Міхаіл ПАСТУХОЎ, былы член Канстытуцыйнага суда, доктар юрыдычных навук, уваходзіць у грамадскую канстытуцыйную камісію:

– Мяркую, праект ужо падрыхтаваны, бо Лукашэнка не раз гаварыў пра тое, што яму на стол паклалі ўжо некалькі праектаў новай Канстытуцыі. Уключаць апазіцыю ў склад гэтай камісіі – гэта тое ж самае, што запрашаць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл ў выбарчыя камісіі. Яны на свае вочы пабачаць, што там адбываецца, і раскажуць пра гэта. Дзіўна, што дзяўчына з юрыдычнай адукацыяй у 21 год стала членам гэтай камісіі – гэта проста фантастыка! Не вельмі разумею, што робяць у складзе гэтай камісіі дактары, рэктар Акадэміі музыкі.

Уладзімір ГАНЧАРЫК, экс-кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2001 года:

– А мне падаецца, што апазіцыі няма чаго рабіць у складзе той камісіі, бо, магчыма, усё ўжо загадзя спланавана. Дый увогуле, каму там патрэбны іншыя меркаванні?

А калі б і ўключылі пару апазіцыянераў – што яны змаглі б змяніць?

Пытанне толькі ў адным: як будуць мяняць Канстытуцыю? Гэта будуць чыста касметычныя папраўкі ці нешта больш глабальнае? Мяркуючы па выказваннях, якія гучалі апошнім часам з вуснаў чыноўнікаў, на вялікую і сур’ёзную працу людзі не настроены. Старшыня Палаты прадстаўнікоў увогуле заявіў, што, маўляў, і цяперашняя Канстытуцыя добрая, не варта яе моцна ламаць.

І нават калі б апазіцыя ўвайшла ў склад гэтай камісіі, усё роўна ўлада правяла б свае папраўкі. Потым будзе рэферэндум. Там будуць галасы лічыць так, як і на выбарах?

Мне падаецца, што ўлада проста цягне час… Гэта проста гульня.

Мечыслаў ГРЫБ, старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання, падпісант першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі:

– Я з’яўляюся старшынёй грамадскай камісіі па распрацоўцы змен і дапаўненняў у Канстытуцыю. Наша камісія існуе з сакавіка 2019 года. І мяне таксама не запрасілі ў склад афіцыйнай камісіі. Мы сустракаліся са старшынёй Канстытуцыйнага суда і прапаноўвалі сваю дапамогу, казалі, што гатовы супрацоўнічаць, даць свой праект Канстытуцыі, але Пётр Міклашэвіч нам ветліва сказаў, што ім не трэба.

У складзе афіцыйнай камісіі вельмі шмат чыноўнікаў, якія даўно не працавалі з алоўкам над канкрэтным праектам. Яны могуць выступаць, падпісваць дакументы, але не распрацоўваць іх. Там ёсць некалькі прафесійных юрыстаў, але якое заданне яны будуць выконваць – ніхто не ведае. Нідзе ж публічна не абмяркоўваецца праца камісіі, не вядома, што яны робяць. Усё цішком.

Таго ж Аляксандра Пласкавіцкага, добрага, між іншым, юрыста, былога кіраўніка галоўнага прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта, які абслугоўваў уладу, таксама не запрасілі ў гэтую камісію, бо сёння ён не падтрымлівае Лукашэнку.

Калі няма спрэчак, розных меркаванняў, няма і надзеі на тое, што будзе распрацаваны добры праект.

Юрый ВАСКРАСЕНСКІ, палітолаг:

– А навошта там вясельныя генералы? Старая тытульная апазіцыя ўсю электаральную кампанію і ўвесь мінулы год сябе наогул ніяк не праяўляла, толькі зараз па вясне пачалі ажываць.

У камісіі не патрэбны тыя, хто займаецца бутафорыяй. Нагадаю, што калі Анатоль Лябедзька збіраў папраўкі ў Канстытуцыю і праводзіў з гэтай нагоды сустрэчу ў IBB, мы спрабавалі туды патрапіць са сваімі прапановамі, але нас не пусцілі. Ну як можна пасля гэтага з ім гаварыць і запрашаць у склад камісіі?

Што тычыцца дзеючага складу Канстытуцыйнай камісіі, то там, на мой погляд, прадстаўлены максімальна шырокі спектр грамадства. Трэба быць не толькі юрыстам, але і трымаць руку на пульсе жыцця краіны. Калі вы памятаеце, усіх прадстаўнікоў апазіцыі запрашалі на Усебеларускі народны сход. Яны паспяхова папазіравалі ў сацыяльных сетках, але на УНС не прыйшлі. І пасля гэтага яны хочуць, каб іх яшчэ кудысьці запрашалі? На жаль, іх час скончыўся…

Віктар МАРГЕЛАЎ, сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва:

– Думаю, гэтае пытанне трэба задаць тым, хто фарміраваў склад гэтай камісіі. Наколькі я ведаю, бізнесменаў туды не запрашалі. Хаця ў свой час дзелавая супольнасць сфармулявала некаторыя палажэнні, якія хацела б бачыць у новай Канстытуцыі. Але, шчыра кажучы, іх нікому так і не аддалі – у мінулым годзе гэта нікому не было патрэбна. А наколькі гэта карысна зараз – вялікае пытанне. Шчыра кажучы, я не чуў, каб нехта вельмі рваўся рабіць нейкія прапановы наконт таго, як трэба змяніць Канстытуцыю. Пакуль усё ідзе вельмі ціха. Верагодна, усе разумеюць, што будзе рабіць гэта Канстытуцыйная камісія і як пабудавана яе праца…

Андрэй ДЗМІТРЫЕЎ, сустаршыня грамадскага аб’яднання «Гавары праўду»:

– Мы звярталіся да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, і я гатовы быў увайсці ў Канстытуцыйную камісію, працаваць. Але там патрэбны людзі, якія будуць проста моўчкі ківаць і запісваць. Гэта іншы фармат.

Мне наогул здаецца, што Лукашэнка не жадае ніякіх сур’ёзных змен Канстытуцыі. І нават падчас адкрыцця працы Канстытуцыйнай камісіі Лукашэнка адзначыў, што некаторых беларусаў і ў гэтай Канстытуцыі ўсё задавальняе. Мне здаецца, Лукашэнка ўвогуле не хоча мяняць расклад палітычных сіл, нават на карысць сваіх жа. Ну вось колькі гадоў ужо кажуць пра тое, што «Белая Русь» жадае стаць палітычнай партыяй? А воз і цяпер там.

Мне здаецца, гэта частка гульні, фінал якой – прыйсці ў рэшце рэшт да высновы, што дзеючая Канстытуцыя працуе, яна добрая і нічога глабальна мяняць не трэба. А калі і трэба, то праца над карэкціроўкамі можа зацягнуцца яшчэ як мінімум да наступных парламенцкіх выбараў. Нават «дэмакрат» Васкрасенскі, які раней паўсюль казаў пра тое, што хоча дэмакратычных змен у краіне, у выніку заявіў, што адна з яго прапаноў – узаконіць Усебеларускі сход. Я думаю, што любы апазіцыянер адразу ўздымаў бы зусім іншыя пытанні.

Валерый ФАДЗЕЕЎ, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, былы намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда:

– Напэўна, таму, што перад гэтай Канстытуцыйнай камісіяй стаіць вельмі канкрэтная задача – зрабіць так, каб у Канстытуцыі нічога асабліва не мяняць. Бо было сказана даволі ясна: не трэба рэзкіх рухаў. А калі запрасіць у склад камісіі людзей з альтэрнатыўнымі думкамі, то яны будуць выступаць за больш радыкальныя рашэнні.

Я напрыканцы мінулага года накіраваў у Палату прадстаўнікоў свае прапановы, але не ўвесь тэкст – каля 20 прапаноў, але мне нават не зрабілі ласку адказаць…

***

КРОПКІ НАД «І»

Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА: «Мы нікога не абмяжоўваем у правах…»

«Народная Воля» вырашыла ўдакладніць у Анатоля Лябедзькі, чаму ён не захацеў пусціць Юрыя Васкрасенскага на сустрэчу, прысвечаную распрацоўцы новага праекта Канстытуцыі, пра якую той узгадаў у нашым бліц-апытанні.

– У Юрыя Васкрасенскага ёсць пэўныя прэферэнцыі ў СІЗА КДБ, у самім КДБ, у Адміністрацыі Лукашэнкі, – гаворыць Анатоль Лябедзька. – А што тычыцца грамадскай канстытуцыйнай камісіі альбо працоўнай групы, то ў яго такія ж правы, як у сямі мільёнаў беларускіх выбаршчыкаў.

На мерапрыемства, пра якое ўзгадвае Васкрасенскі, запрашалі экспертаў, якія працуюць над праектам Канстытуцыі, а таксама прадстаўнікоў палітычных і грамадскіх арганізацый, якія ангажаваны ў гэты працэс.

Васкрасенскаму было даволі ясна сказана, што ў яго такія ж магчымасці, які і ва ўсіх астатніх грамадзян: падчас прамога эфіру ён можа задаваць пытанні, каментаваць праект, уносіць прапановы. Мы нікога не абмяжоўваем у правах незалежна ад таго, якіх палітычных поглядаў прытрымліваецца чалавек і якому Богу моліцца. Вось і ўсё.

Васкрасенскі прыйшоў да нас без запрашэння. Ён не з’яўляецца ні членам грамадскай канстытуцыйнай камісіі, ні членам канкрэтнай рабочай групы, і ён не той персанаж, перад якім мы павінны сцяліць дывановую дарожку. Яго ніхто не абмяжоўваў у правах, але і ніякіх прэферэнцый для яго мы рабіць не будзем.

Магчыма, ён ішоў за нейкім скандалам альбо каб выкарыстаць нашу пляцоўку ў сваіх інтарэсах. Але мы працуем паводле сваіх планаў, а не паводле планаў Церцеля, Лукашэнкі і Васкрасенскага.

А адказ на пытанне, чаму апазіцыю не запрасілі ў склад афіцыйнай Канстытуцыйнай камісіі, на мой погляд, вельмі просты. Мы рыхтуем Канстытуцыю новай Беларусі і хацелі б, каб гэты праект быў напісаны з удзелам як мага большай колькасці грамадзян. А ва ўлады мэты зусім іншыя. Для іх канстытуцыйная рэформа – гэта такі манеўр, частка перамоўнага працэсу з Масквой, ім не патрэбна ўвогуле мяняць Канстытуцыю. Яны пішуць Канстытуцыю не для людзей, а для сябе. Таму ў склад той камісіі чужых людзей і не запрасілі.

А мы працуем па прынцыпе максімальнай адкрытасці. На гэтым этапе мы прэзентавалі абасалютна ўсе раздзелы Асноўнага закона краіны. А што мы сёння ведаем пра праект, над якім працуе афіцыйная камісія акрамя таго, што яны хочуць узаконіць такую зусім незразумелую структуру, як Усебеларускі народны сход? Абсалютна нічога!

Публікацыя – з № 23 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: