Игорь Лосик. Фото https://t.me/belamova
Игорь Лосик. Фото https://t.me/belamova

Паводле працэдуры, матэрыялы справы перададуць у суд пасля таго, як іх вывучаць абвінавачаны і яго адвакат. Палітвязень знаходзіцца за кратамі 274 дні.

26 сакавіка стала вядома, што палітвязень і кансультант “Радыё Свабода” Ігар Лосік пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы. Пра гэта “Свабодзе” расказала жонка Ігара Дар’я Лосік, якая адвозіла мужу перадачу ў следчую турму Жодзіна.

«З матэрыяламі справы Ігар пачаў знаёміцца сёння, – сказала Дар’я. – Я дакладна не магу сказаць нічога больш, адвакат даў падпіску аб неразгалошванні, ён ня можа раскрыць падрабязнасці. Ня ведаю, як Ігар будзе вывучаць матэрыялы. Ці яму дадуць іх з сабой, ці гэта толькі ў прысутнасці адваката і следчага магчыма. Вядома дакладна толькі тое, што Ігар ужо ад сёння іх вывучае. Цяжка сказаць, колькі часу гэта зойме, калі магчымы суд. Паедзем да яго на пачатку наступнага тыдня яшчэ».

Пакуль вядома толькі тое, што Ігара абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Сярод іх артыкул 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Назва трэцяга артыкула абвінавачвання застаецца невядомай, бо адвакаты палітвязня далі падпіску аб неразгалошванні.

За кратамі Ігар Лосік знаходзіцца з 25 чэрвеня 2020 году. Ён двойчы абвяшчаў галадоўкі ў знак пратэсту супраць прад’яўлення новых абвінавачванняў. Агулам Ігар адмаўляўся ад ежы 46 дзён.

Крымінальны пераслед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансера-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэння грамадскага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» у той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер – звыш 400 тысяч).
Ігар Лосік актыўна асвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзідэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязнем.
15 снежня пасля выстаўлення другога абвінавачання Ігар Лосік абвясціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.
Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Поделиться ссылкой: