Павел Мажэйка
Павел Мажэйка

Журналіст і кіраўнік гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» Павел Мажэйка ў мінулы панядзелак выйшаў на волю. Яго затрымлівалі на 72 гадзіны за карціну на выставе, якая, па меркаванні пракуратуры, «рэабілітавала і апраўдвала нацызм». У гутарцы з “Народнай Воляй” Мажэйка распавёў аб тым, што перажыў за гэтыя тры дні.

– Павел, як пачуваешся пасля гэтых трох сутак?

– Самае галоўнае, што я на свабодзе. Я не лічу сябе ніякім вінаватым і не стамляўся і там гэта даказваць.

– Але ж гэта яшчэ не ўсё…

– Добра, што пакуль здаровы сэнс перамог і вырашылі выпусціць на свабоду. Але тут важна тое, што ніякіх ілюзій быць не павінна, бо справа застаецца, па ёй страшныя санкцыі – да 12 гадоў пазбаўлення волі. І Пушкін сядзіць дома на падпісцы аб нявыездзе – так што тут вось такія эмоцыі.

– Цябе затрымлівалі на 72 гадзіны, але выйшаў ты трохі раней?

– Так, фармальна тэрмін майго затрымання павінен быў закончыцца недзе каля 23 гадзін. Але была падпісана афіцыйная папера, што адпадае неабходнасць утрымліваць мяне пад вартай. Гэта азначае, што за гэты тэрмін абвінавачванне мне не выставілі і палічылі мэтазгодным адпусціць. Але яшчэ раз нагадаю, што крымінальная справа ўзбуджана па факту і вядзецца далейшае следства. І зусім не выключана, што мяне ізноў могуць “запрасіць” туды. Што цікава, звычайна па палітычных справах адтуль ужо не адпускаюць і гэтаму ёсць шмат прыкладаў.

– За гэтыя тры дні з табой праводзілі следчыя дзеянні?

– Практычна ніякіх следчых дзеянняў са мной не вялося. Адзінае, у пятніцу, калі мяне выклікалі ў Ленінскі РАУС, адтуль адразу завялі ў пракуратуру. Там у мяне ўзялі тлумачэнне. Я зразумеў, што ў той час ужо была пастанова на ўзбуджэнне крымінальнай справы. З пракуратуры мяне перадалі Следчаму камітэту і павезлі туды на допыт. Там я даў падпіску аб неразгалошванні і там было прынята рашэнне аб затрыманні мяне на 72 гадзіны.

– А чаму цябе змясцілі ў турэмны ізалятар на Кірава?

– Наколькі мне патлумачылі, ў ізалятары на Гая зараз вядзецца рамонт і ўсіх затрыманых пераводзяць на Кірава.

– Камера не перапоўненая была?

– Трохі больш паловы сутак я сядзеў адзін, а пасля перавялі ў іншую камеру, дзе быў з чалавекам, які праходзіць па крымінальнай справе.

– Трое сутак таксама не мала ў турме?

– Так, казаць, што гэта лёгка, не выходзіць, але дапамагае тое, што ты разумееш: праўда на тваім баку. Гэта дае пэўныя маральныя сілы. Гэта бадай самае важнае ў такіх сітуацыях, бо ад цябе мала што залежыць. Ты разумееш, што рашэнне па табе, а гэта хутчэй за ўсё палітычнае рашэнне, будзе прынята: альбо адпускаць, альбо трымаць. Ты добра разумееш, што санкцыя па артыкулу, па якім узбуджана крымінальная справа – 12 год. А гэта аграмадны тэрмін.

– І пра што думаецца ў такой сітуацыі?

– Скажу шчыра, што найперш думаецца пра сваіх дзяцей, бо хацелася б, каб лепей мы скончылі з гэтай сітуацыяй у краіне, а не пакідалі гэта для нашых дзяцей. І таму чыста псіхалагічна, гэта дадае сілы табе ў камеры. Вось так, калі гэта зразумела…

Поделиться ссылкой: