Мікалай Казека
Мікалай Казека

Яшчэ ў студзені ў галоўнага трэнера зборнай Беларусі па фрыстайле быў дыягнаставаны каранавірус.

Мікалай Казека ўзначальвае нацыянальную каманду з 1993 года. Прызнаваўся лепшым трэнерам года ў Беларусі ў 2014-м і 2018 гадах. Кавалер ордэна Айчыны I, II і III ступеняў.

Пасля выбараў Мікалай Іванавіч адкрыта выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, а ў верасні быў пазбаўлены імянной стыпендыі. У лістападзе знакамітага трэнера не ўзялі на збор нацыянальнай каманды па фрыстайле.

Вучні Мікалая Казекі заваявалі толькі на зімовых Алімпійскіх гульнях сем медалёў рознай вартасці, у тым ліку чатыры залатыя.

– Шчыра кажучы, не думаў, што з-за каранавіруса можна патрапіць у бальніцу аж на два месяцы, – кажа Мікалай Іванавіч. – Але факт застаецца фактам – менавіта столькі мне давялося праляжаць у бальнічнай палаце. Вельмі цяжка працякала гэтая кавідная пнеўманія.

– Зараз праходзіце рэабілітацыю?

Зараз я знаходжуся ўжо ў тэрапеўтычным аддзяленні, мне робяць розныя працэдуры. Наступствы ад каранавіруса маюцца і даволі сёр’ёзныя. Аднаўленне праходзіць складана, таму рэбілітацыя, мабыць, толькі пачынаецца. І, думаю, будзе працягвацца датстаткова доўга.

– У бальніцы ўдавалася сачыць за выступленнямі зборнай Беларусі па фрыстайле? Дарэчы, на нядаўнім чэмпіянаце свету нашы мужчыны-фрыстайлісты паказалі горшы за апошнія 30 гадоў вынік, а каманда наогул засталася без медалёў…

Сачыў, безумоўна, і, на жаль, казаць пакуль няма пра што. Тут патрэбны аналіз і веданне таго, што адбывалася ўнутры каманды.

– Многія такое няўдалае выступленне звязваюць з вашай адсутнасцю ў зборнай…

Магчыма, не без гэтага, хаця насамрэч цяжка меркаваць. Але было бачна, што напрацоўкі ў зборнай былі добрыя, але да галоўнага старту каманда падышла ў разваленым стане.

Публікацыя – з № 23 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: