У гомельскім СІЗА судзяць пенсіянера МУС

29 сакавіка ў гомельскім СІЗА-3 пачаўся суд грамадскага актывіста і палітыка, былога афіцэра міліцыі Уладзіміра Няпомняшчых. Пра гэта са спасылкай на адваката паведаміла жонка Уладзіміра Алена – з абаронцы ўзята падпіска пра неразгалошванне.

Раней Уладзімір і сам напісаў у лісце дадому, што суд з 25 сакавіка перанесены на 10 гадзін 29 сакавіка, і праходзіць ён будзе ў закрытым рэжыме.

У гомельскім СІЗА судзіць пенсіянера МУС
Уладзімір Няпомняшчых. Фота: Анатоль ЛІПСКІ

Няпомняшчых судзяць паводле двух крымінальных артыкулаў: 366 – пагроза ці гвалт у дачыненні да службовай асобы пры выкананні службовых абавязкаў і 369 – абраза прадстаўніка ўлады. Санкцыі, асабліва паводле першага артыкула даволі сур’ёзныя – не толькі штраф, папраўчыя работы, але і абмежаванне волі ці нават арышт на тэрмін да пяці гадоў.

Уладзімір Няпомняшчых ужо чацвёрты месяц знаходзіцца ў следчым ізалятары Гомеля. Яго затрымалі і ўзялі пад варту 23 снежня пасля наведвання Гомельскага раённага аддзела СК, дзе на актывіста завялі крымінальную справу за пагрозу ці гвалт у дачыненні да службовай асобы. У той жа дзень у кватэры Няпомняшчых прайшоў вобшук, у яго забралі камп’ютар ды іншыя носьбіты інфармацыі.

Абвінавачванне супраць Уладзіміра, наколькі вядома, выглядае досыць анекдатычна. А здарылася вось што. У лістападзе былы афіцэр міліцыі прысуднічаў на судзе гамяльчаніна Георгія Васіленкі, які падчас жнівеньскіх пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў замяніў на цэнтральнай плошчы афіцыйны сцяг на бел-чырвона-белы.

Крымінальную справу ў дачыненні Васіленкі за злоснае хуліганства разглядаў суддзя Цэнтральнага раёна Сяргей Салоўскі, а абвінавачванне падтрымлівала прадстаўніца пракуратуры Алеся Жураўлёва. Калізія ў тым, што следчыя на пачатку распачалі справу за здзек над дзяржаўнымі сімваламі, а пасля перакваліфікавалі на злоснае хуліганства. Санкцыі паводле гэтага артыкула больш суворыя.

У гомельскім СІЗА судзіць пенсіянера МУС
Алеся Жураўлёва ў судзе. Фота: Анатоль ЛІПСКІ

У судзе памочніца пракурора горада Алеся Жураўлёва, як дзяржаўны абвінаваўца, падтрымала кваліфікацыю дзеянняў Васіленкі і прапанавала асудзіць 25-гадовага гараджаніна менавіта на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу. У выніку суд пакараў Васіленку 2 гадамі “хіміі”.

На абвешчаны прысуд эмацыйна адрэагаваў прысутны ў зале Уладзімір Няпомняшчых. Казаў, што справу сфальсіфікавалі, і за гэта ўрэшце будуць адказваць усе – пракуроры, следчыя, суддзі, міліцыянеры. Апошнія з іх бачылі замену сцяга на флагштоку, але не рэагавалі на такія дзеянні.

Выглядае, што рэакцыю Уладзіміра Няпомняшчых на прысуд прадстаўніца пракуратуры Жураўлёва і ўспрыняла як пагрозу на свой адрас. Да пагрозы следства дадало яшчэ адзін крымінальны артыкул – публічную абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. Відаць таму, што актывіст выказаў агульную па сэнсу фразу, у якой адносіў сілавікоў да “арганізаванай злачыннай групоўкі“.

68-гадовы Уладзімір Няпомняшчых з’яўляецца пенсіянерам МУС. Пасля службы ў міліцыі і звальнення ў запас па стану здароўя ён займаўся працяглы час прадпрымальніцтвам. У горадзе актывіста ведаюць як чалавека, які ўлетку часцяком ходзіць у майцы “За Беларусь без Лукашэнкі”. Ён яшчэ і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2016 і 2019 гадах на парламенцкіх выбарах Няпомняшчых балатаваўся кандыдатам у дэпутаты, а на мінулагодніх прэзідэнцкіх выбарах вылучаўся “кандыдатам пратэсту” ў спісе Мікалая Статкевіча.

Выбарчую кампанію актывіст скарыстаў, каб сабраць ахвочых гамельчан для назірання за галасаваннем непасрэдна на выбарчых участках. Калі назіральнікаў не дапусцілі на ўчасткі, Няпомняшчых з паплечнікамі стаў сачыць за галасаваннем каля выбарчага ўчастка праз акно.

Уладзіміра неаднаразова арыштоўвалі і штрафавалі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў Гомелі і Мінску.

Анатоль ЛІПСКІ

Поделиться ссылкой: