Вадзім Крывашэеў
Вадзім Крывашэеў

Карэспандэнт «Народнай Волі» пацікавіўся, чым займаецца ў Нацыянальным антыкрызісным кіраванні чалавек, які адказвае за спорт.

Яшчэ ў мінулым годзе Вадзім Крывашэеў быў дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле, але апошнія палітычныя падзеі ў краіне зрыкашэцілі і па ім.

Калі многія фрыстайлісты, у тым ліку і вядомы трэнер Мікалай Казека, падпісаліся пад лістом з патрабаваннем новых выбараў і адстаўкі Лукашэнкі, Крывашэеву было прапанавана звольніцца – з-за дрэнна праведзенай ідэалагічнай працы.

Яму прапанавалі месца ў РЦАП па водных лыжах, Крывашэеў адмовіўся туды ісці і нейкі час заставаўся без працы.

А на пачатку гэтага года стала вядома, што замест Аляксандры Герасімені ён стаў адказным за маладзёжную палітыку і спорт у Нацыянальным антыкрызісным кіраванні.

– Апошнім часам змянілася і маё жыццё, і праца, бо тое, чым займаюся зараз, не параўнаць з тым, што рабіў на пасадзе дырэктара цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі, – кажа Вадзім, які са снежня мінулага года жыве і працуе за мяжой. – Іншая справа, што мне вельмі спатрэбіліся і мой вопыт, і веды ў спартыўнай галіне.

Сфера дзейнасці застаецца ранейшай – спорт, хаця ў гэты момант больш засяроджаны на абароне правоў беларускіх спартсменаў. У гэтым плане даводзіцца пастаянна быць у цесным кантакце з міжнароднымі інстытутамі – з Міжнародным алімпійскім камітэтам і нацыянальнымі федэрацыямі.

– А вашы абавязкі ў чым заключаюцца?

– Нельга сказаць, што ў мяне ёсць шэраг канкрэтных абавязкаў, якія я павінен выконваць. У нас цэлая каманда. Усе разам распрацоўваем нейкія ініцыятывы, стратэгію паводзін, абмяркоўваем, як будзем дасягаць тых мэт, што паставілі. У камандзе ёсць і юрысты, і тыя, хто адказвае за СМІ, і людзі, якія працуюць на піяр, і спецыялісты па спартыўных пытаннях. Скажам так: кожны на сваім месцы, але ўсе робім адну справу.

– Ці звяртаюцца да вас зараз па дапамогу беларускія спартсмены, якія пацярпелі ад рэпрэсій за сваю грамадзянскую пазіцыю?

– Безумоўна. Сітуацыя не вельмі змянілася ў адрозненне ад мінулага года, нам паступае шмат інфармацыі, што людзі цярпяць за сваю пазіцыю. Іншая справа, што не ўсе гатовы пра гэта распавесці публічна. Хаця зразумела, што сёння ўся сістэма працуе на тое, каб падзяліць людзей на «правільных» і «няправільных». Маўляў, хто не з намі, той супраць нас.

Усе такія факты, якія тычацца спартыўнай галіны, намі фіксуюцца і будуць перададзены ў Міжнародны алімпійскі камітэт.

Акрамя таго, мы дапамагаем спартсменам рыхтавацца да спаборніцтваў, вырашаем нейкія пытанні, якія звязаны з забеспячэннем і матэрыяльнай дапамогай.

– Тых спартсменаў, якія выказалі сваю пазіцыю, але вымушаны былі з’ехаць за мяжу, прапаганда нярэдка называе «здраднікамі»…

– Тут здзіўляцца няма чаму. Сёння вельмі дзіўна чуць, што намі кіруюць «заходнія лялькаводы», хаця насамрэч у нас працуюць толькі беларускія спартыўныя спецыялісты, якія не схавалі пасля выбараў галаву ў пясок, а адкрыта сказалі тое, што думаюць.

Мне падаецца, што найперш здраднікі – гэта тыя, хто хлусіць свайму народу. Таму давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Каго мы працягваем падманваць? Наша задача – паказваць у міжнародных інстытутах гэты падман.

– Раней на пасадзе, якую зараз займаеце вы, працавала плыўчыха Аляксандра Герасіменя. Зараз вядома, што ў яе могуць забраць дом у Драздах, які яна ўжо пабудавала…

– Мы працуем у адной камандзе з Аляксандрай, безумоўна, абмяркоўвалі гэтую тэму. Што тут можна сказаць? Бачым, якімі нізкімі ўчынкамі тыя, хто пры ўладзе, помсцяць сваім апанентам. І законы тут ужо
не працуюць.

– За мяжой вы ўжо больш за тры месяцы. Як прайшлі адаптацыю? Не сумуеце па родным краі?

– Паверце, усе тыя, каго беларуская прапаганда сёння называе «збеглымі», з’ехалі за мяжу не па сваёй волі, і гэта міграцыя працягваецца.

Безумоўна, гэта няпроста – знаходзіцца ў іншай краіне, удалечыні ад сям’і, але такія сёння рэаліі. Гэта няпросты псіхалагічны момант, але мы ведалі, на што ішлі.

– Ваша сям’я дзе знаходзіцца?

– У Мінску. Пры гэтым разам з жонкай мы гадуем чацвярых дзяцей, таму мне, відаць, удвая складаней быць ад іх на адлегласці.

– Колькі вашым дзецям?

– Старэйшай дачцэ – 15 гадоў, сыну споўнілася 14, а малодшым – 5 і 2 годзікі. Дарэчы, старэйшая дачка прыязджала да мяне ў госці, таму пагаварылі ўжывую. Зразумела, што зараз у любы момант можна пагутарыць па відэасувязі, але гэта ўсё роўна не заменіць жывых зносін.

– Вы дадому не можаце прыехаць?

– Мяркую, у Беларусь мяне пусцілі б, ніхто ў гэтым плане не абмяжуе. Іншая справа, як будуць разгортвацца падзеі далей. Не выключана, што людзі з пэўных структур абавязкова захочуць сустрэцца са мной і пагутарыць на прадмет таго, чым я зараз займаюся.

І не факт, што пасля гэтага я куды-небудзь змагу паехаць. Мы ж бачым, што зараз адбываецца ў краіне. За бел-чырвона-белыя сняжынкі на вокнах людзей штрафуюць і кідаюць за краты. Таму дно яшчэ не прабіта. А значыцца, вяртацца дадому пакуль небяспечна.

– Вы зараз у якім горадзе знаходзіцеся?

– Сёння я магу знаходзіцца ў Варшаве, заўтра – у Вільнюсе, праз тыдзень – у Кіеве. Скажам так, праца ў нас мабільная. Хаця ніхто не скардзіцца. Усе мы ведаем, дзеля чаго працуем і змагаемся.

Публікацыя – з № 24 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: