Аляксандр Мілінкевіч
Аляксандр Мілінкевіч

Вакол не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў на мінулым тыдні разгарэўся чарговы скандал.

На старшыню СПБ Анжаліку Борыс і яшчэ некалькіх асоб заведзена крымінальная справа за распальванне нацыянальнай і іншай варожасці. Адбыліся ператрусы і затрыманні. «Народная Воля» абмяркоўвае праблему з экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам.

– Аляксандр Уладзіміравіч, вы ўжо ведаеце, што ёсць затрыманыя. У Гродне, Ваўкавыску і Лідзе ў польскіх актывістаў і ў сядзібах прайшлі ператрусы. Яшчэ раней крымінальная справа была ўзбуджана ў адносінах да сябраў СПБ у Брэсце. Што ўсё гэта значыць? Чаму менавіта цяпер з’явілася гэтая крымінальная справа?

– Наша рэвалюцыя годнасці – гэта чарговы этап выхаду з Расійскай імперыі, у якую мы трапілі два стагоддзі таму, з СССР, з якога ніяк не вырвемся. У краіне жорсткі аўтарытарны рэжым, ён традыцыйна не цярпіць беларускасці, польскасці, яўрэйскасці. Для яго трэба, каб мы па-руску «плясали под дудочку» і «ходили по струночке». Як яны шчыра прызналіся нядаўна ў песні, якую склалі на конкурс «Еўрабачанне». Праўда, ім далі ад варот паварот.

Улады бачаць, што, як толькі ў чалавека з’яўляецца нацыянальная ідэнтычнасць, ён не хоча назад у Савецкі Саюз. Па-першае, польскія фобіі былі ў Крамля стагоддзямі, а рэпрэсіі супраць незарэгістраванага Саюза палякаў на чале з Анжалікай Борыс – чарговая праява старых хвароб. Па-другое, пошук вонкавых і ўнутраных ворагаў – любімы занятак постімперцаў. Яны так нацыю кансалідуюць. І па-трэцяе, гэта помста Польшчы за «Белсат», за Праграму Каліноўскага, за самы папулярны тэлеграм-канал, за прытулак апазіцыі.

– Ператрусы адбываліся не толькі ў актывістаў, але і ў грамадскіх школах, дзе праводзяцца заняткі па польскай мове для дзяцей. Ці азначае гэта, на ваш погляд, што падобныя школы могуць спыніць сваю дзейнасць? Як далёка наогул можа зайсці Лукашэнка ў гэтым пераследзе? І ці сапраўды яму патрэбна дашчэнту знішчыць польскія арганізацыі ў Беларусі?

– Я не ведаю канкрэтных планаў рэжыму, але не сумняваюся, што для яго польскае школьніцтва, польская культура, касцёл, які гаворыць па-польску і па-беларуску, – гэта чужое, не сваё, не лаяльнае. А сёння ўлады спяць спакойна, толькі калі «ўсё вакол калгаснае, усё вакол маё». Перш за ўсё цалкам кіруемае.

– Афіцыйная Варшава адрэагавала на арышты тым, што быў выкліканы Часовы Павераны ў Справах Беларусі і яму выказалі пратэст у сувязі з сітуацыяй. Як яшчэ Польшча можа адрэагаваць на пераслед польскай меншасці Мінскам? Ці ёсць у палякаў рычагі, якія могуць сапраўды паўплываць на стаўленне беларускіх улад да польскай меншасці?

– Польшча не ўвядзе танкі і не прыляціць на натаўскіх самалётах, як нам бясконца абяцае прапаганда. Але знойдзе падтрымку і салідарнасць у Еўрасаюзе, асабліва ў краінах Балтыі. Афіцыйны Мінск стане яшчэ большым ізгоем у вачах дэмакратычнага свету. Дзяржава ідзе да самаізаляцыі і ўсё больш губляе незалежнасць.

– Чаму, на ваш погляд, менавіта Польшча становіцца ворагам у той час, калі ў Беларусі надыходзіць або палітычны, або эканамічны крызіс?

– Мудры ў крызісе стараецца сябраваць, а неразумны шукае вінаватых. Наша заходняя суседка традыцыйна прызначаецца вінаватай ва ўнутраных праблемах Беларусі.

– Дарэчы, польскіх актывістаў вінавацяць у тым, што яны быццам ушаноўвалі антысавецкіх дзеячаў, «пераследавалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўдання генацыду беларускага народа». У што бадай ніхто і ніколі не паверыць. Але з іншага боку – як вырашыць гістарычныя праблемы, якія падзяляюць, у прыватнасці, «выклятых жаўнераў» і помнік Бураму ў Польшчы?

– Нам не вядомы факты рэабілітацыі нацызму і апраўдання генацыду ў польскіх грамадскіх школах у Беларусі. Я лічу, што памяць аб жаўнерах Арміі Краёвай, якія ваявалі з двума таталітарызмамі – нямецкім і савецкім, павінна ўшаноўвацца. Бо яны змагаліся з вялікім злом. І Буры быў да 1944–1945 года адным з такіх воінаў. Але, як толькі пад яго кіраўніцтвам было здзейснена злачынства, якое мае прыкметы генацыду беларусаў, Буры стаўся ваенным злачынцам, і яго гераізацыя непрымальная.

– На ваш погляд, як будзе развівацца сітуацыя далей, ці сапраўды дойдзе да суда над Анжалікай Борыс і іншымі сябрамі Саюза палякаў?

– Мне не верыцца, што рэжым у сённяшняй сітуацыі спыніцца. У гэтай гісторыі больш палітыкі, чым юрыспрудэнцыі, і калі мы адстойваем правы чалавека, наш абавязак прыйсці на суд і выказаць салідарнасць з нашымі братамі-палякамі, якія – асабліва ў маім родным Гродне – так шмат зрабілі для вяртання гістарычнай праўды і для культурнага адраджэння, у тым ліку беларускага.

Публікацыя – з № 24 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: