Ганна Валадашчук
Ганна Валадашчук

Удава заснавальніка і цяперашні выдавец незалежнага выдання «Газета Слонімская» Ганна Валадашчук праходзіла сведкай па двух крымінальных артыкулах.

Ператрусы ў «Газеце Слонімскай» і ў кватэры яе выдаўца адбыліся 9 лістапада мінулага года. Тады з дома Ганны забралі два камп’ютары, sim-карты, флэш-накапляльнікі, з рэдакцыі – камп’ютары журналістаў, бухгалтэрыі і рэкламнага аддзела. Работа рэдакцыі была паралізавана, выхад газеты давялося прыпыніць.

Следчы, які дапытваў Ганну, патлумачыў, што ўзбуджана крымінальная справа па двух артыкулах – 188 і 369 за паклёп і абразу ў тэлеграм-канале «Слоним для жизни», а яна, маўляў, праходзіць па справе ў якасці сведкі.

– Праўда, ён тут жа намякнуў, што ад сведкі да падазраванага – паўкроку, – распавядае жанчына. – А таму мы з сынам адразу вырашылі з’ехаць, каб не рызыкаваць.

З’язджаць было няпроста, паколькі даводзілася пакідаць усё, што было зроблена за жыццё. Супрацоўнікаў газеты вымушаны былі адправіць у адпачынак без захавання заробку. Журналісты працягваюць толькі працаваць над аднаўленнем сайта.

Ганна Валадашчук і яе сын Яўген зараз знаходзяцца ў Польшчы.

Усю тэхніку вярнулі

Усю адабраную тэхніку, як расказаў мне адвакат Ганны Валадашчук, накіравалі на экспертызу ў Гродна. 12 лютага частку вярнулі, а астатнюю адправілі на экспертызу ў Мінск.

І вось нядаўна следчы сказаў даверанай асобе Валадашчук, што ў камп’ютарах нічога не знайшлі, што было б звязана са здзейсненым злачынствам. 19 сакавіка з Мінска вярнулі астатнюю тэхніку.

– Следчы сказаў, што мы можам вяртацца на радзіму і працягваць працаваць, – кажа спадарыня Ганна. – Але мы чакаем, пакуль з ім сустрэнецца наш адвакат і аб усім пагаворыць дэталёва, і толькі потым прымем рашэнне.

«Хвалюемся за нашага супрацоўніка»

22 сакавіка ў 11 гадзін уласны карэспандэнт «Газеты Слонімскай» у Мастах Язэп Палубятка пайшоў на допыт у міліцыю. Дамоў у гэты дзень ён не вярнуўся, а на наступны стала вядома, што ён у ізалятары. Ніякай больш падрабязнай інфармацыі нават родным міліцыя не прадаставіла.

Спадарыня Ганна кажа, што ўважліва назірае за падзеямі ў Беларусі і асабліва за арыштам іх карэспандэнта з Мастоў. Яна праводзіць паралель з тым, як разгортваліся падзеі ў газеце ў лістападзе: таксама забралі ўсю тэхніку, правялі ператрус і высунулі абвінавачанне, звязанае з тэлеграм-каналам.

– Сітуацыя амаль ідэнтычная, і гэта сведчыць аб пераследзе журналістаў «Газеты Слонімскай», – упэўнена мая суразмоўца.

Яшчэ адна дэталь, на якую звяртае ўвагу Валадашчук: Язэп Палубятка быў членам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), лідара якой Ігара Барысава днямі затрымалі і змясцілі ў турму.

– Улады імкнуцца закруціць усе магчымыя гайкі, – лічыць спадарыня Ганна.

Яна распавяла, што вельмі сумуе па Слоніме, па родных, блізкіх, па калектыве і па працы.

– Нам тут таксама няпроста, – прасіла перадаць Ганна ўсім, хто яе чакае, – але мы верым, што хутка зможам вярнуцца ў новую Беларусь.

Публікацыя – з № 23 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: