Аляксандр Кавальчук
Аляксандр Кавальчук

«Народная Воля» даведалася пра прычыны.

Указ аб вызваленні ад пасады кіраўніка УУС Мінскага аблвыканкама генерал-маёра міліцыі Аляксандра Кавальчука быў падпісаны напрыканцы мінулага тыдня. Пра тое, чаму было прынята такое кадравае рашэнне, нічога не паведамлялася. І ва ўказе ніякіх афіцыйных падрабязнасцяў не было.

Аляксандр Кавальчук узначальваў міліцыю Мінскай вобласці з лютага 2018 года. Да гэтага ён чатыры гады кіраваў УУС Магілёўскага аблвыканкама. Там пра былога начальніка адклікаліся даволі добразычліва, нават называлі лібералам. Адзначалі, што Кавальчук, у адрозненне ад аднаго з былых міністраў унутраных спраў Ігара Шуневіча, не быў вялікім прыхільнікам паліграфа. Між іншым, адзін час Кавальчука называлі канкурэнтам Шуневіча – выказваліся версіі, што ён можа заняць пасаду міністра ўнутраных спраў.

Аляксандр Кавальчук родам з вёскі Леткаўшчына Слуцкага раёна, вучыўся ў Новасібірскім вышэйшым ваенна-палітычным агульнавайсковым вучылішчы, але пасля распаду СССР перавёўся і скончыў Мінскае ваеннае каманднае вучылішча, Акадэмію МУС.

Генералу Кавальчуку 49 гадоў, ён даволі паспяхова ішоў па службовай лесвіцы: пачынаў оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі ў Слуцку. Генеральскія пагоны атрымаў у сакавіку 2017-га – праз тры гады кіравання УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Аляксандр Кавальчук быў адным з тых генералаў, хто пракаментаваў масавыя пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020. Увогуле, Кавальчук не хаваецца ад журналістаў і адказвае на любыя пытанні. Ён лічыць, што з прэсай трэба сябраваць.

“Пасля ўсяго пройдзенага хочацца ўжо не рэвалюцыі, а эвалюцыі, – гаварыў Кавальчук у снежні мінулага года на старонках міліцэйскай газеты. – Бо рэвалюцыйны шлях, па сутнасці, нічога пазітыўнага для большасці насельніцтва і краіны не нясе – толькі чалавечыя ахвяры, разбурэнне інфраструктуры, заняпад эканомікі. Узнавіць усё хутка, як у казцы, не атрымаецца. Гэта цяжкі і доўгі працэс, а часам – немагчымы.

Сёння ёсць пэўны эканамічны спад, прычым не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце. Плюс пандэмія. У такія часы якраз і ўзнікаюць пратэсты: калі з’яўляюцца намёкі на нестабільнасць, якія выклікаюць незадаволенасць. А нашы людзі, якім шмат чаго дасталася ад дзяржавы практычна бясплатна, да гэтага часу памылкова мяркуюць, што гэта закладзена прыродай і не залежыць ад працы улад. Вось іх у цяперашняй напружанай эканамічнай сітуацыі і аказалася прасцей пераканаць у неабходнасці тэрміновых перамен. Хоць раней грамадзяне выходзілі на вуліцы таму, што ім зусім не плацілі зарплату і няма за што было карміць сем’і. Але ж сёння зусім па-іншаму…”

Магчыма, навіна аб сыходзе стала для Аляксандра Кавальчука такім жа вялікім сюрпрызам, як і для генерала Ігара Яўсеева, які да нядаўняга часу займаў пасаду памочніка прэзідэнта па Мінскай вобласці? Як высветлілася, не. У выпадку з Кавальчуком адхіленне ад пасады – гэта, так бы мовіць, звычайная планавая ратацыя.

Не выключана, што ў бліжэйшы час генерал Кавальчук атрымае камандзіроўку ў Маскву і будзе прызначаны афіцыйным прадстаўніком Міністэрства ўнутраных спраў у Расіі. Пакуль Аляксандр Кавальчук знаходзіцца ў адпачынку. І чакае прызначэння. Калі нічога не памяняецца, то ён як мінімум на некалькі гадоў з’едзе ў Расію.

Пасада прадстаўніка МУС Беларусі пры амбасадах іншых краін прыраўноўваецца да пасады саветніка дыпламатычнага прадстаўніцтва Беларусі за мяжой.

Прадстаўнікі МУС Беларусі ў замежных дзяржавах звычайна прызначаюцца на тэрмін да трох гадоў. Па службовай неабходнасці гэты тэрмін можа быць прадоўжаны ці скарочаны міністрам унутраных спраў. Прадстаўнікі МУС Беларусі ў замежных дзяржавах размяшчаюцца ў памяшканнях беларускіх амбасад, карыстаюцца дыпламатычнай поштай, тэлефоннай сувяззю, телефаксам, у рамках сваёй кампетэнцыі выконваюць загады міністра ўнутраных спраў і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у дзяржаве знаходжання. Аператыўнае кіраванне дзейнасцю прадстаўнікоў МУС у замежных дзяржавах ажыццяўляе адзін з намеснікаў міністра ўнутраных спраў.

Пасля вяртання з такой дыпламатычнай камандзіроўкі толькі адзінкі заставаліся незапатрабаванымі альбо непрацаўладкаванымі. У розныя гады афіцыйнымі прадстаўнікамі МУС Беларусі ў Расіі былі экс-начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС палкоўнік міліцыі Валянцін Патаповіч, Фарыд Канцараў, які потым даволі паспяхова працаўладкаваўся ў “Газпром”, намеснікі міністра ўнутраных спраў Віктар Жыбуртовіч і Віктар Філістовіч. Дарэчы, Філістовіч атрымаў гэтае прызначэнне праз некаторы час пасля скандалаў з міліцэйскімі катэджамі на беразе Мінскага мора.

Да нядаўняга часу афіцыйным прадстаўніком МУС Беларусі ў Расіі быў генерал-маёр Віктар Сенько. Але ён не так даўно сышоў на пенсію.

Дарэчы, на сённяшні дзень вакантнымі застаюцца крэслы адразу двух начальнікаў абласных ўпраўленняў унутраных спраў. Пасля прызначэння Вадзіма Сіняўскага міністрам па надзвычайных сітуацыях пакуль ніхто не заняў пасаду кіраўніка Гродзенскага УУС. А цяпер яшчэ вызвалілася і месца начальніка УУС Мінскай вобласці.

Публікацыя – з № 24 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: