Хто зможа кіраваць арыштаванымі актывамі беларускага бізнесоўца Вараб’я ва Украіне?
Мікалай Варабей, Фота: TUT.BY

Нацыянальнае агенцтва Украіны ў пытаннях знаходжання, вышуку і кіравання актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА) абвясціла публічны конкурс для вызначэння юрыдычнай ці фізічнай асобы, якая зможа кіраваць арыштаванымі актывамі кампаніі «Прикарпатзахідтранс», кантрольны пакет акцый якой належыць беларускаму бізнесоўцу Мікалаю Вараб’ю.

Як паведамляе “Радыё Свабода”, конкурс абвясцілі пасля таго, як Вышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны пацвердзіў законнасць арышту актываў пасля разгляду скаргі ўласнікаў «Прикарпатзахідтрансу» – беларускага «Нафтабітумнага заводу» Мікалая Вараб’я (51 % акцый) і швейцарскай International Trading Partners AG Анатолія Шэфера (49%).

Ва ўмовах конкурсу пералічаны комплекс актываў, якімі давядзецца кіраваць новаму менеджэру: аб’екты нерухомасці, будынкі і збудаванні, тэхналагічныя аб’екты і лінейныя ўчасткі, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у забеспячэнні працы нафтаправоду, што праходзіць па тэрыторыях Закарпацкай, Львоўскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей.

У агенцтве ўдакладнілі, што ў конкурсе могуць удзельнічаць кампаніі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць дзейную ліцэнзію на права ажыццяўлення дзейнасці ў транспартаванні нафты або нафтапрадуктаў магістральным трубаправодам з адпаведным досведам у гэтай сферы ня менш як 5 гадоў.

Конкурс будзе трываць да 9 красавіка. Кожны ягоны ўдзельнік павінен таксама прапанаваць праграму кіравання арыштаванымі актывамі з прагназаванымі даходамі ад дзейнасці і адлічэннямі ў дзяржаўны бюджэт па месяцах, а таксама з гарантыямі забяспечваць гэтыя паказчыкі.

Да вызначэння пераможца конкурсу і падпісання адпаведнай дамовы за захаванне арыштаванай маёмасць адказвае дзяржаўная кампанія «Укртранснафта».

У сакавіку 2019 году беларускі бізнесовец унёс у статутны капітал кампаніі «Прикарпатзахідтранс» амаль 54 мільёны грыўняў (на той момант – амаль 2 мільёны долараў у эквіваленце).

Што папярэднічала

19 лютага Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны ўхваліла тэрміновыя захады для вяртання ў дзяржаўную ўласнасць магістральнага трубаправоду, якім карысталася кампанія «Прикарпатзахідтранс». Адначасова з гэтым уведзеныя санкцыі ў дачыненні да Віктара Медведчука, кума расейскага прэзідэнта, лідара фракцыі ў Вярхоўнай Радзе Украіны «Апазіцыйная платформа «За жыццё» і ягонай жонкі Аксаны Марчанкі.

Кампанія «Прикарпатзахідтранс» зарэгістраваная ў 2011 годзе. З дзяржаўнай уласнасці Украіны яе вывелі ў 2015 годзе. Тады суд пастанавіў перадаць усе актывы ў кіраванне расейскай «Транснефти». Неўзабаве пасля таго судовага рашэння расейская «Транснефть» прадала трубаправод швейцарскай International Trading Partners AG, якую завязваюць з атачэннем Віктара Медведчука.

Пасля продажу ў сакавіку 2019 году 51% акцый беларускаму бізнесоўцу Мікалаю Вараб’ю шэраг дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны заявілі, што ініцыююць перагляд судовых рашэнняў аб вывядзенні актываў кампаніі з дзяржаўнай уласнасці Украіны.

Сёлета 11 лютага Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны выставіла падазрэнне былому намесніку дырэктара Інстытута азотнай прамысловасці і прадуктаў арганічнага сінтэзу. На падставе ягонай экспертызы суд адмовіўся прызнаць права ўласнасці Украіны ў частцы нафтаправоду «Самара – Заходні кірунак». У выніку кантроль над часткай трубаправоду перайшоў да ТАА «Прикарпатзахідтранс», якое звязана з Медведчуком і беларускім бізнесоўцам Мікалаем Вараб’ём.

Украіна ня ўводзіла персанальныя санкцыі супраць Мікалая Вараб’я, але ў снежні 2020 году Нацыянальны банк Украіны адмовіў яму ў набыцці кантрольнага пакету акцый філіі казахстанскага «БТА Банку» ва Украіне. Падставай для адмовы сталі еўрапейскія санкцыі, уведзеныя супраць беларускага бізнесоўца.

Поделиться ссылкой: