Павел Севярынец. Фота: svaboda.org

Палітык знаходзіцца за кратамі з 7 чэрвеня, але грошы неабходна заплаціць яго блізкім.

Нагадаем, што Павел Севярынец быў затрыманы ў чэрвені, пасля гэтага ў дачыненні да яго былі вынесены тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная за ўдзел у перадвыбарных пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах.

Пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту Севярынца не выпусцілі, а перавялі ў СІЗА №1 г.Мінска ў статусе падазраванага па арт.293 КК (“Арганізацыя масавых беспарадкаў”). Пазней яму было прад’яўлена абвінавачанне.

Днямі маці палітвязня Таццяна Севярынец атрымала з аддзела прымусовага выканання Першамайскага раёна г.Віцебска пастанову аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці, у якой сказана, што з Паўла Севярынца трэба спагнаць запазычанасць у суме 189 рублёў на карысць ГУУС Мінгарвыканкама.

– Я нават спачатку не зразумела, адкуль узялася гэтая запазычанасць у чалавека, які дзясяты месяц знаходзіцца за кратамі, – распавяла Таццяна Севярынец “Народнай Волі”. – Усе штрафы былі аплачаны, што за новая лічба з’явілася?

Калі пачалі разбірацца, то высветлілася, што такую суму неабходна заплаціць за знаходжанне Паўла ў сталічным Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна з 6 па 20 жніўня мінулага года – за апошнія 15 сутак у ЦІПе. Дзіўна, што раней ні пра якія запазычанасці ніхто не нагадваў, а зараз яна раптам “усплыла”. Са жніўня па сённяшні дзень нам нічога не прыходзіла і раптам – прачнуліся! Чалавека не выпусцілі ні на хвіліну на волю, не далі ніводнага спаткання ні мне, ні жонцы Паўла, затое пра грошы яны не забываюцца.

Таццяна Севярынец кажа, што на аплату запазычанасці далі ўсяго тыдзень і плаціць давядзецца.

– Гэта ж палова маёй пенсіі! – абураецца жанчына. – Але плаціць трэба. Срава ў тым, што ў нашай кватэры ў Віцебску прапісаны Павел, я і мой муж. Сын мае права на трэць жыллёвай плошчы. Калі ў Паўла было шмат штрафаў за ўдзел у нейкіх акцыях, ён не паспяваў іх аплачваць, а таму наклалі арышт менавіта на трэць нашай віцебскай кватэры.

Пасля з даўгамі расплаціліся, і арышт знялі, але зараз калі не аплаціць, то зноў будзе арыштавана частка кватэры. Таму лепш не даводзіць да гэтага. Хаця, безумоўна, сітуацыя проста абсурдная. Чалавека ні за што кінулі за краты, і ён яшчэ за гэта павінен плаціць!

Публікацыя – з № 24 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: