Затрыманні па ўсёй краіне на Дзень Волі
Фота: Радыё Свабода

У Дзень Волі праваабаронцы пільна сочыць за грамадска-палітычнымі падзеямі ў Беларусі і працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу: прэвентыўныя затрыманні, “прафілактычныя гутаркі”, ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.

Гродна

  • У актывіста непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі Андрэя Пачобута быў праведзены ператрус, у межах крымінальнай справы за распальванне варожасці (арт. 130 Крымінальнага кодэкса).
    Затрыманага журналіста Андрэя Пачобута даставілі ў Цэнтральны апарат СК у Мінску, дзе адбыўся допыт. Ён затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы, піша “БАЖ”.
  • Генеральная пракуратура паведаміла, што ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да старшыні незарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў Анжалікі Борыс і іншых асоб па частцы 3 артыкула 130 КК Рэспублікі Беларусь (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай і іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб).
  • Сілавікі прыйшлі ў польскую грамадскую школу і сядзібу Саюзу палякаў Беларусі ў Горадні, паведаміла Інэса Тодрык-Пісальнік.
  • Прыйшлі дадому дырэктаркі грамадскай школкі пры Саюзе палякаў у Ваўкавыску Марыі Цішкоўскай. Пра гэта паведаміў тг-канал Белсата.
  • Прайшоў ператрус у кіраўніцы Лідскага аддялення Саюза палякаў у Беларусі Ірэны Бернацкай. Пасля ператрусу яе павезлі ў Мінск на допыт у Следчы камітэт. Ірэну пакінулі пад арыштам пасля допыту ў Следчым камітэце, перадае “Белсат”.
  • Адбыўся ператрус у рэдакцыі пры Саюзе палякаў у Беларусі. Забіраюць газеты «Głos znad Niemna» і часопісы «Magazyn Polski», кампʼютары і абсталяванне.
  • У вёсцы Лунна Мастоўскага раёна затрыманы мясцовы актывіст і краязнаўца 78-лётны Лявон Карповіч, перадае Hrodna.life. У яго над домам вісеў нацыянальны сцяг. А 19:15 стала вядома, што Лявон Карповіч вызвалены да суду. Заўтра ў Мастах пенсіянера будуць судзіць за пікетаванне.
  • Каля 15.00 два супрацоўнікі міліцыі прыйшла да Любові Сарлай. Яе адвезлі ў Кастрычніцкі РАУС для высвятлення інфармацыі па папярэдніх акцыях, распавяла яна Hrodna.life.
  • Актывісты паведамілі Hrodna.life пра затрыманне айцішніцы Ульяны Ляскевіч. Яна таксама актрыса самадзейнага тэатра “Турандот”.
  • У інтэрнаце ўніверсітэту а 9-й раніцы быў затрыманы Дзмітры Ярэніч.

Салігорск

  • Сёння раніцай у Салігорску супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы гарадскі актывіст Павал Батуеў. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Следчага камітэта РАУС г.Салігорска.
  • АМАП затрымаў дома ўдзельніка стачкаму “Беларуськалія” Дзмітрыя Аляксандравіча Караку. Таксама прайшлі вобшукі ў некаторых іншых страйкамаўцаў Беларуськалія.
  • Затрыманая гарадская актывістка Іна Гарадская.

Слуцк

  • Затрыманы жыхар Слуцка Андрэй Крот. Папярэдняя прычына затрымання — выявы “Пагоні” і бел-чырвона-белыя сняжынкі на вокнах. Ён знаходзіцца ў мясцовым РАУС.
  • Учора, 24 сакавіка, праз бела-чырвона-белы сцяг і “Пагоню” на прыватным участку быў затрыманы Уладзімір Кульбіцкі, вёска Лучнікі Слуцкага раёна.

Рэчыца

  • Сёння ў СК Рэчыцы выклікалі журналіста Андрэя Мядзведзева і праваабаронцу Валера Пуціцкага. Іх статус у позве не пазначаны. Можна меркаваць, што допыт звязаны з крымінальнай справай па ч.2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу. UPD: а 19.00 з імі па-ранейшаму няма сувязі.
  • З раніцы супрацоўнікі міліцыі дзяжурылі пад  пад’ездам Аляксандры Бахцінавай, калі яна выйшла з дому, села ў таксі і паехала да свайго адваката ў будынку ФСАН, яны пераследавалі яе на машыне. Ёй хацелі ўручыць позву на прафілактычную гутарку, яна адмовілася. Дзяўчына дачакалася адваката і ў яго прысутнасці адмовілася размаўляць з міліцыяй. Але сілавікі схапілі яе за руку і прымусілі праехаць у РАУС.

Віцебск

  • У Віцебску затрыманы вядомы апазіцыянер і дысідэнт Барыс Хамайда, піша “Белсат”. Ранкам 25 сакавіка ён выйшаў да легендарнага ў Віцебску «сіняга дому» ў цэнтры гораду на адзіночны пікет з выявай герба «Пагоня». Гэткім чынам хацеў павіншаваць віцяблян з Днём Волі. Ужо праз некалькі хвілін да яго падышлі людзі ў форме МУС. Зараз Барыс Хамайда знаходзіцца ў Чыгуначным РАУС Віцебску.

Магілёў

  • Магілёўскі праваабаронца і актывіст Аляксандр Хамратаў паведаміў, што яго затрымліваюць супрацоўнікі міліцыі ў масках. Падрабязнасцяў затрымання няма, перадае MAYDAY.
  • У Магілёве затрымалі Віктара Шаўцова.
  • Магілёўца Арцёма Кармазіна забралі з працы людзі ў форме АМАП у балаклавах, паведамляе MAYDAY. У дадзены момант яго месцазнаходжанне невядома. У райаддзелах міліцыі Магілёва заяўляюць, што такога чалавека ў іх няма.
  • У горадзе затрыманая Вольга Захарава. Паводле інфармацыі крыніцы MAYDAY, яна патэлефанавала сваёй непаўналетняй дачцэ а 18:26 і сказала, што яе затрымалі.

Брэст

  • Вядомы сваёй БЧБ-прычоскай жыхар Берасця Андрэй Прыстаўка паведаміў, што яго затрымалі: “ А мяне зноў вязуць на 13 содняў, якія я ўжо адсядзеў…” – паспеў напісаць ён у тэлеграме. Пазней стала вядома, што перад Андрэем выбачыліся і адпусцілі.
  • На выхадзе з дому затрымалі журналістаў-фрылансераў Мілану Харытонаву і Алеся Ляўчука. Іх збіраюцца везці ў Маскоўскі РАУС, паведамляе “Белсат”. У Міланы ёсць няпоўнагадовая дачка. Увечары іх адпусцілі на волю. У іх забралі тэлефоны. Пратаколы не складалі.

Вілейка

  • Чытачы з Вілейкі паведамляюць, што ў цэнтры горада міліцыя затрымала вілейчука Андрэя Кудзіка.

Горкі

  • Праз камэнтар на суддзю, які караў пратэстоўцаў  да трох чалавек у Горках прыйшлі з ператрусамі і забралі тэхніку. Зняважлівыя выказваньні у адрас судзьдзі Горацкага суду Аляксандра Зайцава нібыта з’явіліся ў сацыяльных сетках. Пад падазрэньне трапілі актывісты, якіх затрымлівалі за ўдзел у леташніх пратэставых акцыях.
  • У Андрэя Юркова, Наталлі Даронінай і Ларысы Самсонавай у межах крымінальнай справы забралі тэлефоны, кампутары, носьбіты інфармацыі, а таксама фотаапарат, паведамляе “Радыё Свабода-Беларусь”.

Міёры

  • Затрыманая Наталля Іванаўна Радос.

Ляхавічы

  • У Ляхавічах Берасцейскай вобласці затрымалі мужчынаў: Анатоля Куліка, Генадзя Вішнеўскага, Вадзіма Булатага, Віктара Лойку, Сяргея Шэстака, Андрэя Банкевіча, Яўгена Нікуліна, Віталь Чарняўскі. Анатоль Кулік не так даўно перанёс інсульт. Генадзь Вішнеўскі — пенсіянер. Анатоля Куліка і Генадзя Вішнеўскага выпусцілі з РАУС у Ляхавічах. Аднак там застаюцца астанія затрыманыя.

Гомель

  • У Гомлі затрыманы актывіст Ігар Краўчанка, які нядаўна адседзеў 30 сутак за фотаздымак з БЧБ-сцягам. Таксама затрыманы актывіст Ілля Міронаў.

Маладзечна

  • У горадзе затрымалі маладзечанцаў Яўгена Радзівілку і жонку палітвязня Паўла Пяскова Вераніку Французаву.
  • Дзесяць футбольных фанатаў затрымалі ў Маладзечне за пратэсты ў жніўні, піша прэс-служба МУС. Яны прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе аб арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзеле ў іх (артыкул 342 КК). Усе затрыманыя знаходзяцца ў ІЧУ.
  • Затрыманы Аляксандр Зуеўскі. А 18-й гадзіне ў яго кватэры прайшоў вобшук. Сам Аляксандр цяпер знаходзіцца ў РАУС.

Крупкі

  • У Крупках затрымалі 61-гадовага пенсіянера Васіля Лапаціна. Прайшоў дзвесці метраў з БЧБ-сцягам на плячах. Пад’ехаў бус: выскачыла каля пяці міліцыянтаў. Не прадстаўляліся. Двое падхапілі пад рукі, хутка павялі ў бус. Даставілі ў РАУС і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Адпусцілі і сказалі, што заўтра суд.

Смалявічы

  • У Смалявічах затрымалі Целяша Глеба 1973 года нараджэння. Затрымалі днём як раней затрыманага па 23.34 КаАП для размовы з кіраўніцтвам РАУС. Яго трымалі да 19 гадзін і адпусцілі без папер.

Бабруйск

  • У Бабруйску затрымалі Сяргея Бяляева і Уладзіміра Міхалапа.

Поделиться ссылкой: