спачувае нацыянальнай камандзе. У першую чаргу з-за таго, што асноўныя футбалісты той жа зборнай, трэнеры і федэрацыя пасля выбараў не выказаліся наконт таго, што адбывалася ў краіне, а занялі, так бы мовіць, страўсіную пазіцыю. А тых ігракоў, якія ўсё-такі выказалі сваё меркаванне, сёння ў камандзе няма.

Дарэчы, футбалісты зборнай Бельгіі перад матчам з беларусамі падтрымалі акцыю супраць парушэнняў правоў чалавека ў Катары і выйшлі на гульню ў майках з надпісам “Футбол за перамены”. Калі б нашы ігракі апранулі такія майкі, то сёння, відаць, ужо і Мархель вылецеў бы за свайго крэсла, як корак з бутэлькі шапмпанскага, і іншыя адказныя асобы з федэрацыі на чале з Уладзімірам Базанавым.

Футбалісты зборнай Бельгіі перад матчам нават схілілі калені ў падтрымку гэтай акцыі, але беларускія ігракі не падтрымалі сваіх калег і засталіся стаяць. Відаць, ізноў-такі каб іх затым не абвінавацілі ва ўдзеле ў палітычнай акцыі. Як напісаў хтосьці на форуме: “Даволі складаная задача – высвятліць, што складаней: быць анучай у жыцці альбо на полі?”

Бельгійцам затым спатрэбілася ўсяго 90 хвілін, каб не толькі паставіць беларусаў на калені, але і добра патыцкаць іх носам у траву.

Разбор палётаў, безумоўна, яшчэ будзе. Гэтае гістарычнае паражэнне яшчэ доўга будуць успамінаць і футбалістам, і галоўнаму трэнеру. Але вось пытанне: чаму той жа Мархель пасля такой ганебнай гульні не заявіў аб сваёй адстаўцы? Чаму кіраўніцтва Федэрацыі футбола на чале з Уладзімірам Базанвым не сказалі: “Гэта мы давялі нацыянальную каманду да стану дэградацыі, а таму сыходзім у поўным складзе”. А калі гэта не яны давялі, то навошта наогул патрэбна такая федэрацыя, якая не кіруе ніякімі працэсамі?

Але ўсе маўчаць, усе вінавата апускаюць вочы долу, але не спяшаюцца пакідаць цёплыя месцы. Яны яго пакінулі б ужо даўно, калі б сказалі праўду пра тое, што адбываецца ў краіне. Але ж не для таго ж маўчалі.

Таму і на калені нашы футбалісты не станавіліся ў знак салідарнасці з калегамі, і майкі з надпісам “Футбол за перамены” не апраналі. Гэтага ім не даравалі бы. А паражэнне з лікам 0:8? Тут, як кажуць, можна перагарнуць старонку. І – да новых вышынь у гэтым каньёне!

Публікацыя – з № 25 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»