Аляксандр Пракапенка
Аляксандр Пракапенка

29 сакавіка, у дзень смерці вядомага беларускага футбаліста Аляксандра Пракапенкі, адбудзецца тэлевізійная прэм’ера фільма пра яго.

Нагадаем, што Аляксандр Пракапенка трагічна загінуў 19 сакавіка 1989 года.

«Я тады прыхварэла, сын Дзіма быў на канікулах у маіх бацькоў, – успамінае Наталля Пракапенка, жонка футбаліста, якая апошнім часам жыве ў Амерыцы. – Увечары выпіла таблеткі, раніцай прачнулася – мужа дома няма. І тэлефонны званок: «Саша памёр». Я адразу сястры Соф’і патэлефанавала, а таксама бацькам Сашы… Пайшла ў «Дынама», затым адправілася ў морг 9-й бальніцы. Памятаю: іду і адчыняю адны дзверы, другія, трэція… Ляжыць Саша. Прывезлі яго ўвечары… Маці Вольга Савельеўна адразу на калені…

Праз тры гады пахавалі і маму Сашы, яна таксама пайшла вельмі рана – у 65 гадоў. Крыху пазней памёр бацька і два браты мужа. Так што цяпер усе ляжаць у Бабруйску на адных могілках».

Зараз у Доме футбола адбылася вечарына памяці вядомага футбаліста. Аляксандр Пркапенка – бронзавы прызёр Алімпіяды-1980 у Маскве, чэмпіён СССР у складзе мінскага «Дынама», майстар спорту міжнароднага класа – памёр ўсяго ў 35 гадоў, але паспеў пакінуць значны след у гісторыі айчыннага футбола. Гэта быў сапраўдны Талент.

Адным з арганізатараў вечарыны стаў Дзмітрый Пракапенка – сын футбаліста. Таксама на сустрэчу прыехала Наталля Пракапенка, трэнеры Уладзімір Курнеў і Юрый Пудышаў

Да слова, у 2015 годзе ў Бабруйску адкрыты стадыён імя Аляксандра Пракапенкі, а ў 2016-м выйшла першая версія фільма «Аляксандр Пракапенка. Народны футбаліст». Напярэдадні быў прэзентаваны новы фільм, а яго тэлевізійная прэм’ера адбудзецца 29 сакавіка.

Таксама ў межах праекта па ўшанаванні памяці Аляксандра Пракапенкі павінна быць устаноўлена скульптурная кампазіцыя каля ўваходу на стадыён «Дынама».

Наколькі вядома, пакуль што праект і эскізнае рашэнне знаходзяцца на разглядзе ў камітэце архітэктуры Мінгарвыканкама і Міністэрстве спорту і турызму Беларусі.

Публікацыя – з № 23 газеты “Народная Воля”. Поўны выпуск газеты можна спампаваць па спасылцы.

Поделиться ссылкой: