Ігар Банцэр
Ігар Банцэр

Рок-музыкант з Гродна, які 16 сутак трымаў у ізалятары сухую галадоўку, распавёў «Народнай Волі» пра падарванае здароўе, сваю крымінальную справу і бліжэйшыя перспектывы.

Нагадаем, што Ігара Банцэра затрымалі па крымінальнай справе аб хуліганстве – за тое, што ён танцаваў перад міліцыяй без штаноў.

3 сакавіка суд Ленінскага раёна Гродна пачаў разглядаць справу Ігара Банцэра, і на працэсе ён заявіў, што ў знак пратэсту распачынае сухую галадоўку, якую працягваў 16 сутак.

У выніку Банцэру прысудзілі 1,5 года «хіміі», і на час апеляцыі ён выйшаў на свабоду.

Пасля галадоўкі са здароўем, мякка кажучы, не вельмі, – кажа Ігар. – Дрэнныя аналізы, млявасць, з 3 сакавіка практычна не быў «на гаршку». На наступным тыдні пайду да гастраэнтэролага, бо зараз пачуваюся, скажам так, дастаткова непрыемна. Пакуль прымаю толькі сокі, электраліты, паступова буду пераходзіць на кашы.

Зрэшты, было з самага пачатку зразумела, што сухая галадоўка нічога добрага не прынясе. І ў фізічным плане, і ў маральным.

Таму выходжу паціху з гэтага стану, але вельмі павольна. Хочацца скакаць, але даводзіцца ляжаць на канапе, бо сіл няма. Нават не ведаю, як паеду на тую самую «хімію».

Што кажуць урачы пра наступствы галадоўкі?

Па вялікім рахунку патрэбна было б легчы ў бальніцу, рэгулярна рабіць кропельніцы і быць пад наглядам урачоў. Але баюся, каб там яшчэ не падхапіць каранавірус.

Як ужо казаў: аналізы дрэнныя, дактары сказалі, што трэба выходзіць з галадоўкі медыкаментозным чынам, бо наступствы для арганізма могуць быць непрадказальныя. Вось зараз і стаіць дылема: дома рабіць кропельніцы альбо звяртацца ў медыцынскую ўстанову? З лекарамі ўвесь час на сувязі.

Таму зараз, як казаў, мне цяжка і ў фізічным плане, і ў маральным. Я бачу, што ў краіне працягваюцца арышты, затрыманні, ператрусы, усё гэта псіхалагічна цісне. Часам нават здаецца, што лепш бы не выходзіў з-за кратаў і не бачыў гэтую абсалютна жудасную антыўтапічную карціну.

Вам зараз трэба адзначацца ў міліцыі ці да вас прыходзяць, каб трымаць пад кантролем?

26 сакавіка мы з адвакатам падаём апеляцыю, таму рашэнне суда пакуль не ўступіла ў сілу. Для мяне вельмі непрыемныя ўсе гэтыя судовыя працэдуры, перажыванні.

Некаторыя не верылі, што вы галадалі 16 сутак. Маўляў, ніводны чалавек не змог бы пратрымацца такі час без ежы і вады…

Я пратрымаўся. І яшчэ не вядома, як галадоўка адаб’ецца на стане майго здароўя, бо апошнім часам знаходзіўся як быццам у летаргічным сне. У ізалятары пад’ём быў у 6.00, адбой у 22.00. 16 гадзін у суткі я проста сядзеў і глядзеў у адну кропку, бо зарад энергіі ўжо быў на мінусе. Разумеў: калі траціць яе яшчэ на нешта іншае, то не вытрымаю. І некалькі разоў ужо быў блізкі да таго, каб страціць прытомнасць.

Але я быў падрыхтаваны да сухой галадоўкі. Займаўся спортам, заўсёды выступаў за здаровы лад жыцця. Увесь апошні год рыхтаваў свой арганізм да максімальна стрэсавых сітуацый. Зімой займаўся маржаваннем, выключыў з ужывання ўсе вонкавыя стымулятары – ні кавы, ні гарбаты. Піў толькі зборы з траў. Абсалютна былі выключаны нікацін і алкаголь.

Я не спадзяваўся, што справа дойдзе да сухой галадоўкі, але быў падрыхтаваны да гэтага. Дарэчы, у 2012 годзе таксама трымаў 10 дзён сухой галадоўкі, таму арганізм загартаваны, хаця на апошніх судовых пасяджэннях даводзілася ўжо трымацца за сцяну, каб не паваліцца. Але ж хацелася паказаць сваім прыкладам усю несправядлівасць гэтых судоў, каб у людзей расплюшчыліся вочы.

Калі б пакінулі пад вартай, ці працягвалі б галадоўку?

Не магу сказаць адназначна, бо і адвакат быў супраць маёй акцыі пратэсту, і сям’я. Але я сказаў начальніку медыцынскай часці ў ізалятары і яе адміністрацыі прыкладна так: нават калі будзеце прымусова ставіць мне кропельніцы, буду працягваць галадоўку. Мне пагражалі нейкія ўколы ставіць і, магчыма, зрабілі б зомбі, які не мае волі. Не магу сказаць, што было б далей.

Але ўпэўнены, што галадоўка дапамагла таму, што маю справу не зацягвалі і ў гэты момант я на волі. Значыцца, ні пра што шкадаваць не варта. А што далей – час пакажа.

Ігар, у вас трое дзяцей. Таксама, відаць, перажывалі за тату?

Безумоўна. Я ў першы ж дзень, як толькі выйшаў на волю, сказаў дзеткам: «Давайце з такой нагоды замовім піцу. Вы будзеце есці, а я за гэтым буду назіраць».

На гэтыя выхадныя таксама зрабіў ім сваю любімую страву – пасту, якую не гатаваў гадоў дваццаць. Усе былі неверагодна задаволены!

Дзеці, натуральна, крыху адышлі, бо апошнім часам знаходзіліся ў стрэсе. Хаця мы ім пакуль не кажам, што мне ў хуткім часе трэба будзе зноў пакінуць дом і паехаць на «хімію». Але, думаю, падчас апеляцыі мы яшчэ пазмагаемся ў судзе.

А на які судовы вырак вы разлічвалі?

Станцаваць перад міліцыяй без штаноў – гэта быў радыкальны перформанс. Зразумела, што на штраф не разлічваў, але меркаваў, што за такі бякрыўдны ўчынак дадуць максімум 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

А вось паўтара года «хіміі» за танец без штаноў – гэта пераходзіць усе межы. Таму прысуд быў для мяне нечаканы, і прыняць яго было вельмі цяжка.

Зрэшты, пра якое правасуддзе сёння можна казаць? Дзясяткі тысяч чалавек ужо зведалі яго на сабе, бо не закон вырашае, апраўдаць чалавека ці адправіць яго за краты, а пэўныя людзі. І тут трэба альбо ўцякаць з краіны, альбо прыстасоўвацца да сённяшніх беларускіх рэалій. Сёння рэпрэсіўная сістэма стараецца перамалоць усіх – і старых, і маладых.

У вас не было жадання з’ехаць з краіны да лепшых часоў?

За два дні да затрымання я размаўляў з адным сваім знаёмым, і ён мне прапанаваў такі ж варыянт, калі даведаўся пра мае апасенні наконт арышту. Я яму тады адказаў так: «А чаму я павінен бегчы з краіны, калі дакладна ведаю, што нічога сур’ёзнага не парушаў?»

Я нікога не падбухторваў да нейкіх гвалтоўных дзеянняў, а казаў, што трэба прытрымлівацца закона. І калі ў Асноўным законе напісана, што людзям гарантавана права на мірныя сходы і выказванне сваёй пазіцыі, то гэта прыдумаў не я.

І што б мне ні прыпісвалі, я ніякага злачынства не здзяйсняў. Таму чаму павінен некуды з’язджаць? Я хачу жыць у Беларусі, хачу дыхаць гэтым паветрам. А мае ўнутраныя погляды і маю пазіцыю ніхто не зменіць.

Публікацыя – з № 23 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: