Анжаліка Борыс. Фота: euroradio.fm
Анжаліка Борыс. Фота: euroradio.fm

Такога наскоку на гуртаванне палякаў у Беларусі, здаецца, раней не было. На 15 сутак асуджана старшыня не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліка Борыс. Праведзены ператрусы ў актывіста Анджэя Пачобута ў Гродне (ён жа і затрыманы). Праведзены вобыск у старшыні Ваўкавыскага аддзела СПБ Марыі Цішкоўскай і старшыні Лідскага аддзела СПБ Ірыны Бернацкай.

Крымінальная справа ўзбуджана Генеральнай пракуратурай супраць Анжалікі Борыс і групы асоб па частцы 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – “Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і розні па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай, і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, здзейсненыя групай асоб”.

Паводле інфармацыі распаўсюджанай тэлеграм-каналам Генеральнай пракуратуры, “з 2018 года па цяперашні час на тэрыторыі горада Гродна і іншых населеных пунктаў вобласці з прыцягненнем непаўнагадовых арганізавалі і правялі шэраг незаконных масавых мерапрыемстваў па ўшанаванні антысавецкіх бандфарміраванняў, працуючых падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, якія ўчынялі рабунак, забойствы мірнага насельніцтва Беларусі, знішчалі маёмасць. Іх учынкі пераследавалі мэты рэабілітацыі нацызму, апраўданне генацыду беларускага народа”.

Учора, 25 сакавіка, сілавікі з’явіліся ў польскай грамадскай школе і сядзібе Саюза палякаў у Гродне. Была канфіскавана аргтэхніка і тэлефоны.

Нагадаем, што Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак паводле артыкула 24.23 Адміністрацыйнага кодэкса “Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў”. Яе абвінавацілі ў арганізацыі і правядзенні свята “Казюкі”, якое штогод праводзіцца Саюзам палякаў побач з іх сядзібай.

Поделиться ссылкой: