Колькасць фігурантаў палітычных спраў у Беларусі наблізілася да тысячы. Палітычных рэпрэсій такога маштабу ў Еўропе не было ад часоў фашысцкай дыктатуры «чорных палкоўнікаў» у Грэцыі 1970-х.

На сёння вядомыя 982 фігуранты крымінальных спраў, якія праваабаронцы адносяць да палітычна матываваных, пад следствам або ўжо асуджаныя. Гэтыя лічба не поўная, бо пры такім маштабе праваабаронцы і СМІ няздольныя даведацца ўсе імёны.

Ад жніўня 2020 года заведзена 2407 спраў «экстрэмісцкай накіраванасці», паведамляў 4 сакавіка былы старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч. Пад «экстрэмісцкай накіраванасцю» цяпер разумеюцца ўсе справы палітычнага характару. За апошні месяц заводзіліся новыя справы, арыштоўвалі новых людзей.

Сярод самых вядомых беларускіх палітвязняў — Марыя Калеснікава, паплечніца Святланы Ціханоўскай. Яе спрабавалі сілай вывезці за мяжу, але яна на пагранічным шлагбаўме парвала пашпарт. Разам з Ціханоўскай яна намінаваная на Нобелеўскую прэмію міру.

За кратамі ўжо амаль застаецца і муж Святланы Ціханоўскай, Сяргей.

Ужо амаль год у зняволенні застаюцца таксама такія апаненты Аляксандра Лукашэнкі, як Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец.

За кратамі і грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання Святлана Хершэ, віна якой у тым, што яна сарвала балаклаву з амапаўца, які затрымліваў мірных жанчын-дэманстрантак.

Вялізнае абурэнне ў суседняй Польшчы выклікалі апошнія арышты дзеячоў польскай нацыянальнай меншасці.

За кратамі застаюцца 12 журналістаў, некаторыя з іх — лаўрэаты нацыянальных і міжнародных журналісцкіх прэмій. Спынілі выхад практычна ўсе незалежныя газеты, незалежных ТВ і радыё ў краіне няма ад 1996 года.

Усяго па стане 28 сакавіка вядома пра больш за 34 тысячы палітычна матываваных затрыманняў. Найбольш затрыманняў было 9—12 жніўня, у кастрычніку і лістападзе, затрыманні працягваюцца дагэтуль. У лютым затрымалі не менш за 511 чалавек. Па 245 чалавек было затрымана 25 і 27 сакавіка.

Цяжкія ўдары нанесеныя па акадэмічнай свабодзе. Па падліках супольнасці «Сумленныя людзі», з універсітэтаў за палітыку адлічылі 243 студэнты, звольнілі 31 выкладчыка.

Усяго па дапамогу звярнуліся больш 2965 звольненых па палітычных матывах.

Паводле падлікаў «Нашай Нівы», не менш за 335 прадпрыемстваў і бізнэсаў трапілі пад эканамічныя рэпрэсіі за падтрымку пратэстаў.

Гэта самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія 40 гадоў. Нічога падобнага не было ад часоў фашысцкай дыктатуры «чорных палкоўнікаў» у Грэцыі 1970-х. Нават у перыяд «ваеннага становішча» ў Польшчы 1980-х у прапорцыі на душу насельніцтва рэпрэсавана была меншая колькасць людзей.

Для параўнання: калі б у прапорцыі на душу насельніцтва столькі ж людзей затрымалі ў Расіі, гэта склала б 510 000. Калі б ва Украіне ці Польшчы — 140 тысяч.

Поделиться ссылкой: