Вечарына ў Гомелі да 103-й гадавіны абвяшчэння БНР. Фота аўтара.
Вечарына ў Гомелі да 103-й гадавіны абвяшчэння БНР. Фота аўтара.

25 сакавіка ўранку многія жыхары Гомеля знайшлі ў сваіх паштовых скрынях ці то птушачкі, ці то мытылькі з бел-чырвона-белымі крыламі – сімвалы свабоды і незалежнасці. Хто іх распаўсюдзіў, высветліць не ўдалося.

Без БНР не было б БССР – свята незалежнасці ў Гомелі

У гэты ж дзень увечары ў грамадска-палітычным цэнтры Гомеля прайшла святочная вечарына, прысвечаная 103-й гадавіне абвяшчэння незалежнасці БНР.

Як зазначыў ва ўступным слове ініцыятар імпрэзы, старэйшы грамадскі актывіст і палітык Уладзімір Кацора, Беларуская Народная Рэспубліка стала заўважнай старонкай нашай гісторыі, дзякуючы якой праз гады Беларусь атрымала незалежнасць, не засталася шасцю абласцямі-губернямі ў складзе іншай краіны.

Без БНР не было б БССР – свята незалежнасці ў Гомелі
Вечарына ў Гомелі да 103-й гадавіны абвяшчэння БНР. Фота аўтара

Сцэнар вечарыны крыху змяніўся і не адпавядаў першапачатковай задуме. Гісторык-краязнаўца Валянціна Лебедзева з прычыны хваробы на COVID-19 не змагла прадставіць напісаную ёй кнігу пра Мітрафана Доўнар-Запольскага. Мітрафан Віктаравіч, які нарадзіўся ў Рэчыцы, займаўся даследаваннем вытокаў і станаўлення беларускай дзяржаўнасці, нацыянальнай і культурнай самабытнасці беларускага народа, а таксама быў адным з арганізатараў гандлю паміж УНБ і БНР праз Беларускую гандлёвую палату, праўда, на падставе бартэру.

Без БНР не было б БССР – свята незалежнасці ў Гомелі

Гісторык з Лоева Мікалай Анісавец прэзентаваў сваю кніжку пра Яўсея Канчара пад назовам “Архітэктар беларускай дзяржаўнасці”. Ураджэнец вёскі Сяўкі, што на Гомельшчыне, які сам пра сябе пісаў, што яго “ўсяленская нацыянальнасць – пралетарый”, меўся ствараць нацыянальную рэспубліку, якая знаходзілася б у складзе Расіі. Канчар як “абласнік” нават грошы прывез з Саўнаркама на правядзенне І Усебеларускага з’езда. Гэты прадстаўнічы форум прызнаў права беларускага народа на самавызначэнне і дэмакратычную форму праўлення, але быў разагнаны бальшавікамі на чале з начальнікам мінскага гарнізона Мікалаем Крывашэіным пры падтрымцы галоўнакамандуючага Заходнім фронтам Аляксандра Мяснікова (Мяснікяна).

21 лютага 1918 года, незадоўга да акупацыі Мінска немцамі, 1-й Статутнай граматай Выканкам Рады Усебеларускага з’езда абвясціў сябе ўладаю ў краі і стварыў Народны сакратарыят (урад). І ўжо 25 сакавіка, ва ўмовах немецкай акупацыі, 3-й Статутнай граматай Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай.

 

Без БНР не было б БССР – свята незалежнасці ў Гомелі
Фота аўтара

Падчас дыскусіі, якая адбылася пасля прэзентацыі кнігі, доктар гістарычных навук, прафесар ГДУ імя Францішка Скарыны Рыгор Лазько зазначыў, што беларуская нацыянальная эліта дзейнічала ў той час у рэчышчы еўрапейскага руху за права нацыі на самавызначэнне. Знаходзячыся ў страшэнных геапалітычных цісках, адданыя сыны нашай Балькаўшчыны не прамаўчалі, заявілі пра сваё бачанне беларускай будучыні як свабоднай дзяржавы. Бальшавікі заўважылі гэтую тэндэнцыю ў еўрапейскіх народаў і ў пэўным сэнсе спекулявалі ёй у межах сваёй разваліўшайся імперыі. Без БНР не было б і БССР.

Што да Яўсея Канчара, то, на думку прафесара Лазько, ролю яго ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці аўтар кніжкі “Архітэктар беларускай дзяржаўнасці” значна перабольшыў.

Прысутныя на вечарыне цікавіліся і стаўленнем навукоўца да бел-чырвона-белага сцяга, які, нібы Фенікс з попелу, паўстаў падчас мінулагодніх пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

“Гісторыя зрабіла нам цудоўны падарунак – пакінула бел-чырвона-белы нацыянальны сцяг. І замест таго, каб скіраваць энергію на стваральную працу, цяперашняя ўлада распачала барацьбу з гэтым сцягам”, – зазначыў прафесар Лазько.

Удзельнікі вечарыны змаглі атрымаць і раней надрукаваныя грамадскай выдавецкай групай кніжкі: ”Пакліканая Свабодай. Нарысы жыцця і дзейнасці Палуты Бадуновай” і “Адысея капітана БНР”.

А яшчэ – разам праспявалі паўстанцкую песню часоў БНР, дзе ёсць і такія словы:

У гушчарах, затканых iмглою,
Шэрым змрокам, на золку зару
Ахвяруем табе мы сабою
Кожны дзень, кожны час, Беларусь!

Поделиться ссылкой: