«Я б не змагла з гэтым жыць, калі б ведала, што мой сын удзельнічаў у гвалце»
«Я б не змагла з гэтым жыць, калі б ведала, што мой сын удзельнічаў у гвалце»

У сваім спецпраекце для “Будзьма беларусамі!”, Кірыл Стаселька гутарыць з аўтарамі пратэсных плакатаў, каб даведацца, хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсаджамі на іх плакатах. У гэтым матэрыяле пра плакат, сына з інваліднасцю, маці карніка і ўласнае змаганне распавядае Таццяна — юрыстка, былая следчая.

Пра плакат і сына. Я падрыхтавала плакат, калі прыняла рашэнне, што мы выйдзем на першы марш людзей з інваліднасцю. На працягу многіх гадоў, колькі я выхоўваю сына з інваліднасцю, я вельмі часта чую ад многіх, маўляў, як вам цяжка, напэўна, як страшна жыць з гэтым болем, ношай. Вельмі шмат спагады, спачування, часам нават залішняга. Пачынаю прыводзіць прыклады, што ёсць людзі, якім Бог не дае дзяцей, хтосьці іх страціў у трагедыі, розныя гісторыі ёсць. Гэта напэўна жахліва, гэта страшнейшае.

Але пасля падзей жніўня мінулага года, пасля гвалту разнастайнага я вельмі доўга думала на тэму таго, як гэтыя хлопцы ў балаклавах — як можна іх мякка назваць — глядзяць у вочы сваім матулям. І што адчуваюць іх маці, калі раптам даведваюцца, што іх дзеці бралі ў гэтым удзел. І я гэта паспрабавала на сябе перанесці.

Вельмі складана было перанесці гэта на сваю свядомасць, бо ты маці ўсё роўна іншага дзіцяці. Але ў любым разе любая маці нейкім чынам спрабуе ўскосна ці не ўскосна апраўдаць любы ўчынак свайго дзіцяці. Я зразумела для сябе, што гэта страшна было б. Проста я б не змагла, мабыць, з гэтым жыць, калі б ведала, што мой сын удзельнічаў у гэтых разгонах мірных людзей і гэтым гвалце. Таму сутнасць майго плаката была ў крыку матчынай душы: не страшна, калі ў цябе дзіця хворае, у калысцы, не страшна жыць з гэтым, страшна жыць і быць маці такога ката, злачынца, бандыта.

Мне здавалася на той момант, што ў любым выпадку, хоць неяк да гэтых маці дойдзе (праз публікацыі ў СМІ), і, можа, яны здолеюць убачыць, падумаць лішні раз. Вельмі спадзяюся, што нейкім чынам гэта змагло паўплываць на іх свядомасць.

Пра дзяржаўную «дапамогу». Што тычыцца сітуацыі сем’яў з дзеткамі-інвалідамі ў нашай краіне, то яна насамрэч далёка не лёгкая. Не буду гаварыць пра сваю сям’ю, дзякуй Богу, мы можам сабе дазволіць лячэнне, аперацыю за мяжой, рэабілітацыю. Бо поўная сям’я, тата зарабляе грошы.

Але што тычыцца рэабілітацыі бясплатнай, гэта «смешная» рэабілітацыя: раз на год — дзесяць масажаў, працэдур, а па сутнасці — немагчымасць з’ехаць кудысці і атрымаць гэтую дапамогу праз фонды, калі ў дзіцяці група здароўя большая за першую і другую. Ёсць трэцяя-чацвёртая, то яны лічаць гэтых дзяцей неперспектыўнымі. Дзіўнае дзяленне на «патрэбных» і «непатрэбных»!

І мамы, якія выхоўваюць гэтых дзетак адны, па сутнасці, жывуць на 400-450 рублёў на месяц, і гэта ўсё. На гэтыя грошы ты ясі, апранаеш і паспрабуй куды-небудзь вывезі дзіця на адпачынак да мора. Мала таго што аднаму гэта цяжка, гэта проста фінансава немагчыма. Жывы прыклад — мая сяброўка, якая ўдавой засталася ў сорак гадоў у маленькім горадзе Чырыкаў.

Крадзеж. Я ўдзельнічала ва ўсіх акцыях. Не толькі таму, што мяне абурыла сітуацыя, якая здарылася ў жніўні. У гэтай кампаніі я з траўня як чалец ініцыятыўнай перадвыбарчай групы кандыдата Валерыя Цапкалы. З траўня я ўдзельнічала непасрэдна ў зборы подпісаў за нашага кандыдата, сама сабрала 1196 подпісаў.

Пакідае пэўныя адчуванні ў нармальнага чалавека, калі ў цябе з крадзяжом гэтых подпісаў адбіраюць усё: свабоду думкі, свабоду слова, годнасць і ўсё астатняе. Гэта думка большасці цяпер, не толькі мая, упэўненая ў гэтым.

За свае правы да канца. Калі дагэтуль у гады, калі былі выбары, я ўзмоцнена займалася рэабілітацыяй свайго сына, не было часу, не заўсёды знаходзілася тут, была ў іншым горадзе на аперацыі. Ды і не было адчування, што хоць нешта можа змяніцца. У гэтым годзе, са з’яўленнем такіх кандыдатаў, як Цапкала і Бабарыка, з актыўнасцю чалавечай і грамадзянскай людзей, калі яны стаялі кіламетровыя чэргі, каб пакінуць подпіс… Была надзея, што ў гэтым годзе можа нешта змяніцца і прайсці больш-менш сумленна.

Поделиться ссылкой: